Самцы дубальта павялічваюць свае шанцы на размнажэнне, пералятаючы з тока на ток?

дубальт

На аснове 5 гадоў даследаванняў з выкарыстаннем спадарожнікавых перадатчыкаў, польскім арнітолагам на паўночным усходзе Польшчы атрымалася паказаць, што насуперак ранейшым уяўленням пра ‘прывязаннасць’ самцоў дубальта (Gallinago media) да канкрэтных такоў, ажно 75% з іх мянялі месцы такавання на працягу таго самага сезону, і многія з іх рабілі гэта не адзін раз.

Толькі прыкладна 1,5% ад усіх відаў птушак для выбара партнёраў выкарыстоўваюць спецыяльныя традыцыйныя месцы, дзе самцы такуюць, а самкі наведваюць іх для выбару партнёра і капуляцыі з ім. Cярод відаў з гэтай групы сезонны поспех размнажэння самцоў вельмі нераўнамерны і часта не больш, чым палова самцоў з тока ўдзельнічаюць у капуляцыях з самкамі. Найбольшую долю капуляцый з самкамі маюць самцы, якія прысвячаюць такаванню на таку найбольш часу. Такім чынам, палавы адбор спрыяе тым з самцоў, якія найбольш прывязаныя да нейкага току. І моцная філапатрыя самцоў да току як паміж рознымі гадамі, так і на працягу аднаго сезону гнездавання лічыцца адным з аснoўных фактараў эвалюцыі токавай сістэмы пошуку партнёраў.

На працягу 5 паслядоўных гнездавых сезонаў каманда польскіх навукоўцаў з дапамогай тэлеметрыі GPS вывучала выкарыстанне розных такоў самцамі дубальта ў вярхоўях Нарвы і Бебжы (Паўночна-Усходняя Польшча).

Насуперак чаканням - філапатрыі самцоў да аднаго тока - аказалася, што 75% самцоў (43/57) мянялі ток, часам нават не адзін раз, на працягу гнездавога сезону. Часта птушкі пераляталі паміж 2-3 такамі на працягу нават некалькі гадзін. Палова з такіх ‘непаседлівых’ самцоў наведвалі па 2 тока за сезон  (21/43), 35% пераляталі паміж 3-6 токамі, а пазасталыя 15% наведвалі нават ад 7 да 9 токаў.

Пераважная большасць самцоў пераляталі паміж рознымі такамі на адлегласці да 50 км паміж імі. Амаль 10% ляталі на іншыя така, чым той, на якім іх злавілі, на адлегласці большыя за 100 км, а максімальны пералёт  паміж такімі наведанымі тым самым самцом такамі быў нават 253 км.

мапа

Пералёты паміж рознымі такамі самцоў дубальта, якія былі пазначаныя спадарожнікавымі перадатчыкамі, з 4 мая да 15 чэрвеня 2017 г..

Паводле Korniluk, Chylarecki 2023. 

Моцная карэляцыя максімальных адлегласцяў, на якія ўвогуле пад час сезону гнездавання лятаюць самцы з перамяшчэннямі на іншыя, максімальна аддаленыя месцы такавання, дэманструе, што унутрысезонная дысперсія самцоў дубальтаў мае мэтай толькі наведванне розных такоў.

Сярэдняя колькасць такоў, якія наведваюць самцы, была рознай у розныя сезоны гнездавання. Аднак усе пералёты на іншыя такі адбываліся выключна ўначы. Сярод ‘непаседлівых’ самцоў каля паловы (53%; N=23) змянілі ток да 5 разоў на працягу аднаго сезону, 37% самцоў (N=16) рабілі гэта ад 5 да 17 разоў, а 4 самца змянялі ток на іншы больш 20 разоў, прычым адзін з іх зрабіў гэта ажно 43 разы!

Імавернасць змены тока значна змянялася на працягу сезону - была мінімальнай у яго пачатку і рэзка павялічвалася на прыканцы. Аднак яшчэ існавала і вялікае адрозненне паміж рознымі самцамі, якіх атрымалася ў адносінах да імавернасці змены тока ‘у любую ноч’ падзяліць на 2 групы. У першую трапілі тыя, хто не змяняў ток увогуле ці рабіў гэта вельмі рэдка і імавернасць змены для іх у сярэднім была штоноч 0.02. А ў другую трапілі тыя, для якіх гэтая імавернасць значна адрознівалася і ў сярэднм была 0.2.

Падобныя адрозненні ў паводзінах самцоў аказаліся згоднымі з тэорыяй „hot-shot”, якая тлумачыць эвалюцыю токавага выбару партнёраў існаваннем самцоў з двух груп. Да першай адносяцца прыцягальныя для самак самцы, якія займаюць цэнтральныя пазіцыі на таку, а да другой т.зв. самцы-сатэліты, якія для прыцягнення да сябе ўвагі самак выкарыстоўваюць самцоў з першай групы.

Для тых самцоў дубальта, якія маюць нізкі або нулёвы поспех размнажэння на гэтым таку, яго змена на іншы можа быць карыснай (у адрозненне ад самцоў з першай групы), таму што павялічвае іх магчымасць знайсці адпаведны ток, дзе яны будуць больш канкурэнтназдольнымі ‘у вачах’ самак у адноснах да іншых самцоў.

Акрамя гэтага, веды пра канкрэтнае размяшчэнне іншых месцаў такавання павялічваюць шанцы знайсці адпаведны ток у наступныя сезоны гнездавання. І частка пералётаў пазначаных перадатчыкамі самцоў выразна сведчыла пра тое, што яны ведаюць куды ляцець на іншы ток дзякуючы сваім перамяшчэнням у папярэднія сезоны. Таму дысперсійныя паводзіны дэманстравалі сваё адаптыўнае значэнне, якое яўна было больш працяглым, чым на адзін сезон.

Далейшыя даследаванні дапамогуць зразумець і іншыя важныя ўзаемазалежнасці пералётаў самцоў паміж рознымі такамі і асаблівасцямі сацыяльнага статусу асобных птушак. Аднак ужо цяпер неабходна выкарыстаць знойдзеныя асаблівасці самцоў дубальта для больш эфектыўнай аховы віда, больш карэктных улікаў і ацэнак колькасці і аховы месцаў такавання гэтага рэдкага віду.

Крыніца: Korniluk M., Chylarecki P. 2023. Intra-seasonal lek changes of Great Snipe Gallinago media males in the northeast of Poland. Acta Ornithol. 58: 91-112. DOI:10.3161/00016454AO2023.58.1.007 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

Дубальт вярнуўся ў Польшчу пасля таго, як праляцеў 2 тысячы км на поўдзень

Пра самку дубальта, якой не дапамагла самаахвярнасць і вытрымка

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Дубальты пад час міграцыі могуць ляцець на вышыні ад 6 да амаль 9 км!

Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO