Дзякуючы публікацыям у блізкаўсходняй прэсе сталі вядомыя факты жахлівага расстрэлу мігрыруючых белых буслоў (Ciconia ciconia) у Ліване.
23 красавіка вялікая група гэтых птушак прызямлілася на начны адпачынак у паўночным Ліване. Аднак мясцовыя паляўнічыя хутка арганізавалі сапраўдную бойню з дапамогай машын з пражэктарамі.
Аўтар артыкула пра гэты жахлівы выпадак у газеце Al-Mustaqbal падкрэслівае, што забойцы таксама стралялі і іншых водна-балотных птушак, між іншым, ружовых пеліканаў (Pelecanus onocrotalus).
Мясцовыя актывісты арганізацый па ахове прыроды занепакоены гэтым становішчам, асабліва з-за таго, што Ліван – невялікая краіна, ў якой пры жаданні можна без цяжкасцяў сустрэць розных мігрыруючых птушак і беспакарана іх расстраляць.
Аднак не толькі вялікія водна-балотныя птушкі не могуць адчуваць сябе бяспечнымі ў гэтай краіне. Пад час актыўнай міграцыі ў сярэднім ад 70 да 100 чорнагаловых лесак (Sylvia atricapilla) і іншых вераб’іных птушак, а таксама перапёлак (Coturnix coturnix) гінуць штодзень у разліку на кожнага паляўнічага, прыліпаючы да абсмараваных клеем галінак ці заблытваючыся ў адмысловых сетках. Тысячы драпежных птушак падстрэльваюцца штовосень пад час пралёту на Ліванам і цяжка назваць від, які не мае стратаў пад час пралёту над Ліванам.
Большасць відаў птушак, якія мігрыруюць праз Блізкі Ўсход, гняздуюць у розных краінах Еўропы. Таму такія адносіны да іх у Ліване не могуць не сказацца негатыўна на іх папуляцыях. Адной з краін, якая вельмі непакоіцца за “сваіх” птушак на тэрыторыі Лівана ёсць Венгрыя, адзін з белых буслоў з якой, пазначаны спадарожнікавым перадатчыкам, як раз знаходзіцца цяпер у Ліване (www.gilice.hu.)
Міністэрства навакольнага асяроддзя Лівана прыняло меры і некаторыя з найбольш адыёзных паляўнічых арыштаваныя. Аднак калі б газеты не асвяцілі гэтую тэму, наўрацьці нешта пазітыўнае ў гэтай скандальнай справе магло б адбыцца.
Каб падтрымаць ахову мігрыруючых птушак, можна запоўніць адмысловую форму са скаргай для Ліванскага Міністэрства навакольнага асяроддзя тут: www.tinyurl.com/lebstork
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак з мясцовай газеты) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Масавае забойства буслоў на Мальце
Браканьеры на птушак затрыманыя на Сардыніі
Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс
Дапамажы нашым птушкам – падпішы петыцыю супраць іх знішчэння на Кіпры
Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ