Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Вясковыя ластаўкі і іх найлепшая прысада

вясковая ластаўка

Хаця пасля вылету з гнязда маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) ужо даволі няблага лятаюць, аднак іх яшчэ некалькі дзён працягваюць карміць бацькі і першыя 3-4 дні робяць гэта не ў паветры, як пазней, а калі злёткі сядзяць на нейкай прысадзе. Што і магчыма чаму выбірае моладзь ластавак, каб чакаць ежу ад бацькоў, я падрабязна пісаў ТУТ. Але ў гэты своеасаблівы агляд не трапіла самая надзейная і зручная прысада як для маладых птушак, так і для дарослых - агароджа набярэжнай. 

Вядома, што ў любой прысады ёсць свае плюсы, і свае мінусы. І плюсаў у металічнай агароджы шмат: яна стаіць у патрэбным ластаўкам месцы - паміж іх былымі гнёздамі і ракой на беразе. Тут шмат насякомых розных памераў, а значыць іх не толькі там лёгка налавіць, але і не трэба далёка насіць птушанятам. Агароджа адкрытая з усіх бакоў і забяспечвае добры агляд, дзякуючы якому не толькі лёгка загадзя ўбачыць патэнцыйныя небяспекі і адляцець у любым кірунку, але і бацькі здалёк бачаць дзе іх чакаюць патомкі. Поручні агароджы не качае вецер, яны устойлівыя і параўнальна шырокія, таму на іх зручна сядзець. Яны цягнуцца ўздоўж берага на вялікую адлегласць, таму можна выбраць адпаведнае месца дзе сядзець на іх нават вялкай колькасці ластавак.

І як аказалася дзякуючы назіранням за гэтым вывадкам, на поручнях агароджы дарослыя могуць перадаваць ежу моладзі з дзюбы ў дзюбу не ў паветры, а седзячы побач! Гэта можа быць асабліва важна ў першыя гадзіны пасля вылету маладых птушак з гнязда, калі яны яшчэ не вельмі добра разумеюць як адбываецца перадача камяка насякомых ад бацькоў ім менавіта з паветра. Ну і нечаканым для мяне стала тое, што некаторыя бацькі могуць седзячы на поручні настойліва, раз за разам прапаноўвываць узяць ежу нават тым птушанятам, якія ў гэты момант па нейкіх прычынах не гатовы да гэтага - гл. апошнія здымкі)

На жаль, мінусы ў такой зручнай прысады таксама ёсць,. Іх два, і яны звязаныя адзін з адным: агароджа невысокая і адгарожвае шырокі ходнік = набярэжную, ад непасрэдна берага і вады. Таму тут быае шмат пешаходаў і раварыстаў = людзей. І дарослым птушкам час ад часу ў першыя дні трэба трывожна крычаць пры набліжэнні да птушанят любога чалавека, а потым моладзь і сама ведае, што трэба зляцець і сесці на поручань зноў толькі калі небяспека міне.

І вось зусім нечакана для мяне каля тыдня таму, на прыканцы ліпеня, гэтую праблему арыгінальна вырашыў другі ў гэтым сезоне вывадак з 5 маладых ластавак. Яны нядаўна выляцелі з гнязда і ў якасці прысады выбралі агароджу набярэжнай. Але не зусім яе, а поручні лесвіцы, якая вядзе з набярэжнай да вады. Поручні лесвіцы заканчаюцца прыкладна ў 5-6 метрах і знаходзяцца там ніжэй прыкладна на метр за ўзровень ходніка. Дзякуючы такому распалажэнню, на ластавак там не звярталі ўвагі людзі, праходзілі яны на бяспечнай ад птушанят адлегласці і таму ластаўкам не прыходзілася раз за разам узлятаць. Так птушкі і сядзелі там як мінімум двое першых сутак і яшчэ наступную раніцу - я бачыў іх штораз на тым самым месцы зранку і ўвечары, ды і на карысць іх добрага выбару прысады сведчылі шматлікія белыя сляды ад памёта)

Ну а потым неабходнасць у падобнай прысадзе для птушанят пэўна знікла і яны пачалі лятаць насустрач ці за бацькамі, каб атрымаць порцыю ежы ў паветры.

Гродна, 20-06-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі