Нёман у Свіслачы: новая пойма, новыя ўражаньні

 

 

У мінулую сераду мы ўтрох: Андрэй Храмогін, Сяргей Саковіч і я выбраліся праверыць міграцыю на новым вадасховішчы, якое ўтварылася пасьля пабудовы т.зв. Гродзенскай ГЭС. Забягаючы магчыма нават на некалькі гадоў наперад, хачу сказаць, што гэта напэўна адзіны добры для птушак і іншых дзікіх істотаў вынік гэтай будоўлі.

Ранейшыя здымкі для параўнаньня з тых жа мясьцінаў можна паглядзець тут:

Наша Сьвіслач

Дык вось, у сераду мы вырашылі прайсьці ўздоўж насыпанай углыб пашыранай поймы дамбы, дарэчы, адной з некалькіх. На самым пачатку мы былі прыемна ўражаныя пастаянным пралётам кнігавак, якія то ляцелі над вадой непасрэдна ў заходнім кірунку, то прыпыняліся на нейкі час на берагах-палетках. Групы кулікоў былі розныя – ад некалькіх да прыкладна 150 птушак, аднак ляцелі яны даволі рэгулярна праз усе 4,5 гадзіны нашага знаходжаньня там.

 

Асабліва прыгожа і даволі незвычайна кнігаўкі выглядалі невысока над вадой – прыгожыя і выразныя бела-чорныя птушкі,з шырлкімі і закрыгленымі на канцах крыламі. Бо неяк даўно прызвычаіўшыся бачыць іх выключна на лугах-палях, назіраць іх у водным асяроддзі ў далечыні ад зямлі было дзіўнавата. У адной з групаў з сотні кнігавак на чале ляцелі каля 10 баталёнаў, якіх мы вызначылі не адразу. Яшчэадзін баталён адпачываў і нават час ад часу засыпаў м у 10 ад нашай машыны на краю дамбы, аднак добрыя здымкі яго зрабіць не было чым – Сяргей здымаў птушак толькі праз трубу, а мой “суперзум” застаўся ў Чэхіі…

Іншыя прыемныя, але даволі незвычайныя ўражаньні мы атрымалі ад назіраньняў за пралётнымі вялікімі і малымі коўрамі. Іх групкі былі нешматлікімі, па 2-5 птушак, але ўбачыць коўраў у палёце даводзіцца не часта: для вялікіх гэта быў мой другі ў жыцьці выпадак, а для малых – першы! Малыя коўры ляцелі, часта махаючы маленькімі і акруглымі крыльцамі над самай вадой. Зразумела, што хуткасьць іх палёту была вельмі нізкай, хаця, здавалася, што яны выкладваюцца напоўніцу. Вось тройка птушак разбілася на двойку і адсталую коўру, аднак першыя птушкі хутка прывадніліся і да іх далучылася адсталая сяброўка. Гледзячы на гэты палёт адразу падумалася, што коўры павінны быць начнымі мігрантамі, бо ўдзень уцячы ў паветры ад драпежніка ім наўрацьці ўдалося б.

Яшчэ адзін надзвычай цікавы эпізод жыцьця птушак у прыродзе мы ўбачылі над супрацьлеглым берагам. Хмарка галубоў зьбілася ў кучу і падымалася ў верх. Мы з Андрэем, назіраючы за імі ў біноклі адразу западозрылі нешта нечаканае. І сапраўды – некаторыя з галубоў пачалі вертыкальна ўніз падаць як каменьчыкі, а зправа за німі (?) сьпікіраваў большы востракрылы і смуклы сілуэт вялікага сокала. Падарожнік паляваў на галубоў, якіх,напэўна, ўзняў з прылеглых да вадасховішча палёў! Галубы ведалі, што не можна даць яму апынуцца значна вышэй за іх, бо за гэтым пасьледуе імклівая атака. Аднак некаторыя, напэўна, не вытрымалі і пачалі аддзяляцца ад групы, падаючы да … Недзе бліжэйда самай вады мы зноў на секунду ўбачылі падарожніка, але ён застаўся ў гэты раз без здабычы. Ўсё гэта адбывалася на нашых вачах, узмоцненых біноклямі, але так хутка, што Сяргей не пасьпеў знайсьці птушак у свій бінокль і прапусьціў новы для сябе від…

Тое, што драпежнікі тут не рэдкія госьці, сьведчылі старыя парэшткі чайкі-рыбачкі і больш свежыя нейкай качкі-чыркі (?), аб’едзенай ў характэрны для вялікіх драпежных птушак спосаб.

Акрамя канюхоў, якія таксама ляцелі на зімоўку, над вадой мы ўбачылі маладога балотнага луня і самку палявога (!) – такое я, як і мае спадарожнікі, таксама бачыў упершыню.

Мой сабачка Браўн выпадкова прычыніўся да яшчэ аднаго адкрыцьця. Ён заўсёды бегае недзе наперадзе, але калі мы з з краю дамбы пачулі “плюх!”, то былі ўпэўненыя, што гэта Браўн зваліўся ў ваду. Але праз непарцяглы час на вадзе паказалася даволі вялікая і акруглая галава, зусім не падобная да Браўна. Да таго ж яна плыла не да берагу, а ў адваротны бок! Бобр – ужо не сумневаліся мы. Бобр таксама нас заўважыў, стукгнуў па вадзе хвастом і больш мы яго ўжо не бачылі…

Чартапалох калючы выглядае як сукулент

З іншых цікавых назіраньняў не-птушак трэба адзначыць павука-аргіопу, вакол якога віселі параўнальна вялікія коканы (яго?), трошкі аплеценыя павуціьнем:

З супрацьлеглага боку ракі, бліжэй да Сьвіслачы каля дарогі паказалася ліса з шэрым замест рыжага хвастом. Спачатку яна пабегла бліжэй да ракі, аднак хутка мы ўбачылі яе зноў – яна … ляжала на дарозе і грэлася на сонейку, прыняўшы даволі дзіўную позу, а праз нейкі час памяняла месца для загару і ляжала ўжо на баку:

 

Вядома, што пасьля назіраньня тут малага баклана ў пачатку верасьня, мы падсьвядома былі гатовы ўбачыць яго зноў. Усе бакланы, якія ляцелі або сядзелі былі патэнцыйна малымі, але, на жаль, імі не з’яўляліся…

Акрамя зязюлі, даволі вялікай колькасці вясковых ластавак і чаек-рыбачак, нам яшчэ атрымалася ўбачыць пяцёрку шэрых гусяў. Прыемнымі былі таксама дзесяткі вялікіх белых чапляў і трошкі меншая колькасць шэрых. Выправа атрымалася, умацніўшы надзею на іншыя цікавыя назіраньні ў гэтых месцах. Хутчэй за ўсё тут мы і сустрэнем Сусьветныя восеньскія дні назіраньняў птушак у першую нядзелю кастрычніка.

Дарога ўходзіць пад воду з двух супрацьлеглых берагоў на адлегласьці каля 3 км. Можа гэта тая ж дарога?

Здымкі і відэа Сяргея Саковіча

 

Фотаздымкі

Каментары

Думаю, што новага і цікавага будзе там усё больш - па меры таго, як больш птушак адкрыюць для сябе гэтае месца, а берагі пакрыюцца расліннасьцю і змогуць прыцягнуць іх не толькі на міграцыі, але і на гнездаваньні.

 На жаль, плыткіх участкаў тут няшмат. Да таго ж наўрацьці яны адпавядаюць цяпер ці ў бліжэйшай будучыні будуць адпавядаць большасьці кулікоў. Бо "новая пойма" утварылася толькі ў жніўні. А безхрыбетныя для іх павінны ў ёй нейкім чынам з'явіцца ды яшчэ распаўсюдзіцца-размножыцца.