Як Чэмпіёны з "Рэдкай птушкі" ўсіх абагналі: падрабязнае інтэрв'ю

Назву каманды-сёлетняга чэмпіёну і нават яе склад ведаюць многія – калі не ўсе – нашы чытачы. Аднак хацелася б больш даведацца пра гісторыю яе стварэння, стратэгію і тактыку сёлетняга выступлення і ўражанні ад цікавых сустрэч. Ну і пра планы каманды-чэмпіёна на будучыню. Усё гэта – ў інтэрв’ю з Ірынай Самусенка, якая “аддуваецца” за ўсю каманду “Rara Avis”:

Ты раней была чальцом Журы пад час Чэмпіянатаў. Калі і як з’явілася жаданне паўдзельнічаць у гонках?

Назіраць за ходам гонкі з офіса АПБ таксама вельмі захапляльна. Першыя чэмпіянаты, калі я была ў складзе Журы, прымала паведамленні ад удзельнікаў, правярала іх чэк-лісты, то й хвалявалася разам з імі. Не буду ўтойваць, былі і каманды-любімчыкі, дзе выступалі мае блізкія сябры, за якімі я сачыла больш уважліва. Але, як правіла, такіх заўсёды было шмат, і гэта ўплывала толькі на асабістыя эмоцыі, а ніяк не на рашэнне Журы.

Вось гэтыя станоўчыя эмоцыі нават ад «пасіўнага» удзелу ў гонцы і падштурхнулі мяне прызадумацца аб удзеле, паспрабаваць свае сілы ў полі. Бо я, канешне, адчувала, што мае прафесійныя навыкі зусім не гарантыя поспеху ў гэтых спаборніцтвах. BirdRace - гэта і сапраўды хутчэй спорт, тут павінны сыйсціся шмат акалічнасцяў. Важныя не толькі добрыя веды птушак, іх выгляду, паводзінаў, галасоў, але ж і спецыяльная падрыхтоўка для дасягнення максімальнага выніку, на які ты толькі здольны, у гэтым спецыфічным спаборніцтве. Напрыклад, падрабязнае планаванне маршрута з улікам часу назірання розных відаў/груп птушак у патэнцыйна прывабных для іх месцах можа паспрыяць добраму выступу. Калі вы плануецце насамрэч памерацца сіламі з дасведчанымі бёрдучарамі, паджадана добра ведаць тэрыторыю, на якой вы будзеце ганяцца за птушкамі. Для дасягнення максімальнага выніку не перашкодзіць праверыць напярэдадні «казырныя» назіральныя кропкі, бо восеньскія птушкі звычайна не прыпыняюцца доўга на адных і тых жа месцах падчас вандровак, склад наведвальнікаў нават супер біятопаў пастаянна мяняецца. Ну, і безумоўна, простае шанцаванне таксама важнае!

LOSK

Дзяўчыны з LOSK

І вось пяць гадоў таму я рашылася першы раз узяць удзел у спаборніцтвах. Тады мы сабраліся жаночай камандай LOSK, куды мяне рэкрутавала Вольга Лукшыц. Назва той каманды склалася з першых літар іменаў ці прозвічш дзяўчын-удзельніц, дзе акрамя мяне і Волі прысутнічалі дзьве Лены - Кулікова і Лепо. А дапамагаў нам, быў кіроўцам машыны, Лёша Механікаў – даўні сябар-аднакурснік маіх калежанак, бо якраз напярэдадні чэмпіяната вызначылася, што мы засталіся без сродку перасоўвання. Мы ўзялі 10-е месца, але добра правялі разам час – з перапынкамі, адпачынкамі і гэтак далей.

Як падабраўся склад каманды і хто прапанаваў такую назву?

Наша сучасная каманда пачалася з Волі Лукшыц і Макса Каласкова. Яны бралі ўдзел у першым бёрдрэйсе ў 2004 годзе, потым узялі тайм-аўт на некалькі гадоў. Менавіта яны прапанавалі мне выступіць у сумесна з імі і Ленай Куліковай у юбілейным 10-м чэмпіянаце, які ўпершыню прахадзіў у 12-гадзінным фармаце. Тады мы вырашылі прыдумаць і новую назву для новай каманды, перабралі шмат вясёлых слоў ці слушных словазлучэнняў. Але раптам я ўспомніла назву сабачага пітомніка маёй даўняй прыяцелькі з Луганска. Неяк яна пахвалілася мне як арнітолагу, што назвала яго па-птушынаму – “Rara Avis”. Гэта ўстойлівае лацінскае словазлучэнне дакладна перакладаецца як «рэдкая птушка», але часта выкарыстоўваецца як аналаг больш знаёмай нам усім ідыёмы “белая варона”.

Rara Avis-2013

Rara Avis-2013

Калі мы сумесна абмеркавалі значэне фразы, сумневаў ужо не было, мы будзем адначасова і рэдкімі птушкамі, і белымі варонамі! У наступным годзе замест адсутных двух членаў каманды (я ад’язджала на навуковую канферэнцыю, Лена таксама не змагла ўзяць удзел у чэмпіянаце) да “Rara Avis” далучыліся Дзіма Жураўлёў і яго сын Данік. Але ж яркую і, што немалаважна, неадзназначную назву каманды вырашылі заставіць. У выніку гонкі “Rara Avis” заняла пачэснае чацвертае месца. У мінулым годзе я вярнулася ў каманду, а Даніка мы пакінулі ў запасе. У гэтым складзе з лікам 105 відаў “Rara Avis” упершыню становіцца прызёрам чэмпіяната, у нас бронзавыя медалі!

Rara Avis-2015

Rara Avis-2015

У гэтым годзе ўжо Вольга ад’язджае з Беларусі, а Данік Жураўлёў ізноў становіцца на месца часова выбылага члена каманды. Вольга ўвесь час падтрымлівае нас з далёкага Узбекістана, а малодшы Жураўлёў  годна выступае нароўні з больш сталымі і дасведчанымі ўдзельнікамі. Гэта дазволіла нашаму Даніілу стаць самым малодшым чэмпіёнам бёрдрэйсу за ўвесь час правядзення спаборніцтваў!

Вольга Лукшыц

Вольга Лукшыц дапамагае вызначаць птушак пад час Гонак ажно з Узбекістану

Як падабралі маршрут?

Менавіта гэты маршрут прынёс нам бронзавыя медалі чэмпіяната ў мінулым годзе. У цэнтры рыбгаса “Чырвоная Слабада”, што знакаміты сваёй біяразнастайнасцю,  размешчаны цікавыя кавалкі змяшанага і хваёвага лесу, уздоўж парослых кустамі дамб таксама можна сустрэць падчас міграцыі шмат відаў птушак. Ну і, канешне, Макс з Дзімай зараней выбіралі па карце дзе можна пабачыць птушак палёў, лугоў, населеных пунктаў.

Ці правяралі напярэдадні дзе і што можна будзе ўбачыць?

Пасля мінулагодняга выступу мы разумелі, калі імкнуцца палепшыць свае вынікі і набраць большую колькасць відаў, нам неабходна заехаць на месца старту не толькі на начоўку, але значна раней, каб удакладніць сучасны стан. І разам з трэніроўкай, напярэдадні спаборніцтваў мы правялі на тэрыторыі ўсяго рыбгаса навуковыя ўлікі рыбаедных птушак і зрабілі ацэнку колькасці вадаплаўных. І ўжо ад’язджаючы ад кальцавой Мінска мы вырашылі рэгістраваць і запісваць птушак, што сустакаліся нам па дарозе. У выніку перад тым як сталі лагерам у ляску на рыбгасе у нас было больш за 90 відаў. Між іншым, мы пабачылі на адной з сажалак багата кулікоў, сярод іх былі даволі рэдкія кругланосы плывунчык і некалькі пясчанак. Трэба адзначыць, што частку пабачаных напярэдадні падчас трэніроўкі відаў нам ужо не ўдалося зарэгістраваць на чэмпіянаце. Гэта белы бусел, качка-шылахвостка, гогаль, вялікі грыцук, палявая падкаменка, той жа кругланосы плывунчык. Але ж замест адзначылі не менш рэдкіх камянешарку і ісландскага пясочніка.

Што самае цікавае адбылося пад час гонкі?

Цікава, што першыя 4 гадзіны спаборніцтваў, якія мы правялі шпацыруя вакол адной сажалкі рыбгаса, у нас набралося больш за 80 відаў! Цалкам на “Чырвонай Слабадзе” мы правялі палову часу чэмпіяната і не дабралі толькі адзін від птушак да сотні!

скапа

Скапа на рыбгасе.

Таксама парадавалі віды птушак, якія каманда сустракала амаль у тых жа месцах другі год запар – вялікі арлец, пустальга, скапа, палявы жаўрук, сыч-сіпель. Апошні быў з іх самым “прывязаным”, яго мы адзначылі на той жа ферме трэці год запар, а сёлета мы спачатку пачулі яго голас, а потым ужо пабачылі і дарослага сычыка, і птушаня:

сыч-сіпель

За двумя банальнымі відамі – каўкай і граком, - мы ехалі ў суседні раён амаль 70 кіламетраў ад нашага асноўнага маршрута. На жаль, на рыбгас “Любань”, які быў у запасніку, часу ужо не заставалася, зрэшты, як і ў мінулым годзе.

Як змаглі адзначыць ажно 4 віды пячуравак?

Усіх пячуравак мы пабачылі і пачулі на рыбгасе да апоўдня. Ценькаўка  і будаўнічок пачалі паціху распявацца калі прыгрэла сонейка. Трашчолка некалькі разоў дала пазыўку і нават паказала нам сваё адметнае пуза. Зялёная пячураўка актыўна спявала, калі мы пешшу замыкалі перыметр вакол нашай першай сажалкі: амаль побач з нашай машынай мы сустрэлі пералятаючых па краю леса-кустоў зграйку вераб’іных, сярод іх раней не пабачаныя намі віды лесак – шэрую і садовую. Сутрэча з зяленай пячураўкай таксама была адным з самых незвычайных нашых назіранняў, бо яе вельмі рэдка даводзіцца сустракаць нават ў гнездавы перыяд па-за межамі населеных пунктаў. На ўсялякі выпадак наш капітан запісаў песню на відэа, а раптам журы захоча праверыць гэты выпадак!

Калі вы зразумелі, што “Рэдкая птушка” – чэмпіён?

Толькі пасля абвешчання журы, калі нам патэлефанавалі з офіса АПБ, і прадстаўнік журы Аляксандр Вінчэўскі афіцыйна праінфармаваў каманды аб выніках працы суддзяў. Бо нам увесь час наступалі на пяты іншыя гульцы і добра падсцёбвалі. Жоўтая майка лідараў гонкі, якую мы не здымалі пад час усяго чэмпіяната, абавязвала ўвесь час рухацца наперад, не збаўляючы тэмпа. Спачатку мы толькі на некалькі крокаў былі наперадзе маладзёвай камынды з Кобрына на чале з Алесем Страчуком. Асабліва мы ўзбадзёрыліся, калі пасля сотні відаў за намі пагналася “Пагоня”, таму што мы здагадаліся, што Сямён Левы і Ко прыбылі на рыбгас “Сялец”. А ў гэты перыяд года рыбгас ёсць рыбгас! Сталыя ўдзельнікі спаборніцтваў гэта добра ведаюць. Нягледзячы на хваляванне да абвяшчэння вынікаў бёрдрэйса, з 121 відам у залічніку ў нас быў час парадавацца, што незалежна ад месца на п'едэстале (наконт медалі мы былі амаль упэўненымі), мы здолелі пабіць папярэдні рэкорд 12-гадзіннай гонкі.  

Жураўлёвы пад час гонак за птушкамі

Самы малады чэмпіён - Данііл Жураўлёў

Ці будзе каманда ў падобным складзе і пад той жа назвай выступаць далей?

Безумоўна, так! Незалежна ад складу каманды ў наступны год мы нават абмеркавалі, як можна палепшыць маршрут каб рухацца яшчэ далей, да новых рэкордаў.

Дзякую за падрабязныя адказы! Поспехаў у наступных Гонках!

 

Здымкі Ірыны Самусенка і з архіва каманды

 

На гэтую тэму:

BIRDRACE-2016: ЧЭМПІЁНАМІ СТАЛІ НАЙЛЕПШЫЯ І НАЙХУТЧЭЙШЫЯ + ПАБІТЫ ПАПЯРЭДНІ РЭКОРД У 120 ВІДАЎ

У ХІ АДКРЫТЫМ ЧЭМПІЯНАЦЕ БЕЛАРУСІ ПА СПАРТЫЎНАЙ АРНІТАЛОГІІ УДЗЕЛЬНІЧАЮЦЬ 10 КАМАНД + ІХ СКЛАД + ІНТЭРВ’Ю ДЗЯНІСА КІЦЕЛЯ

Закулисный предвзятый взгляд 

Формула перамогі