Зебравыя амадзіны (Taeniopygia guttata) у доследах прадэманстравалі складаныя паводзіны пад час выбару партнёра, якія падобныя на закаханасць у людзей. Аднак эвалюцыйны сэнс падобных паводзін не заўсёды зразумелы.
Ці не з’яўляюцца падобныя складаныя і параўнальна працяглыя рытуалы выбару партнёра стратай энергіі і часу? Новае даследаванне нямецкіх навукоўцаў, апублікаванае ў адкрытым доступе ў часопісе PLOS Biology, дапамагае зразумець магчымыя прычыны.
Каб вывучаць і аналізаваць паводзіны, якія стаяць за закаханнем, патрэбна параўнальна шмат часу і, ў выпадку чалавека, існуюць сур’ёзныя этычныя абмежаванні ў правядзенні адпаведных эксперыментаў. Аднак даследчыкі прыдумалі вельмі элегантныя доследы, якія дазволілі ім літаральна “прэпараваць” следствы выбару партнёра ў зебравых амадзін.
Найперш навукоўцы выкарысталі тое, што зебравыя амадзіны (аўстралійскі від птушак, які часта трымаюць у клетках) маюць многія падобныя да чалавечых рытуалы пад час выбару партнёра. Падобна да многіх людзей, амадзіны - манагамны від, які выбірае партнёра на ўсё жыццё. Выбар самак цяжка прадугледзець - настолькі ён індывідуальны.
Выкарыстоўваючы 160 птушак, аўтары артыкулу правялі для птушак “сесію знаёмстваў”, ствараючы групы з 20 самак, якія павінны былі выбраць сабе партнераў сярод 20 самцоў. Пасля таго, як пары ствараліся, палове з іх было дазволена спарвацца і заставацца парамі. Для іншай паловы даследчыкі прымусова разлучалі птушак у кожнай пары і адвольна застаўлялі з любым партнёрам іншага полу з “расколатых” параў.
Пасля гэтага усе пары пакідалі размнажацца ў авіарыі, дзе ацэньваліся паводзіны птушак, колькасць незаплодненых яек, колькасць і бацькоўства памерлых эмбрыёнаў, мёртвых птушанят і долі выжылых.
У рэшце рэшт, канчатковая колькасць выляцелых у пар птушанят была на 37% большай у дабраахвотна створаных сямей у параўнанні з прымусова створанымі. Акрамя гэтага, у гнёздах прымусова створаных пар было ў тры разы больш незаплодненых яек, нашмат большая колькасць былі страчаныя ці ненаседжваліся, больш птушанят загінула пасля вылуплення, хаця долі эмбрыянальнай смяротнасці былі аднолькавымі (апошняе залежыць ад генатыпаў бацькоў, а не ад іх паводзін). Большасць птушанят загінулі ў першыя 48 гадзін свайго жыцця – ў найбольш крытычны перыяд для бацькоўскага дагляду, які недабраахвотныя пары нашмат менш ахвяравалі свайму патомству.
Паводле аналізу назіранняў паводзін птушак з абодвух груп атрымалася, што хаця невыбраныя самкамі самцы з прымусовых пар праяўлялі столькі ж увагі да сваіх партнёрак, як і выбраныя самцы ў першай групе, аднак самкі з другой (прымусовай) групы адказвалі менш прыхільна на такія залёты і стараліся капуліраваць менш часта. Таксама ў птушак з прымусована створаных пар быў адзначаны меншы ўзровень вернасці, цікава, што частата спробаў здрадзіць партнёру павялічвалася з часам у самцоў з такіх пар, і змяншалася ў самак.
Агульныя высновы да якіх прыйшлі даследчыкі ў тым, што некаторыя птушкі вельмі індывідуальна выбіраюць партнёра такім чынам, што яго паводзіны (ці сігналы) стымулююць у іх жаданне працягваць спробы ўтварыць пару, якія не заўсёды могуць такім жа чынам успрымацца або інтэрпрэтавацца іншым назіральнікам. Гэтыя сігналы стымулююць самак не толькі павялічыць поспех капуляцый, але таксама павялічваюць скіраванасць паводзін на дагляд птушанят. У выніку гэта максімальна павялічвае імавернасць перадачы сваіх генаў праз патомкаў.
Крыніца:
Ihle M, Kempenaers B, Forstmeier W (2015) Fitness Benefits of Mate Choice for Compatibility in a Socially Monogamous Species. PLoS Biol 13(9): e1002248. doi:10.1371/journal.pbio.1002248
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.tumblr.com
На гэтую тэму:
Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў
У птушак адкрыты “ген Казановы”
Малодшае птушанё найбольш цікаўнае?Знойдзена самая сексуальная птушка ў Свеце
Канфлікт палоў і яго незвычайнае рашэнне ў качак
Кветкі і салодкія прысмакі прыцягваюць самак
Мой шалаш – мая крэпасцьРазумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак
КАМЕНТАРЫ