Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хутчэй за ўсё з-за сонечнага і жаркага лета чорная бузіна на многіх кустах паспела ўжо на прыканцы ліпеня і ў пачатку жніжня, што значна раней, чым у папярэднія гады. І праходзячы побач з некалькімі яе кустамі на набярэжнай Нёмана, я стаў назіраць калі і які від першым пачне есці чорныя ягады.
Доўга чакаць не спатрэбілася і ўжо 9 жніўня я адзначыў 2 палявых вераб'ёў (Passer montanus) на адной з гронак бузіны, а потым у сярэдзіне таго ж куста пачуў выразнае патрэскванне і ўбачыў, як пасля праглынання адной ягады там схавалася шэрая леска (Sylvia communis). Здавалася б, `сезон адкрыты` і можна пачынаць есці ягады ўсім, хто быў заўважаны за гэтым заняткам у мінулыя гады: звычайным і рудахвосткам-чарнушкам, шэрым лескам, лескам-чарнагалоўкам і завірушкам, вераб'ям, шпакам і нават шэрым варонам. Але наступных птушак на прызыўна бліскучых чорнымі ягадамі гронках я заўважыў тoлькі амаль праз тыдзень. І як ні дзіўна, гэта зноў былі ...вераб'і!
У гэты раз на розныя кусты прыляцела чародка з некалькіх птушак і яны сталі высмоктваць сок з ягад, адрываючы іх па адной і выціскаючы іх моцнай дзюбай:
Тое, што вераб'і не праглынаюь ягады бузіны, а менавіта п'юць толькі сок з іх, я ведаў і бачыў і раней. Як і тое, што дарослыя птушкі робяць гэта на вачах у маладых і маладыя бачаць што гэтыя ягады можна 'есці' і як гэта рабіць. Таму, хаця і не ведаючы наколькі крэўныя вераб'і адна аднаму ў гэтых малых групах, называю гэта 'сямейным навучаннем'. А ў гэты раз мне пашанцавала назіраць і магчымасць групавога навучання ў вераб'ёў, бо як есці бузіну маглі бачыць і капіраваць паводзіны іншых адразу некалькі птушак. І як аказалася потым пад час прагляду здымкаў і відэа, нават вераб'і абодвух нашых відаў: і палявыя, і дамовыя (P. domesticus)! Таму, тэарэтычна, на працягу некалькіх хвілін на кустах бузіны магло адбывацца сямейнае, групавое і нават міжвідавое навучанне.
Гродна. 09 і 14-08-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ