Упершыню навукоўцам атрымалася знайсці захаванае пер’е, злучанае з косткай дыназаўра. Незвычайная знаходка дапаможа лепш зразумець эвалюцыю гэтых надзвычай важных для птушак структур.
Два дзесяцігоддзі таму першы знойдзены акамянелы адпячатак пер’я дыназаўра выклікаў небывалае ўзрушэнне сярод палеантолагаў. Не так даўно ў бурштыне атрымалася знайсці не толькі адпячатак, але і само старажытнае пер’е. Тым не менш, яго прыналежнасць да пэўнага віду дыназаўраў засталася невядомай і таму атрыманая палеантолагамі інфармацыя была параўнальна абмежаванай.
Таму знаходка дзевяці пазванкоў хваста дыназаўра, які жыў 99 мільёнаў гадоў таму з прымацаваным да іх пер’ем стала сапраўднай навуковай сенсацыяй. Незвычайнае адкрыццё было праанансавана ў часопісе Current Biology. Навукоўцы лічаць, што ўладальнікам знойдзеных у старажытным бурштыне пазванкоў з пер’ем быў малады цэлюразаўр (coelurosaur), адзін з відаў клады тэраподавых дыназаўраў, крэўны велацэраптараў і тыраназаўраў. І хаця пытанне пра звычайнасць распаўсюджанасці пер’я сярод дыназаўраў застаецца прадметам дэбатаў, цэлюразаўры былі вызначаныя як блізкія продкі птушак і менавіта для іх парэшткаў на сённяшні дзень знойдзена найбольш акамянелых парэштак з пер’ем.
"Мы можам быць пэўнымі правільнага вызначэння, таму што знойдзеныя пазванкі не зрасліся ў пігастыль як у сучасных птушак і іх бліжэйшых продкаў. Замест гэтага хвост нашага дыназаўра быў доўгім і гнуткім, з радамі пер’яў, якія звісалі ўніз” - сказаў Райан Маккелар (Ryan Mckellar) з Саскачэванскага музею, адзін з сааўтараў публікацыі. Мяркуючы па памерах хваста, малады дыназаўр быў з сучаснага вераб'я.
Рэканструкцыя знешняга выгляду аперанага дыназаўра.
Пер’я дыназаўра зверху карычневага колеру і больш светлыя знізу. Яны найбольш нагадваюць арнаментальнае пер’е сучасных птушак па сваёй структуры. У іх адсутнічае ачын (rahis), які добра развіты ў амаль усіх тыпах пяра птушак. Гэта можа сведчыць аб тым, што гэтая структура з’явілася пазней у ходзе эвалюцыі пяра. Добра бачна, што пер’е на хвасце дыназаўра расло двума радамі. З-за таго, што гэта быў яшчэ малады асобнік, застаецца незразумелым – ці знойдзенае пер’е было ўжо дарослым, ці яго пазней павінна было замяніць іншае?
Знаходка мае вялікі навуковы патэнцыял да далейшых адкрыццяў, бо ў буршчыне захаваліся і кавалкі мяккіх тканак, а таксама гемаглабін. І навукоўцы разлічваюць з часам зрабіць яго аналіз і, магчыма, і самой крыві дыназаўра!
Незвычайны бурштын быў куплены на адмысловым рынку старажытнага бурштыну ў М’янме галоўнай аўтаркай публікацыі Лідай Ксінг (Lida Xing) з Кітайскага ўніверсітэту геалагічных навук.
“Запасы” бурштыну ў М’янме з’яўляюцца самымі вялікімі ў Свеце. Штогод тут здабываюць больш за 10 тон акамянелай смалы. Навукоўцы цяпер працуюць з прадаўцамі бурштыну, каб праглядаць яго да таго, як ён трапіць у прыватныя калекцыі ці на апрацоўку ювелірам.
“Мая мара – убачыць большы кавалак бурштыну з больш кмплектнай або нават цэлай жывёлай да таго, як ён будзе раздзелены на меншыя кавалкі для продажу.” – сказаў Маккелар.
Паводле www.iflscience.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Xing et al/ Current Biology
На гэтую тэму:
КРЫЛЫ ДЫНАЗАЎРАЎ УЗНІКЛІ ДЛЯ ШЛЮБНЫХ ПАКАЗАЎ
Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі
ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?
НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК
Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра
Чатырохкрылыя дыназаўры мелі чорнае пер’е з металічным адлівам
Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ