На Мальце зноў страляюць ва ўсё, што ляціць

Чырвоныя фламінга (Phoenicopterus ruber) сталі апошняй ахвярай мясцовых паляўнічых на Мальце. Аднак гэта, на жаль, толькі адзін са шматлікіх прыкладаў нелегеальнага палявання, якое працягваецца на востраве.

3-га кастрычніка група з прыкладна 40 фламінга ляцела ўздоўж лініі ўзбярэжжа на начлег на астравах St Paul's, калі ў іх бок былі аддадзены стрэлы з мясцовасці Qawra, якая знаходзіцца на ўзбярэжжы.

Тры птушкі былі забітыя і ўпалі ў мора, яшчэ дзьве параненыя маладыя асобіны здолелі прызямліцца. Яшчэ адно параненае фламінга працягнула палёт на месца начлегу. Прадстаўнікі мясцовага партнёра BirdLife Maltа на востраве адразу паведамілі пра браканьерства ў паліцыю.

Недалёка ад месца здарэння каманда BirdLife змагла назіраць 7 шэрых чапляў, адна з якіх мела яўна стрэляныя раны ад шроту. На працягу верасня прадстаўнікі арганізацыі знайшлі парэшткі 40 забітых паляўнічымі птушак, усе з якіх адносяцца на востраве да афіцыйна ахоўваемых відаў. Акрамя гэтага, яшчэ больш за 200 птушак розных відаў былі адзначаныя забітымі або параненымі пад час непасрэдных назіранняў.

У сувязі з апошнім здарэннем Ніколас Бэрбэра (Nicholas Barbara), менеджэр да справаў аховы прыроды з BirdLife Maltа сказаў: “Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як нелегальнае паляванне шырока распаўсюджанае і насамрэч не з’яўляецца “адзінкавымі выпадкамі”, як пра гэта заяўляюць улады. Залёт на Мальту такіх рэдкіх птушак, як чырвоныя фламінга, павінен прыцягваць турыстаў, а не браканьераў з ружжамі”.

“Нашы назіранні – толькі вяршыня айсбергу сапраўдных маштабаў нелегальнага палявання на Мальце. Улады стараюцца не публікаваць дадзеныя пра колькасць забітых ці параненых паляўнічымі птушак, якія яны атрымліваюць. Яшчэ больш ахвяраў браканьераў знішчаецца імі або падстрэленымі падаюць у мора і не могуць быць дакладна падлічаныя. Атрымліваецца, што нідзе на востраве няма бяспечнай для птушак зоны. Толькі ўчора наша каманда атрымала падстрэленую чаплю-квакву ўсяго ў некалькіх метрaх ад рэзідэнцыі прэм’ер-міністра”.

Паводле www.birdlifemalta.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Здымак чырвоных фламінга Дзьмітрыя Вінчэўскага

 На гэтую тэму:

Апошні мальтыйскі сокал-падарожнік забіты паляўнічымі?

Масавае забойства буслоў на Мальце

Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс

Кіпрыёты “запрацоўваюць” мільёны эўра, забіваючы мігрыруючых птушак

Comments