Самка дропа інкубавала 4 свае кладкі за сезон, з якіх 3 былі паўторнымі

дроп

Дарослая самка дропа (Otis tarda) са спадарожнікавым перадатчыкам, які яна атрымала ў 2019 годзе, на працягу таго самага гнездавога сезону змагла адкласці не менш 7 яек ў 4 спробах гнездавання. На жаль, ніводная з гэтых спробаў не атрымалася і ў рэшце рэшт, пад час апошняй спробы, птушка загінула - хутчэй за ўсё была забіта лісой.

Дроп - глабальна пагражаемы від, які ў Венгрыі мае статус уразлівага і ахоўваецца. Невялікае павелічэнне колькасці назіраецца толькі на Іберыйскім паўвостраве і навокал Карпат. У Венгрыі, пасля працяглага змяншэння колькасці, якое працягвалася да 1980-х гадоў, дзякуючы праграмам па ахове, становішча дропа стабілізавалася і нават адзначаны трэнд на вельмі павольнае павелічэнне яго колькасці. Для гэтай краіны біялогія размнажэння віда была падрабязна вывучаная і апісана ў розных публікацыях. Звычайна ў гняздзе самкі ад 1 да 3 яек (2 яйкі - найбольш тыповая сытуацыя), часам пасля страты першай кладкі самкі могуць адкласці паўторную.

Таварыства BirdLife Hungary/MME у рамах міжнароднага праекту LIFE „Cross-border conservation of Great Bustards in Central Europe”, між іншага ў 2018-21 гг. павесіла спадарожнікавыя перадатчыкі на 16 дропаў (2 дарослыя самкі і 14 птушанят). Дзякуючы пастаянным сігналам з перадатчыка адной з гэтых самак і атрымалася прасачыць усе яе 4 спробы гнездавання на той самай залежы, прычым чарговыя гнёзды знаходзіліся на адлегласці толькі сотняў метраў адно ад аднаго.

Першая кладка была адкладзена з 20 да 25.04, калі самка кінула яе і не вярнулася на гняздо. Другая кладка была адкладзена паміж 02 і 06.05, але таксама была кінута. Штораз навукоўцы правяралі кінутыя гнёзды, каб зразумець што і чаму на ніх адбылося. Магчымай прычынай у абодвух выпадках было турбаванне птушкі казулямі: знойдзеныя яйкі былі ў памёце самкі - так дропы рэагуюць на блізкі і нечаканы кантакт з патэнцыйна небяспечнымі жывёламі, а ў месцах размяшчэння абодвух гнёздаў назіраліся вялікія статкі гэтых звяроў.  

Трэцяя кладка была адкладзена самкай пасля 15.05 і кінута ёй 28.05 хутчэй за ўсё з-за нападу драпежніка, які і з’еў яйка ці яйкі. Чацвёртая кладка - трэцяя паўторная! - з’явілася ў новым гняздзе пасля 04.06 і праз 17 дзён самка на ім была забіта наземным драпежнікам, хутчэй за ўсё лісой.

Такім чынам, гэта першы даказаны выпадак трох паўторных кладак для дропаў.

Крыніца: Nagy, D., Kurucz, Zs., Tóth, P., Raab, R. & Králl, A. 2023. Four nesting attempts of a Great Bustard Otis tarda female in one reproductive season. – Ornis Hungarica 31(1): 163–171. DOI: https://doi.org/10.2478/orhu-2023-0011

Паводле https://sciendo.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://cdn.download.ams.birds.cornell.edu 

 

На гэтую тэму:

Без абмежавання паляванняў, выпуск у прыроду дропаў з пітомнікаў ім не дапаможа

Еўрапейцы “скінуліся” на праект рэінтрадукцыі дропаў у Вялікабрытаніі

Першы поспех у рэінтрадукцыі дропаў ў Вялікабрытаніі