Слімакі застаюцца жывымі пасля страўніка птушак

Паводле апошніх даследаванняў, слімакі могуць заставацца жывымі нават праходзячы праз харчавальны тракт птушак.

Атрыманыя факты могуць сведчыць пра тое, што для некаторых відаў наземных малюскаў драпежніцтва птушак можа служыць адным з асноўных фактараў іх распаўсюджання. Добра вядома, што некаторыя віды раслін прыстасаваныя да распаўсюджання птушкамі.
Для сажалкавых малюскаў было даказана, што яны могуць заставацца жывымі пасля таго, як будуць з’едзены рыбамі. Аднак для наземных слімакоў дадзеныя, атрыманыя японскімі даследчыкамі з універсітэту Tohoku, сталі сапраўдным адкрыццём.
 

Даследаванні складу харчавання невялічкіх японскіх белавочак Zosterops japonicus з вострава Hahajima паказалі, што гэтыя птушкі аддаюць перавагу маленькім наземным слімакам Tornatellides boeningi.
У лабараторыі навукоўцы вырашылі праверыць, ці здольныя некаторыя са слімакоў застацца жывымі пасля працэсу ператраўлення.
"Мы былі вельмі здзіўлены, калі ўбачылі, што вельмі вялікая частка слімакоў – каля 15%! - заставалася жывой пасля страўніка птушак.” растлумачыў адзін з даследчыкаў Шынічыра Вада (Shinichiro Wada).
“Такім чынам, мы атрымалі першымі вынікі аб тым, што такая вялікая доля жывых з’едзеных малюскаў можа перасоўвацца птушкамі на розную адлегласць у сваім страўніку”.
Пасля вывучэння генетычных асаблівасцяў папуляцый малюскаў T. boeningi, была знойдзена іх параўнальная аднастайнасць. Яна не магла быць забяспечана толькі спарваннем з асобінамі з суседніх участкаў. Значыць, нейкім чынам пераадольвалася геаграфічная ізаляцыя маленькіх слімакоў.
"Біягеаграфія наземных нелятаючых безхрыбетных, асабліва слімакоў, часта сутыкалася з неверагоднымі па адлегласці падарожжамі сваіх суб’ектаў, якія можна было растлумачыць толькі здагадкамі пра слімакоў, якія схаваліся на нагах птушак або былі перанесеныя цыклонамі” – сказаў спадар Вада. "Цяпер мы маем доказы, што істотная колькасць малюскаў можа падарожнічаць жывымі ў страўніках птушак як іх неператраўленыя ахвяры.”
Цікава, што адзін са слімакоў з памёту белавочак нарадзіў маленькіх слімачкоў адразу пасля вызвалення.
Галоўны фактар такой вялікай долі непатраўленых малюскаў – іх невялікія памеры – у сярэднім 2,5 мм.
Цяпер навукоўцы хочуць даследаваць іншыя адаптацыі, якія дазваляюць малюскам заставацца жывымі нават у птушыным страўніку.


Востраў Hahajima знаходзіцца ў архіпелагу Банін на адлегласці каля 1000 км на поўдзень ад Токіа. Астравы Банін нядаўна былі прызнаныя ЮНЕСКО сусветнай спадчынай як месца, дзе “экасістэмы знаходзяцца ў здаровым стане і адлюстроўваюць шырокі спектр эвалюцыйных працэсаў”.


Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Хуткія змены ў ізаляванай папуляцыі сцярвятніка

Comments

 Чарльз Дарвін був би в захваті від цього дослідження! Відкрийте його "Походження видів..." розділи ХІІ і ХІІІ "Географічне поширення". Дарвін описує як поширюються рослини на значні відстані шляхом перенесення насінин в травному каналі і на лапках птахів.