З пачаткам сапраўднай зімы, якая прыйшла да нас толькі на другі тыдзень студзеня, павялічылася не толькі колькасць відаў і птушак на сталоўцы на ўскрайку Белавежскай пушчы, але і людзей, якія назіраюць за ёй не выходзячы з утульнай хаты ці цёплага офіса. Учора, 21 студзеня, колькасць назіральнікаў перакрочыла першую тысячу – на абед нядзелі за зімуючымі птушкамі назіралі 1027 чалавек з 22 краін Свету.
Наперадзе па колькасці назіральнікаў і актыўнасці беларусы – іх было зарэгістравана больш за тры чвэрці ад ўсіх наведвальнікаў старонкі са сталоўкай он-лайн, а ўжо за імі ідуць нашы бліжэйшыя суседзі з Расіі, Украіны і Польшчы якім таксама цікавыя нашы зімуючыя птушкі.
Цікава, што хаця дапамога птушкам узімку ў нашай краіне мае параўнальна доўгія традыцыі – не менш 80 гадоў, назіраць за сталоўкай з дапамогай інтэрнету і гаджэтаў можна ў Беларусі ўпершыню.
Унікальная для Беларусі магчымасць ажыццявілася дзякуючы нашаму сайту “Птушкі штодня” (які ладзіць рэгулярныя он-лайн трансляцыі з гнёздаў сокала-пустальгі з 2010 году), гаспадарам экааграсядзібы “Залессе” ў аднайменнай вёсачцы, і Аляксандру Мінічу, сябру АПБ з Брэста, які адказвае за тэхнічны бок трансляцыі. Асобная падзяка ўладальніку сервера stream360.pl з Польшчы і нашага пастаяннага партнёра, без якога таксама нічога не атрымалася б.
Да гэтага часу на нашай он-лайн сталоўцы і побач з ёй былі ўжо былі адзначаныя 9 відаў птушак. Якія? - глядзіце за сталоўкай самі і Вы ўбачыце ўсіх іх, а можа і іншыя самастойна!
А вось самае цікавае відэа, запісанае Аляксандрам Мінічам дзякуючы трансляцыі: сярэдні дзяцел правёў на сталоўцы нерухома 17 (!) хвілін, каб яго не заўважыў шуляк-каргольчык!
Маем надзею, што і колькасць відаў, і колькасць назіральнікаў будзе толькі павялічвацца!
На гэтую тэму:
ПТУШКІ ЧАКАЮЦЬ ВАС ON-LINE НА СТАЛОЎЦЫ Ў БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ + НАШ КОНКУРС
Як у школе арганізаваць дапамогу птушкам ўзімку?
Карміць ці не карміць птушак узімку?
Ахове птушак у Гродна – 80 гадоў
ПАЦВЕРДЖАНА, ШТО ГІЛІ ЗАСТАЮЦЦА Ў ТЫХ САМЫХ ПАРАХ НА ГАДЫ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ