Так атрымалася, што напярэдадні ўвечары мой добры знаёмы фатограф-анімаліст Уладзімір Далінін прыслаў мне здымак і каардынаты месцазнаходжання шэрай кугакаўкі (Strix aluco) рыжай морфы, якую ён знайшоў ў дупле на беразе Нёмана, а на наступны дзень пасля працяглага шэрагу пахмурных і цёмных дзён выйшла сонца. І я вырашыў не чакаць і пасля абеду вырушыў на пошукі савы са спадзяваннем на тое, што яна ўсё яшчэ будзе на месцы.
Пасля блытаніны наконт правільнага паварота да ракі і параўнальна доўгага шпацыру, я нарэшце нечакана хутка знайшоў саву - яна сапраўды амаль адкрыта адпачывала ў высокім дупле ў не вельмі старой, але высокай вольсе. Дзякуючы таму, што дрэва было ў доўгім і параўнальна глыбокім яру, які цягнуўся амаль да ракі, я, стоячы амаль насупраць дрэва з савой 'на беразе' яра быў не нашмат ніжэй за птушку.. Час ад часу выходзіла і зноў хавалася ў няшчыльных аблоках сонейка, сава нікуды не хавалася і я стаў здымаць яе ў розных ракурсах. Адлегласць паміж намі дазваляла ёй не хвалявацца за сваю бяспеку, а мне не трэба было нават спрабаваць падыходзіць бліжэй, каб атрымаць кадр з партрэтамі савы. Ды гэта нават тэарэтычна было б цяжка зрабіць - спускаючыся ў яр, я б па меры набліжэння да дрэва з савой спускаўся б усё ніжэй і такі ніжні ракурс нават з бліжэйшай адлегласці не меў ніякага сэнсу. Да таго ж было невядома, на якую адлегласць падпусціла б мяне сава, не адляцеўшы.
Даволі хутка ўсе магчымыя ракурсы былі зроблены і я стаў думаць - што рабіць далей? Сава не меняла свайго становішча ў дупле, толькі час ад часу больш прымружвала ці расплюшчала вочы і паварочвала павольна туды-сюды вялікую галаву. І тут я заўважыў нейкі рэзкі рух на тым дрэве! Я падняў камеру і калі навёў яе ў патрэбнае месца, убачыў ...вавёрку!
Яна як раз зазірала ў дупло. Але дупло было пустое! Я раздасадавана падумаў, што сава або ўжо паспела схавацца ў дупле, альбо неяк непрыкметна адляцела. Але вавёрка палезла вышэй па ствалу і я хутка зразумеў, што гэта было не тое дупло, пра якое я думаў. Бо сава была на месцы і нават не варухнулася і не паглядзела на рухі вавёркі, толькі значна больш расплюшчыла вочы. А вавёрка з бяспечнай адлегласці спачатку прыглядзелася, а потым панюхала саву і вырашыла не звязвацца) Скочыла на бакавыя галінкі і потым паступова знікла, пераскокваючы ўсё далей ад савінага дрэва і бліжэй да ракі.
Пра такі 'экшн' я нават не мог марыць, таму паспеў зрабіць толькі два здымкі. Яшчэ зрабіў кароткае відэа з кугакаўкай і мог з прыўзнятым настроі вяртацца дадому.
Бераг Нёмана каля Гродна, 09-02-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 18.02.2023 - 19:11
Неверагодны здымак з…
Неверагодны здымак з вавёркай! І сава сонечная шыкоўна! Віншую, Дзьмітры!
Harrier - 19.02.2023 - 00:04
Шчыры дзякуй, Мікалай!
Шчыры дзякуй, Мікалай!