Дзякуючы ДНК, атрыманаму з двух музейных экземпляраў вынішчанага каралінскага папугая Conuropsis carolinensis, навукоўцы выявілі яго сувязі з іншымі прадстаўнікамі атраду.
Некалі шырока распаўсюджаны ад Фларыды да ўзбярэжжаў Антарыё, адзіны эндэмічны папугай Паўночнай Амерыкі, знік у пачатку 1920-х гадоў у вынікі няшчадных адстрэлаў, бо фермеры лічылі гэтых птушак шкоднікамі. Яго месцапражыванні, біялогія і пералёты ніколі не даследаваліся навукова. А магчымае таксанамічнае становішча было вызначанае па біяметрычным дадзеным з пазасталых у музейных калекцыях скурках.
Гэтыя параўнанні паказалі блізкае радство каралінскага папугая з папугаем-манахам Myiopsitta monachus з Паўднёвай Амерыкі, галоўным чынам таму, што абодва гэтыя віды мелі цалкам апераную васкавіцу –ўчастак скуры вакол дзюбы. Цікава, што менавіта гэты апошні від у якасці інтрадуцента займае экалагічную нішу вынішчанага каралінскага папугая ў некаторых частках ЗША. Каманда навукоўцаў з Нью Йорку і Нью Мексіка вылучыла і секвеніравала мітахандрыяльныя ДНК 43 відаў з 28 родаў неатрапічных папугаяў, уключна з каралінскім і папугаем-манахам каб атрымаць сапраўднае філагенетычнае дрэва папугаяў Новага свету.
Паводле атрыманых вынікаў, апераная васкавіца ўзнікла ў апошніх дзвюх відаў незалежна, таму што іх злучае паміж сабой толькі даволі аддаленае радство. Каралінскі папугай аказаўся найбольш блізкі да доўгахвостых папугаяў з радоў Aratinga і Nandayus. Усе амерыканскія папугаі паходзяць з Паўднёвай Амерыкі пасля таго, як яна аддзялілася ад суперкантыненту Гандвана каля 110 мільёнаў гадоў таму.
Дадатковыя вынікі кажуць пра тое, што род Aratinga ёсць поліфілетычным і ў выніку далейшых даследаванняў павінен быць падзелены.
Крыніца:
Kirchman, J J, Schirtzinger E E and Wright, T F. 2012. Phylogenetic relationships of the extinct Carolina Parakeet (Conuropsis carolinensis) inferred from DNA sequence data. The Auk 129: 1-8.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Малюнак каралінскіх папугаяў John James Audubon з www.wildbirds.org
На гэтую тэму:
Гавайскія квяткоўніцы паходзяць ад... чаромашнікаў
З дапамогай генетыкаў знайшлі крэўных вандроўнага голуба
Генетыкі адкрылі новы від папугая, які знаходзіцца на мяжы знікнення
Блізкія па паходжанні птушкі часта маюць вельмі розны выгляд і песні
Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых
Вымерлы дрозд насамрэч... авяльга
Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап
Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап
-->
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ