У Беларусь прыляцела вясна: актыўна вяртаюцца першыя мігранты

жаўрук-смяцюх

Вясна сёлета прыпазнілася – толькі на паўднёвым захадзе краіны зямля амаль цалкам вызвалілася ад снегу і маразоў. Але многія віды птушак ужо не могуць больш чакаць і пачалі ўсё больш і больш актыўна і масава вяртацца на свае месцы гнездавання. З пачатку сакавіка ў Беларусі ўжо адзначаныя самыя першыя вясновыя мігранты, колькасць якіх павялічваецца нават не з кожным днём, а нават з кожнай гадзінай: палявыя жаўрукі, звычайныя шпакі, кнігаўкі, залацістыя сеўкі, гусі-гуменіцы, вялікія галубы, чайкі-рыбачкі, качкі-свіцьвы, шэрыя жураўлі і, нарэшце, першыя белыя буслы!

 

птушкі

Дамовыя вераб'і правяраюць на трываласць гнёзды сваіх суседзяў- гарадскіх ластавак. Пакуль гаспадароў няма, можна выбраць сабе самае лепшае жытло. 08-03-2018, м.Свіслач

Апошнія гады мы можам з усё меншай упэўненасцю дзяліць віды птушак, якія адлятаюць ад нас на зімоўку ад тых, хто хаця б у невялікай колькасці штогод застаецца зімаваць у нас. Да берасцянак, чорных драздоў, шэрых чапляў у якасці такіх рэгулярных зімоўшчыкаў далучыліся шэрыя гусі, шэрыя жураўлі, чаплі-бугаі, і вялікія белыя чаплі, лыскі, чаротніцы, звычайныя шпакі і многія іншыя віды. Але так ці інакш выразная міграцыя і блізкадыстанцыйных (да якіх адносяць тыя віды, якія зімуюць у тым самым умераным кліматычным поясе, што і гняздуюць), і далёкадыстанцыйных мігрантаў (у склад якіх залічваюць т.зв. пералётных птушак – тых, якія зімуюць у субропіках, тропіках ці экватарыяльным кліматычным поясе) ужо пачалася!

птушкі

Звычайныя шпакі ў цэнтры Гродна. 19-03-2018

У параўнанні з мінулымі гадамі, адбываецца яна прыкладна на два тыдні пазней, чым у 2016 годзе і на 3-5 дзён пазней, чым у 2017-м. Так, першыя кнігаўкі і залацістыя сеўкі былі адзначаныя ў Беларусі ў 2016-м яшчэ 19.02. (Дзьмітры Вінчэўскі і Юры Лукашэнка), а сёлета – толькі 08-10.03. (Віктар Кулік і Алег Кальчанка). Першыя белыя буслы ў мінулым годзе ў Кобрынскім раёне былі заўважаныя 05.03 (Алесь Страчук), а сёлета там жа - 12.03 (Алег Кальчанка). Аднак некаторым відам не перашкаджае нават суцэльны і глыбокі снег, які яшчэ трымаецца паўсюль у Цэнтральнай і Усходняй Беларусі: вялікія чароды у пр. 2000 шпакоў былі адзначныя Сяргеем Шакала у Івацэвіцкім раёне 11.03., у той жа дзень іншыя птушкі, але таксама шпакі ўжо былі зарэгістраваныя Андрэем Шэўчыкам у Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах!

птушкі

Ляцяць тры віды гусей у пойме Свіслачы і Верацейкі, Бераставіцкі раён, 17-03-2018

Гракі пачалі папраўляць свае гнёзды на калоніі ў м.Вялікія Эйсманты, Бераставіччына. 08-03-2018:

птушкі

птушкі

Многія вадаплаўныя птушкі - як гэтыя лебедзі-шыпуны - чакаюць на момант, калі лёд сыйдзе  на нашых вадаёмах. А пакуль што харчуюцца азімінай ці шматгадовымі травамі. Бераставіцкі раён, 10-03-2018

Палеткі паволі вызваляюцца ад снега:

вясна

Зразумела, што мэта ў мігрантаў адна- як мага хутчэй дасягнуць месцаў будучага гнездавання і заняць там- пакуль ёсць вялікі выбар- найлепшыя месцы. Звычайна адзначаецца моцная карэляцыя паміж раннім гнездаваннем і большай колькасцю выляцелых у такіх пар птушанят. Таму некаторыя птушкі рызыкуюць апынуцца ў пакуль неспрыяльным асяроддзі, але з пачаткам там адлігі быць сярод першых.

птушкі

Многія качкі - як гэтыя крыжанкі- аб'ядналіся ў пары яшчэ ў пачатку зімы і цяпер чакаць  на поўны сыход снега ікаб выбраць найлепшае месца гнездавання. 12-03-2018, Гродна.

Традыцыйна мы з вашай дапамогай збіраем даты першых прылётаў у розныя вобласці ўсіх нашых мігрыруючых сюды ці праз нашу краіну далей відаў птушак у табліцу “Вясна ляціць!” – хаця першыя мігранты ўжо тут, але наперадзе яшчэ два месяцы цікавых назіранняў, калі да нас у першай палове мая вярнуцца самыя познія пералётныя птушкі: чорныя свіргулі, драчы , авяльгі і перапёлкі.

птушкі

Многія зімовыя віды - як гэтыя гілі - якія або цалкам адлятаюць ад нас на поўнач, або застаюцца гнездаваць у невялікай колькасці, будуць трымацца з намі яшчэ нават на сярэдзіны красавіка ці нават да пачатку мая - пакуль  у лесатундры  і тудры не пачнецца лета. Але іх будзе выдаваць згуртаванне ў групы і групкі- нашы птушкі ўжо праз тыдзень два будуць займаць гнездавыя тэрыторыі і аб'ядноўвацца ў пары. 08-03-2018, Бераставіцкі раён.

Тыя дразды-піскуны, якія прыляцелі да нас з поўначы, аб'ядноўваюцца ў вялікія групы з сотняў птушак. Бераставіцкі раён, 08-03-2018:

https://youtu.be/3KS8dOewvuk

Віншуем усіх з Вясной! Новых, цікавых назіранняў птушак і не толькі іх!

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

фоты і відэа аўтара

На верхняй- спяваючы жаўрук-смяцюх, 08-03-2018, Гродзенскі раён

 

 

 

 

Comments