Вывучэнне ўнікальнага віду кулікоў, які жыве ў тропіках і якому пагражае знікненне, дазволіла зразумець яго незвычайныя адаптацыі да жыцця на поўдні і пагрозы.
Большасць відаў пясочнікаў пералятаюць тысячы кіламетраў паміж сваімі месцамі гнездавання ў арктычнай тундры і месцамі зімоўкі ў субтропіках. Аднак не так даўно паводле эвалюцыйнага гадзінніка ўзнікла група кулікоў, якая жыла без пастаянных пералётаў на астравах Французскай Палінэзіі.
Сёння з гэтай адмысловай групы кулічкоў у жывых застаўся толькі адзін від – туамоцкі пясочнік (Tuamotu Sandpiper) Prosobonia cancellata, якога мясцовыя жыхары называюць “ціці” (Titi). Іншыя пяць відаў з гэтай трыбы зніклі пасля прыбыцця на астравы палінезійцаў, а потым і еўрапейцаў, якія прывезлі з сабой розныя віды звяроў. Цяпер туамоцкі пясочнік мае статус пагражаемага віду, яго колькасць аценьваецца прыкладна ў 1000 птушак, яго распаўсюджанне абмежаванае толькі 4 атоламі, на якіх няма або амаль няма пацукоў.
У 2008 годзе Мэры-Хэлен Бюрл (Marie-Helene Burle) з універсітэту Simon Fraser з дапамогай Арніталагічнага таварыства Французскай Палінэзіі (Ornithological Society of French Polynesia), партнёра BirdLife на астравах, пачала інтэнсіўна вывучаць гэты від птушак з зусім невядомым ладам жыцця. Першы пяцімесячны палявы сезон быў працягнуты ў 2010 годзе, цяпер прайшла палова трэцяга. Гэты трэці доўгатэрміновы выезд адбываецца ў складзе арганізаванай даследчыцай экспедыцыі і ўпершыню на іншыя два з усяго трох атолаў, дзе кулічок яшчэ захаваўся.
Мэры і яе калегі змаглі апісаць вельмі цікавыя адаптацыі ціці да жыцця выключна ў тропіках. У параўнанні з кулічком падобных памераў – амерыканскім попельным селянцом Tringa incana, які зімуе на гэтых жа атолах, ціці не з’яўляецца птушкай пляжаў або скальных узбярэжжаў. Замест гэтага ён сустракаецца ў зарослых, але напалову адкрытых месцах.
“Адна з прычын такіх паводзінаў гэта тое, што гэты кулічок харчуецца нектарам з кветак – ўнікальная крыніца энергіі для кулікоў. Функцыянальныя марфолагі паказалі, што язык у гэтых птушак раздвоены на канцы, што дапамагае яму харчавацца больш эфектыўна” – сказала сп-ня Бюрл.
Мэры здолела злапаць і індывідуальна пазначыць амаль усіх кулічкоў на двух атолах, што дазволіла задакументаваць сацыяльную структуру і асаблівасці гнездавання птушак. Аказалася, што пары птушак займаюць параўнальна невялікія тэрыторыі плошчай каля 120 кв м. Часам пясочнікі гняздуюць на дрэвах не менш часта, чым на зямлі – таксама ў адрозненне ад сваіх арктычных крэўных. Самкі адкладваюць толькі па два яйкі, тады як звычайна іншыя кулікі адкладваюць па чатыры. Многія яйкі прападаюць – некаторыя з іх крадуць какосавыя крабы. Гэта атрымалася даказаць дзякуючы відэаздымкам.
У птушанят таксама была адзначана вялікая смяротнасць, пры чым большасць з іх загінула з-за недахопу ежы. Навукоўцы лічаць, што недахоп адпаведных для гнездавання тэрыторый прыводзіць да перанаселенасці на іх кулікоў, што, ў сваю чаргу, моцна абмяжоўвае поспех гнездавання птушак.
На прыканцы другога палявога сезону даследчыкі сталі сведкамі вельмі сухога надвор’я, а моцныя вятры залівалі салёнай марской вадой вялікія часткі атолаў, на якіх жывуць пясочнікі. Прыкладна праз месяц аказалася, што многія яе кулічкі загінулі, таксама як і іншыя наземныя віды мясцовых птушак. Хутчэй за ўсё частковае засаленне глебы і адсутнасць дажджоў прывялі да ўгняцення расліннасці, а гэта, ў сваю чаргу – да недахопу ежы для відаў, якія моцна звязаныя з мясцовымі відамі раслін. Такім чынам, каля паловы мясцовай папуляцыі кулікоў на адным з атолаў загінула і на наступны год яе ўзнаўлення да былога ўзроўню не адбылося. Высокая смяротнасць на розных стадыях гнездавання і гэты выпадак паказалі сапраўдныя пагрозы існаванню віду разам з драпежніцтвам чорнага пацука, які з’явіўся ў чатырох месцах гнездавання віду.
Мэры разам з калегамі дапамагала вынішчыць пацукоў на невялічкім астраўку ўнутры аднаго з атолаў. Цяпер яна чакае на вынікі – ці загняздуюць птушкі на ім. Аднак на працяглую перспектыву, па яе словах, неабходна будзе рэінтрудакаваць від у больш аддаленых месцах каб стварыць там свае, незалежныя, папуляцыі. Для гэтага цяпер навукоўцы правяраюць патэнцыйныя месцы рэінтрадукцыі.
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.aabirdpix.com
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 03.08.2012 - 18:47
тити похоже на фифи. Странно
тити похоже на фифи. Странно вообще, что кулики на нектар перешли, беспозвоночных вроде бы всегда много, и конкуренцию им никто составить не может.
Harrier - 03.08.2012 - 19:34
In reply to тити похоже на фифи. Странно by AV
На астравах жа жылі яшчэ 5
На астравах жа жылі яшчэ 5 відаў кулікоў. Магчыма, што тады безхрыбетных на ўсіх і не хапала. Вось і прыйшлося пераходзіць на нектар. Цяпер ніша вызвалілася, а вярнуцца ў яе няма як.