Хаця кожная вясна розная, але як толькі на нахіленых ад Нёмана берагах дзьмухаўцы пачынаюць мяняць свой колер з жоўтага на белы, там жа з'яўляюцца і птушкі, якія харчуюцца яшчэ не да канца даспелым насеннем. Першымі пачалі прылятаць пачаставацца ім канаплянкі (Acanthis cannabina), а ўжо за імі і чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis).
У адрозненне ад канаплянак (якія ядуць насенне і парамі, і ў невялікіх групах), шчыгелаў я пакуль што бачу толькі ў парах. Яны больш асцярожныя за канаплянак, але калі галодныя, не адлятаюць адразу, а пералятаюць на некалькі метраў і там зноў хутка вылушчваюць насенне дзьмухаўцоў. Калі не вельмі галодныя, адлятаюць і праз непрацяглы час вяртаюцца прыкладна на тое ж месца. Ну а калі ўжо пад'елі, то могуць пераляцець і на іншы бераг ракі.
Вясна сёлета больш цёплая і таму дзьмухаўцоў, якія ўжо адквітнелі і можна есці іх яшчэ нераскрытыя парашуцікі, параўнальна шмат. Можа таму і шчыгелам няма сэнсу злятацца ў адно месца, каб пад'есці?
Гродна, 19 і 22-04-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ