Дакументацыйныя здымкі
'Сезон грэцкіх арэхаў' хутка раскручваецца і ў адпаведным месцы можна пачуць стук ад арэха, выпушчанага граком ці шэрай варонай на асфальт, прыкладна кожныя 10-15 хвілін. А яшчэ часцей убачыць, як яны або пераносяць арэхі ў дзюбе, або закапваюць - прыхоўваюць іх 'на горшы дзень'.
Я спускаўся да Нёмана з самага верху высокага берага і перад чарговай лесвіцай трэба было перайсці праз дарогу, каб спусціцца яшчэ ніжэй. І тут зусім недалёка перада мной села на асфальт і нешта пачала падымаць з яго дзюбай і есці вялікая сініца (Parus major). Што гэта - было небачна, але дапамагла машына, якая вымусіла сініцу адляцець і потым зноў вярнуцца на тое ж месца. З-за таго, што яно было пры 'паліцэйскім', пазначаным жоўтай фарбай, я запомніў дзе гэта і калі наступнае аўто зноў вымусіла сініцу адляцець, а разам з ёй і палявога вераб'я (Passer montanus) які зацікавіўся знаходкай сінічкі і прыляцеў ёй на дапамогу), знайсці што менавіта там ела птушка было нецяжка. І гэта аказаўся моцна раздаўлены грэцкі арэх, які расплюшчылі ў тонкі блін з аскепкамі шкарлупіння машыны.
Здзівіўшыся спрыту гэтай сінічкі я спусціўся па лесвіцы за дарогай у невялікі скверык і там ўбачыў яшчэ некалькі вялікіх сініц, якія шукалі ежу на невысокіх кустах, на туях ... і на плітцы. І менавіта гэтыя апошнія здзівілі мяне яшчэ раз - яны зазіралі ў палавінкі шкарлупіння ад ужо раскрытых і з'едзеных грэцкіх арэхаў, а калі ўбачылі, што там пуста, адляцелі. Але такая праверка напэўна раней прыводзіла да поспеху, бо часам гракі ці вароны не могуць дастаць усе кавалкі арэху і нешта застаецца і такім вось сінічкам. А калі яны будуць правяраць шкарлупінне і далей, то раней ці пазней нешта зноў у ім знойдуць.
Гродна, 01-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ