Лебедзь-клікун з Польшчы паляцеў ліняць у запалярную тундру Расіі

лебедзь-клікун

Дзякуючы ўсё больш частаму выкарыстанню GPS-GSM і спадарожнікавых перадатчыкаў на розных відах птушак, мы даведваемся не толькі пра агульныя відавыя шляхі міграцыі і зімоўкі, але і пра нетыповыя пералёты асобных птушак. Сярод іх і цікавы выпадак лінькі лебедзя-клікуна (Cygnus cygnus) з Польшчы ў расійскай тундры.

Дагэтуль мала што вядома пра вандроўкі і месцы лінькі дарослых клікуноў, якія адбываюцца, напрыклад, пасля непаспяховага гнездавання або страты гнездавой тэрыторыі.

У ліпені 2022 г. дарослая самка лебедзя-клікуна атрымала перадатчык GPS-GSM на месцы гнездавання пад Jędrzejowem (поўдзень Польшчы). У той час у яе, разам з 18-ці гадовым партнёрам, было 3 птушанят. Стратаў патомства не адбылося і зіму ўся сям’я правяла ў радыюсе да 20 км ад месца гнездавання. Яшчэ 16 лютага 2023 г. яны трымалася разам, але хутка пасля гэтага прапаў самец - хутчэй за ўсё загінуў з-за сутыкнення з ЛЭП на полі, на якім лебедзі харчаваліся. У дадатак гнездаваую тэрыторыю ‘нашай’ пары заняла іншая пара клікуноў. Самка з перадатчыкам да 12 чэрвеня трымалася паблізу (на адлегласці да 8 км ад былога месца гнездавання).

На пошук новага партнёра і тэрыторыі ў гэтым сезоне было яўна запозна і даследчыкі думалі, што яна правядзе час замены ўсіх махавых, які працягваецца 5 тыдняў, недзе ў гэтай жа мясцовасці. Тым больш, што самкі пачынаюць ліняць раней за самцоў. Аднак птушка вырашыла інакш.

12 чэрвеня ў 4:40 самка паляцела на паўночны ўсход і да канца дня праляцела 330 км, дзе і заначавала ў пойме Буга. На наступны дзень пералёт пачаўся ў 12:30 і да 23:00 яна праляцела чарговыя 295 км, дзе і правяла ноч пад Вільняй. Пасля кароткага 4-х гадзіннага адпачынку пералёт працягваўся ізноў да 23:00 і ў гэты раз самка заначавала пасля 375 км вандроўкі на паўднёвым усходзе Эстоніі. 15 чэрвеня птушка ізноў пачала пералёт у 3:00 і пасля пераадолення 265 км, затрымалася у Фінскай затоцы. Аднак адпачынак там аказаўся кароткім і наступнай ноччу да 2:00 самка паляцела далей, між іншым над узбярэжжам воз.Ладага. Праз 380 км птушка затрымалася ў карэльскай тайзе і такім чынам за 5 сутак яна праляцела агулам 1645 км.

мапа

Тут лебедзь адпачываў да 27 чэрвеня, пасля чаго распачаўся новы этап падарожжа на ўсход: за наступныя 4 сутак было пераадолена толькі 315 км і птушка апынулася на ўзбярэжжы Белага мора, у 120 км ад Архангельска. Пасля яшчэ аднаго не вельмі працяглага адпачынку, самка клікуна 3 ліпеня ізноў паляцела на ўсход і праляцела 350 км. Да 14 ліпеня птушка пералятала толькі на невялікія адлегласці і здавалася, што гэта канец яе летняй вандроўкі. Але за наступныя 10 сутак птушка праляцела яшчэ 490 км на ўсход, перасякла р.Пячору і апынулася ў нянецкай тундры, дзе да бліжэйшых людзкіх пасяленняў было не менш 70 км. За 44 дні ад пачатку пералётаў яна праляцела 2800 км.

 Восеньская міграцыя на месца гнездавання таксама аказалася здзіўляючай і скончылася яна самым працяглым пералётам на 660 км, які пачаўся ў 5:00 13 лістапада ў Латвіі і скончыўся ў 11:00 наступнага дня паблізу месца, адкуль пачалася вандроўка ў тундру ў чэрвені. Такім чынам, за 5 месяцаў самка лебедзя-клікуна праляцела агулам 5700 км.

Паводле Łabędź krzykliwy w Polsce (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Лебедзь-клікун з Польшчы летаваў …пад Варкутой

Дзве адасобленыя папуляцыі лебедзя-клікуна ў Еўропе вельмі нязначна ‘абменьваюцца’ птушкамі паміж сабой

Лебедзі-клікуны ў Брытаніі - амаль па Шэкспіру