Замест уводзінаў
6 траўня мы адзначаем 250-ці гадовы юбілей нашага знакамітага земляка і аднаго з заснавальнікаў батанікі і заалогіі ў Беларусі – праф. С.Б.Юндзіла.
У апошнія гады з’явіліся дзве даволі падрабязныя работы (Савук, 2001, Грамбецка, 2002), прысвечаныя жыццю і дзейнасці прафесара Віленскага ўніверсітэту Станіслава Баніфацыя Юндзіла. Аднак пад час працы над гэтым артыкулам высветліліся некаторыя цікавыя факты, якія мы палічылі неабходным дадаць да біяграфіі Юндзіла, ўзятай за аснову з гэтых 2 крыніц. Цікава, што розныя аўтары прыводзяць розныя даты яго смерці (15 красавіка 1847г. ў А.Савука (2001) і 12 кастрычніка 1847г. ў В.Грамбецкай (2002), якія не супадаюць амаль на поўгады. Але абодва аўтары згодныя, што да даты народзінаў Юндзіла – 6 траўня 1761 г., і ў тым, што пражыў ён 86 год. Такім чынам, простыя падлікі пакуль што вымушаюць спыніцца на даце, якую прапануе В.Грамбецка. Акрамя гэтага, ў знойдзеных намі біяграфічных артыкулах адсутнічае факт выдання С.Б.Юндзілам (разам з Ф.Юрэвічам) кнігі ў 1820г. (гл. ніжэй). Не ўпамінаецца і сам праф. Юрэвіч, якому Юндзілл перадаў кафедру заалогіі ў тым жа годзе. На жаль, у розных крыніцах сустракаецца шмат памылак і недакладнасцяў, пералік якіх заняў бы тут шмат месца, і якія мы, па магчымасці, стараліся выправіць у гэтым артыкуле. Акрамя таго, нам не сустрэліся звесткі па зместу падручнікаў заалогіі, якія Юндзіл выдаў трошкі больш чым 200 год таму. Аўтару, разам з Віталем Гуменным, пашчасціла пагартаць старонкі аднаго з гэтых падручнікаў, прысвечанага птушкам (Jundziłł, 1807). Такім чынам, у артыкуле прыводзіцца кароткі агляд яго зместу.
Каб лепш зразумець кантэкст падзей з жыцця С.Б.Юндзілла, мы палічылі неабходным змясціць некаторыя, вельмі цікавыя, на наш погляд, звесткі пра сістэму навучання на тэрыторыі нашай краіны ў ІІ-й палове XVIII – І-й чвэрці XIX стст., а таксама пра некаторыя гістарычныя падзеі. Каб пазбавіцца блытаніны і падрабязных тлумачэнняў рознага сэнсу ў выкарыстанні назвы “Літва” і прыметніка “літоўскі”, мы выкарыстоўваем апошнія ў адносінах да тэрыторыі тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага (г.зн. тэрыторыі сённяшніх Беларусі, Летувы і часткі Ўкраіны і Польшчы), а для тэрыторыі сённяшняй Літоўскай Рэспублікі выкарыстоўваем назву “Летува”.
Гэтую, ў асноўным кампіляцыйную, працу ніяк не можна лічыць канчатковай у адносінах да жыцця і ацэнкі дзейнасці вялікага біёлага. І шмат якія старонкі яго біяграфіі і твораў яшчэ чакаюць сваіх даследнікаў – магчыма, некага з чытачоў гэтага артыкулу.
Дзякую за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Віталю Гуменнаму, Алесю Госцеву і Алене Вінчэўскай.
Ордэн піяраў і адукацыя ў ВКЛ
У 1597 г. ў Еўропе адбылася падзея, якая праз нейкі час літаральна змяніла грамадзтва. Менавіта ў гэты год арагонец Хасэ дэ Каласанц, пазней прызнаны Святым, заснаваў у Рыме першую бясплатную пачатковую школу, адчыненую для дзяцей усіх грамадзкіх станаў, а найперш - для самых бедных. Для пашырэння такіх школаў у 1617г. быў створаны манаскі ордэн (закон) бедных паўлінскіх законнікаў Маці Божай школ пабожных – Congregatio Paulina clericorum Regularium pauperum Matris Dei scholarium piarum. Праз нейкі час манахаў ордэна пачалі называць проста “піярамі”. (http://www.pijary...; Дзежыц, Мірчук, 2006)
Хасэ дэ Каласанц. З www.upload.wikipedia.org
У Рэч Паспалітую піяры прыбылі ў 1642г., дзе атрымалі падтрымку караля Ўладзіслава IV і некаторых магнатаў. Негледзячы на тое, што ў 1646г. папа Інакенці Х часткова забараніў ордэн, кароль і біскупы заступаліся за піяраў перад Рымам. Ужо ў 1662г. была створана самастойная Польская правінцыя ордэну, з якой у 1695г. выдзялілася віцэправінцыя Літоўская. Яшчэ праз 41 год польская правінцыя была падзелена на Каронную (на тэрыторыі Кароны – Каралеўства Польскага) і Літоўскую (на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага – землях сучаснай Беларусі, Летувы і часткі Ўкраіны). Ужо ў пачатку XVIII ст. працавалі піярскія калегіюмы ў Вільні, Дубровіцы, Любяшове, Шчучыне, Панявежы і Лідзе. Пазней да іх далучыліся піярскія школы ў Зэльве, Лужках, Вількаміры, Расейнях, Віцебску, Сніпішках, Дуброўне, Полацку. (Дзежыц, Мірчук, 2006)
Навучальны курс калегіума разлічваўся на сем класаў, якія замест парадкавых нумароў мелі свае назвы: Infima, Grammatica, Syntaxis, Humanitas, Retoryka, Phylosophia, Theologia. У 2х першых класах вывучаліся лацінская мова (мова тагачаснай навукі) і катэхізіс. У першым класе адразу дзялілі вучняў з рознай пачатковай падрыхтоўкай: minimis (маленькая) – хто толькі вучыўся чытаць; minores (малая) – хто авалодваў асновамі лаціны і majores (вялікая) – тых, хто ўжо пачынаў перакладаць з лацінскай на польскую мову. (Дзежыц, Мірчук, 2006) (Трэба адзначыць, што пастановай Сойму Рэчы Паспалітай з 1696г. польская мова набыла статус дзяржаўнай і ў ВКЛ (Акіньчыц, 2002)). У minores і majores авалодвалі каліграфіяй, а таксама асновамі геаграфіі і арыфметыкі. У класе Граматыкі вывучалі латынь і матэматыку, у класе Сінтаксісу – пераклады з латыні і напісанне лістоў на ёй. Далей пераходзілі ў клас Humanitas (Паэзіі), дзе вялося паўтарэнне найбольш складаных частак лацінскай граматыкі, авалодвалі мастацтвам складання вершаў, а таксама вывучалі красамоўства, творы рымскіх класікаў, гісторыю і права. У класе Рыторыкі вучыліся выступаць з прамовамі і пісаць уласныя творы на ўзор знакамітых айчынных і рымскіх аратараў. За тэмы прамоваў, дыспутаў і лістоў браліся, напрыклад, грамадзкі лад Рэчы Паспалітай, неабходнасць яго ўдасканалення, абарона правоў розных станаў. Пад час дыспутаў катэгарычна забарянялася liberum veto і шумныя паводзіны. (Блинова, 2002, Дзежыц, Мірчук, 2006). У класе філасофіі набываліся веды па розных тагачасных філасофскіх дысціплінах: метафізіцы, логіцы, псіхалогіі, агульнай касмалогіі і натуральнай тэалогіі. Акрамя тэксту Бібліі, выкарыстоўвалі працы Тамаша Аквінскага. У апошнім класе - Тэалогіі – вывучалі алгебру і геаметрыю, механіку і агульную фізіку, працягвалі заняткі тэалогіяй. (Дзежыц, Мірчук, 2006)
Эмблема ордэна піяраў з www.archivum.piar.hu
Выкладчыкі 1-5 класаў мелі званне магістраў, а 6-7-х - прафесараў. Навучанне было бясплатнае. Плата бралася толькі за пражыванне ў канвікце (інтэрнаце) і харчаванне. Аднак дзеткі з бедных сем’яў маглі замест платы выконваць розныя абавязкі ў канквіце. Утрымліваліся калегіюмы, ў асноўным, на ахвяраванні мясцовых магнатаў і шляхты, а таксама на грошы, што паступалі з зямельных уладанняў ордэна. Пасля ўтварэння ў 1773г. Камісіі Нацыянальнай Адукацыі (КНА, падрабязней гл. ніжэй), частку грошай на функцыянаванне калегіюмаў выдзяляла КНА. Праграма навучання ў піярскіх школах была падобная на навучальную праграму ў езуіцкіх школах, аднак дысцыпліна ў піярскіх школах была менш строгай, таму бацькі, і асабліва шляхта, ахвотна аддавалі дзяцей менавіта ў піярскія калегіюмы. (Грыцкевіч, 2002; Дзежыц, Мірчук, 2006)
Рэформа С.Канарскага і дзейнасць КНА
У сувязі з агульным уздымам эканамічнага і культурнага жыцця ў Рэчы Паспалітай паўстала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. Такую рэформу правёў адзін з прагрэсіўных прадстаўнікоў польскага асветніцтва правінцыял Польскай (Кароннай) правінцыі ордэна піяраў Станіслаў Канарскі. Рэформа ў Польшчы была праведзена ў 1740-1750 гг, а ў Літоўскай правінцыі ў 1750-1760 гг. Школьная рэформа была накіраваная на мадэрнізацыю працэсу навучання. С.Канарскі звяртаў асаблівую ўвагу на свецкі характар навучання пры захаванні прадметаў рэлігійнага цыклу. Важнае значэнне пры навучанні мела патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне вучняў. У выніку рэформы курс тэалогіі быў скарочаны., вывучаліся прыродазнаўчыя (геаграфія і біялогія), матэматычныя і грамадскія навукі, былі ўведзены французская і нямецкая мовы, гісторыя Рэчы Паспалітай і ўсеагульная гісторыя, «палітыка, або азнаямленне вучняў з творамі па пытаннях палітычных» і «з мясцовымі законамі і правамі», а таксама больш глыбокае навучанне польскай мове (адначасова курс лацінскай мовы скарачаўся). Шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, а лепшыя выхаванцы піярскіх школ накіроўваліся ў Францыю на стажыроўку. Рэформа піярскіх вучылішчаў была падтрымана прыхільнікамі агульных рэформаў у асяроддзі шляхты. Сярод выхаванцаў піярскіх школ было шмат ўдзельнікаў рэформ 1780-90-х гг у Рэчы Паспалітай. (Грыцкевіч, 2002; Дзежыц, Мірчук, 2006)
У выніку дыскусіі на форуме Сойма Рэчы Паспалітай 14 кастрычніка 1773г. была абраная Камісія Нацыянальнай Адукацыі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага пад патранатам караля. З 1780г. пад яе падпарадкаванне перайшлі ўсе навучальныя ўстановы ў краіне. Гэтая камісія пачала рэформу школьнай адукацыі. Праз паўтара гады прынялі пастанову аб друкаванні падручнікаў і правядзенні экзаменаў. За некалькі наступных гадоў было выдадзена каля 30 новых падручнікаў, у тым ліку і па прыродазнаўчых і матэматычных навуках. У 1803-1824гг. у школах былога ВКЛ выкарыстоўвалася 73 падручнікі, з іх 23 былі ўпершыню выдадзены яшчэ на прыканцы XVIII ст. (Дзежыц, Мірчук, 2006)
Згодна са Статутам аб адукацыі, ўсе школы былі пераўтвораны ў 2 тыпы: ваяводзкія (7 гадоў навучання ў 6 класах) і павятовыя (6 гадоў навучання ў 3 класах) (Сліўкін …; Дзежыц, Мірчук, 2006)
Дарэчы, новыя з’явы ў адукацыі разам з дзейнасцю КНА (фактычна - першага міністэрства народнай адукацыі ў Еўропе) са зменамі, якія адбываліся ў эканоміцы (рэформы Антонія Тызенгаўза і інш.), палітычнай сістэме краіны (Канстытуцыя 3 траўня 1791г.) дазваляюць меркаваць, што Рэч Паспалітая ў канцы ХVІІІ ст. магла паспяхова выйсці з крызісу, які склаўся тут з-за недальнабачнай палітыкі магнацкіх і шляхецкіх палітычных груповак. (Блинова, 2002, Грыцкевіч, 2002)
Арганізацыя навучальнага году
Згодна са Статутам КНА 1777г., навучальны год працягваўся 10 месяцаў – з 25 верасня да 25 ліпеня. Аднак потым гэтыя даты нязначна змяняліся, бо многія дзеткі дапамагалі бацькам у сельскагаспадарчых працах.
Расклад вучэбнага дня ў Шчучынскай школе ў 1803г. цалкам адпавядаў Статуту КНА. У 7 гадзін раніцы дзень пачынаўся рэлігійнай службай, потым з 8 да 10 гадзін і 14 да 16 праводзіліся заняткі. Па аўтораках і чацвяргах вучыліся толькі з раніцы, а па абедзе займаліся фізічнымі практыкаваннямі (ў якія ўваходзілі страявая падрыхтоўка, а таксама з 1783г. верхавая язда і бег) і гульнямі. Выхаванцы Шчучынскай школы ў гэтыя дні займаліся таксама навядзеннем парадку ў школьным батанічным садзе (гл. ніжэй). Акрамя гэтага, кожнага дня выдзяляўся адмысловы час для гульняў.
Канікулы былі непрацяглымі – 4 дні на Каляды і 2 дні на Вялікдзень. Дадому дазвалялася выязжаць толькі тым, хто жыў у бліжэйшых да школы фальварках і вёсках.
Для кантролю ведаў праводзіліся экзамены, ці іспыты: месячныя, квартальныя і гадавыя. Па выніках гадавых іспытаў адбываліся “адкрытыя заняткі” – на іх запрашаліся бацькі, прадстаўнікі грамадзкасці і духавенства. Іспыты пачыналіся з падрыхтоўчага класу. Пасля абеду адказвалі вучні старэйшых класаў. Потым праходзіла служба ў касцёле. І заканчвалася ўрачыстасць уручэннем найлепшым вучням залатых і срэбраных медаляў. Калі сродкаў не хапала, замест медаляў узнагароджвалі кнігамі.(Дзежыц, Мірчук, 2006)
Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Ад народзінаў да медалёў.
У 1498г. Мікалай Юндзілавіч, кухмістр Вялікай княгіні Алены, намеснік дубіцкі і канеўскі, вызнаў разам з братамі Янам і Паўлам, што іх дзед Рачка і бацька Юндзіла дакупілі розныя землі да свайго маёнтка Крамяніца ў Ваўкавыскім павеце. І атрымалі на іх пацверджанне Вялікага князя Аляксандра. (Malewski, 2003). Менавіта з гэтага часу паходзяць першыя пісьмовыя звесткі пра прозвішча Юндзіл (Jundziłł) гербу Лебедзь. (Пазднякоў, 2006)
Герб Юндзілаў "Лебедзь"
Станіслаў Баніфацы Юндзілл нарадзіўся 6 траўня 1761 г. ў вёсцы Ясенцы Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раён на Гарадзеншчыне) ў небагатай шляхецкай сям’і Бенедыкта Дуніна- Юндзіла і Ружы з дому Даўгялаў (Грамбецка, 2002).
Пачаў вучобу ён дома ў прыватных настаўнікаў і ксяндза, дзе між іншага, авалодаў рускай і лацінскай мовамі. Затым, з 1773 па 1776 гг., Станіслаў Баніфацы прайшоў пачатковы курс навук - тры першыя класы - у Лідскім піярскім калегіюме (Савук, 2001) пад час рэктарства ў ім А. Волмера (Сліўкін,..) Усё навучанне ў Лідскім піярскім калегіюме вялі тры настаўнікі, якія амаль усе штогод мяняліся. Калегіюм даваў класічную гуманітарную адукацыю. У 1760-х гг у калегіюме выконвалася праграма, якая складалася з пачатковага навучання, класаў граматыкі, паэзіі і рыторыкі (гл. вышэй). У 1770 г з’явіўся курс красамоўства. У 1772 г па нядзелях пачалі чытаць, як прадмет, мараль, а ў факультатыўны (upatrzony) час - арыфметыку і геаметрыю. Лекцыі працягваліся 4 гадзіны на дзень з 8 да 10 і з 14 да 16 (падрабязней гл. вышэй), акрамя аўторка і чацвярга, іспыты праводзіліся штомесяц, акрамя першых трох месяцаў вывучэння прадмета. Вучыліся ў калегіюме дзеці шляхціцаў і мяшчан ва ўзросце ад 8 да 24 гадоў. Прыём гасцей і перамяшчэнне па горадзе строга абмяжоўвалася і магчымымі былі толькі з дазволу прэфекта (Сліўкін, …)
Менавіта ў Лідзе 16-цігадовы юнак сур'ёзна вырашыў прысвяціць жыццё службе ў ордэне піяраў. У Любяшоў на Валыні (цяпер Украіна) ў 1777 г. Станіслаў Баніфацы прыехаў для праходжання пострыгу (навіцыяту). Любяшоўскі піярскі калегіюм быў адным з найлепшых у ВКЛ – яго скончылі многія вядомыя навукоўцы і палітыкі ВКЛ і Польшчы таго часу (між іншым – браты Касьцюшкі). Пры школе было тры бурсы: княжат Вішнявецкіх, князя Чацьвярцінскага і пана Кужанецкага. Быў пансіянат і для адароных дзетак з вельмі багатых сямей - яны жылі разам з настаўнікамі. Таксама былі парк, фруктовы сад, фальваркі, навакольныя вёскі. Сад меў назву “Венецыя” і быў акопаны шматлікімі каналамі, раслі рэдкія для Еўропы дрэвы. (Дуброшчскі, …) У новай школе Юндзілу пашчасціла натрапіць на такія кнігі, якія адпавядалі яго палкай ахвоце да навук і яго схільнасцям. Увесь вольны час ён праводзіў за чытаннем. За гэта прыйшлося заплаціць пад канец сваёй вучобы ў навіцыяце стратай зроку правага вока. (Савук, 2001) Аднак пасля Любяшоўскага калегіюму перад ім адкрываліся магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю.
Піярскі калегіюм у Любяшове (“Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя…”, 2006)
Здымак пач. ХХ ст.
Такім чынам, Станіслаў Баніфацы у 1777 г. распачаў паслушніцтва, а ў 1779 г. прыняў пострыг з часовым вызваленнем ад захавання манаскага ўкладу ў сувязі з маладым узростам. З гэтага моманту ў яго жыцці перапляталіся перыяды настаўніцкай працы і вучобы. (Грамбецка, 2002). Атрымаўшы пасвячэнне на ксяндза, ён 2 гады настаўнічаў у піярскіх школах, спачатку ў Расенях, а потым у Вільні. (Савук, 2001) У 1781 Юндзіла накіравалі на 2х гадовыя філасоўскія ордэнскія курсы, а потым - на тэалагічныя (багаслоўскія) ў Віленскі піярскі калегіюм. Аднак у 1781 г. у ВКЛ адбываецца пералом у галіне адукацыі. У сталіцы краю – Вільні - адчыняецца Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага - Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae (фактычна ўзраджаецца былы ўніверсітэт), дзе паўстае кафедра прыродазнаўства. (Грамбецка, 2002).
У 1781-1784 гг. Станіслаў Баніфацы працягвае вучобу ў Вільні, дзе вывучае філасофію, геалогію, фізіку, хімію, тэалогію. Яму даводзіцца слухаць лекцыі па гісторыі прыроды вядомага французскага вучонага, біёлага і ўрача Жана Эмануэля Жылібера (Савук, 2001), запрошанага працаваць прафесарам у Галоўную школу ВКЛ. Жылібер яшчэ ў Гродна ў 1775г. першым пачаў сістэматычнае вывучэнне флоры і фауны Беларусі і Летувы. У 1781г. у Гарадзенскай каралеўскай друкарні выйшаў першы том абагульняючай дасьледчую працу Жылібера “Flora Lituanica inchoata…Сolectio I, II, III” Grodnae, 1781 (“Няпоўная флора Літвы…”), працяг якой з’явіўся ўжо ў Вільні ў 1782г.: “Flora Lituanica inchoata…Сolectio IV, V” Vilnae, 1782. (Антипов, 1964) Юндзіл не аднойчы ў сваіх працах звяртаўся да гэтага твору Э. Жылібера (Савук, 2001).
Станіслаў Баніфацы акрамя лацінскай ведаў польскую, рускую, французскую, нямецкую мовы, а таксама, відаць, летувіскую і беларускую. З усіх навук яго найбольш цікавілі прыродазнаўчыя. Асноўным жа яго інтарэсам хутка стала батаніка - навука, да таго часу занядбаная ў школах. (Савук, 2001)
Піярскі калегіюм у Шчучыне (сучасны выгляд). Здымак Дз.Вінчэўскага
У 1785 г. Юндзіл прыязжае ў Шчучын, дзе пад час настаўніцкай практыкі на працягу дзвюх гадоў выкладаў у 3-м класе мясцовага піярскага калегіюму (Дзежыц, Мірчук, 2006). Яму належыць аўтарства рэфармавання ў ім выкладання ў адпаведнасці з новым Статутам КНА. Юндзіл увёў там курс батанікі і ў першы ж год заклаў батанічны сад, пачаў ствараць навуковы гербар мясцовай флоры. (Савук, 2001) На арганізацыю саду рэктар школы Марцін Станевіч выдзяліў зямельны надзел. Да Юндзіла далучыліся яшчэ два настаўнікі – Ісідор Сяклуцкі і Юльян Малішэўскі. (Дзежыц, Мірчук, 2006) У "Дзённіку" Станіслаў Баніфацы піша, што ён першы адважыўся на выкарыстанне нагляднага метаду навучання ў батаніцы і на вырошчванне раслін, патрэбных для паказу на лекцыях і “шчучынскія школа, мною ўпарадкаваная, доўгі час яшчэ была лепшай у Літве”. (Савук, 2001, Грамбецка, 2002) Цікава, што пад час праверкі ў 1814г. там расло каля 500 відаў раслін. У першай палове XIX ст. сад яшчэ ўтрымліваўся ва ўзорным парадку і нават павялічваўся. (Дзежыц, Мірчук, 2006)
У 1787г. Юндзіл вяртаецца ў Вільню і вывучае заалогію, батаніку, мінералогію ў знакамітага нямецкага падарожніка і натураліста, прафесара Георга Форстэра, а таксама працягвае сваю выкладчыцкую працу ў Віленскай піярскай школе, дзе выкладае логіку і метафізіку для яе вучняў (Савук, 2001), працуе настаўнікам французскай і нямецкай моваў. (Дуброшчскі,..) Але выкладаць шмат не давялося. Па загаду правінцыяла Ордэну піяраў Ланга, у выніку намаганняў уладальнікаў Шчучына магнатаў Сцыпіёнаў дэль Кампа, згадзіўся заняцца адукацыяй іх дзяцей, і таму перабраўся жыць у акадэмічныя сцены. Юндзілл апекаваўся маладымі Сыцпіёнамі-студэнтамі як у Шчучыне (падчас канікул), так і ў Віленскім універсітэце (у тыя часы такія патрабаванні мелі універсітэцкія ўлады ў сувязі з маладым узростам абітурыентаў). Свае абавязкі ў доме Сцыпіёнаў Станіслаў Баніфацый цаніў высока, пра што прыгадвае ў "Дзённіку".(Грамбецка, 2002) Выконваючы іх, ён меў больш часу для працы над самім сабою. Бо ў гэты час не толькі навучае, але і сам працягвае вучыцца фізіцы, хіміі, філасофіі, дапамагае прафесару Рэгнеру перакладаць з французскай і італьянскай моў метадычныя і фізічныя працы, ў тым ліку перакладае працу Дж. Бекарыі аб штучнай і прыроднай электрычнасці (у 1786г. пераклад выйшаў асобнай кнігай "О electryczności sztucznei i nataralnei"), збірае ў наваколлі Вільні, Ліды і Шчучына ўзоры мясцовых флоры і фауны (сабраныя ім багатыя калекцыі загінулі ў час паўстання 1830 - 31). (Савук, 2001, Дуброшчскі,..)
Палац Сцыпіёнаў дэль Кампа ў Шчучыне. Сучасны выгляд. Здымак Дз.Вінчэўскага
У 1790 г. Юндзіл пачынае чытаць лекцыі па заалогіі і гісторыі прыроды ў Віленскім піярскім калегіуме, прычым гэта былі першыя лекцыі па-польску (да гэтага выкладанне вялося на лацінскай мове). Сваім вучням ён перадае шмат тых ведаў, якія набыў, займаючыся самаадукацыяй. І ўсё ж яго педагагічная дзейнасць ускладнялася адсутнасцю неабходнага дыдактычнага матэрыялу і падручнікаў. (Савук, 2001, Грамбецка, 2002)
У наступным годзе, падсумоўваючы ўласныя знаходкі і літаратурныя крыніцы, выходзіць яго кніга "Opisanie roślin w prowincyi wielkiego Księstwa litewskiego naturalnie rosnących" (“Апісанне раслін у правінцыі Вялікага Княства Літоўскага, якія растуць у прыродзе”, другое выданне выйшла праз 20 гадоў). За гэтую працу 3 жніўня 1791г. Юндзіл з рук караля Станіслава Аўгуста атрымаў залаты медаль "Bene Merentibus" ("Добра заслужаным") – адну з двух вышэйшых ўзнагарод Рэчы Паспалітай за заслугі (http://pl.wikipedia.org/wiki/Medal...). Пра тое, наколькі кніга была патрэбная, сведчыць спіс падпісчыкаў - іх было больш за 100: вядомыя вучоныя і землеўладальнікі, ўрачы і дамы, якія цікавіліся батанікай. (Грамбецка, 2002)
Другім такім медалём Юндзіл быў узнагароджаны літаральна праз год за даследванне "О źrodłach słonych i soli w Stokliszkach" ("Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках" Вільня, 1792), якое ён прадставіў каралю разам з пробамі солі, атрыманай шляхам вымарожвання з салёнай вады. (Савук, 2001)
Падарожжы за мяжу
16 траўня 1792г. КНА абрала Юндзіла віцэ-прафэсарам натуральнай гісторыі ў Галоўнай школе і выдзеліла 200 злотых на падарожжа за мяжу. Мэтай, якая стаяла перад ім, было ўсебаковае ўдасканаленне прыродазнаўчай адукацыі. 10 чэрвеня 1792 г. малады прыродазнаўца прыехаў у Вену. Ён апынуўся ў навуковым цэнтры вялікай імперыі – Аўстра-Венгрыі - у склад якой уваходзілі вельмі геаграфічна разнастайныя краіны, а багатыя калекцыі, сабраныя ў гэтым горадзе, адлюстроўвалі не толькі разнастайнасць прыроды, але і дасягненні ў пазнанні свету еўрапейскімі вучонымі апошніх стагоддзяў. Акрамя кантактаў з вядучымі батанікамі і падрабязнага знаёмства з батанічнымі садамі ў розных гарадах (а перад усім у Вене), Юндзіл вывучаў таксама хімію і мінералогію. Прыродазнаўства, якое выкладалася тады ў Вільні, аб'ядноўвала батаніку, заалогію і мінералогію, у склад якой уваходзілі і пачаткі металургіі. Менавіта вывучэнню апошняй было прысвечана падарожжа ў Дрэздэн і Фрэйберг, якое адбылося ў восень і зіму 1793 г. Пад час яго вучоны наведаў металургічныя заводы і вывучаў навейшыя тэхналогіі, якія там выкарыстоўваліся.
У сакавіку 1794г. Юндзіл вярнуўся на радзіму і атрымаў дадаткова 100 злотых ад КНА на яшчэ адну паездку ў Вену. Цяпер яго заданнем было вывучыць арганізацыю працы мясцовай ветэрынарнай школы. Пасля ён зрабіў азнаямляльную паездку ў Славакію (частку тагачаснай Венгрыі). Аднак і там, акрамя вывучэння металургіі і горнай прамысловасці, па магчымасці, займаўся батанікай, вывучаў мясцовыя і збіраў уласны гербарый.
Віленскі ўніверсітэт і праца ў ім
У кастрычніку 1797г. Станіслаў Баніфацы вярнуўся на радзіму, якая ў 1795г., пасля падаўленьня паўстання генерала Касьцюшкі, актамі трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай была размеркавана паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Землі былога ВКЛ амаль цалкам апынуліся ў Расейскай імперыі. І, фактычна, ён вяртаўся ўжо ў іншую краіну.
Галоўны будынак Віленскага ўніверсытэту. www.ziggy.pl
У 1802-03гг. цар Аляксандр І не без уплыву свайго сябра князя Адама Чартарыйскага пачаў захады па рэфармаванні адукацыі ў Расійскай імперыі, галоўным чынам асноўваючыся на досведзе працы КНА. 16 красавіка 1803г. Галоўная школа ў Вільні становіцца Віленскім імператарскім універсітэтам (Imperatoria Universitas Vilnensis). Царскі ўказ гарантаваў "існаванне на ўсе часы старажытнага Ўніверсытэту ў Вільні, заснаванага ў 1578, адноўленага ў 1781, роўнага найбольш асвечаным нацыям Еўропы ва ўзроўні выкладання.” Ўніверсітэт зноў атрымаў нейкі ўзровень аўтаноміі і імунітэту ад ўладаў. Тры асноўныя абавязкі, якія ўскладаліся на яго, былі: адукацыйныя даследаванні, выкладанне і кіраванне школьнай адукацыяй у новастворанай Віленскай навучальнай акрузе (на тэрыторыі якой жылі прыкладна 9 мільёнаў чалавек). (Venclova, 1981)
У 1802г. Юндзіл атрымаў пасаду прафесара батанікі і заалогіі і наступныя 22 гады выкладаў у Віленскім універсытэце батаніку і 18 гадоў заалогію. (Грамбецка, 2002)
У 1801 г., калі нашэсці саранчы сталі сапраўдным бедствам у паўднёвых раёнах краіны, вучоны быў запрошаны для абмеркавання мераў, якія неабходна прыняць ад пагрозы распаўсюджання гэтых насякомых. Ён распрацаваў метады знішчэння, якія, размножаныя друкам, былі разасланы па ўсіх паветах. Тэкст выступлення быў надрукаваны ў зборніку "Dyssertacyja o szarańczy i sposobach iey wygubienia. – Kn.: Uniw. Wilenski. Sessya publiczna… Wilno, 1801" („Дысертацыя аб саранчы і спосабах яе знішчэння"). (Савук, 2001, www.vaizdai.lnb.lt)
У 1800 г. Юндзіл абараніў доктарскую працу з тэалогіі, што дазволіла яму атрымоўваць розныя пасады ва універсітэце, нават тыя, якія не былі звязаны з яго кваліфікацыямі натураліста (Грамбецка, 2002).
У 1799 г. у Вільні выходзіць новая кніга Юндзіла "Botanika stosowana... według układu Linneusza" ("Ужытковая батаніка, або звесткі пра ўласцівасці і месца раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі і іх радзіме, размнажэнні, утрыманні паводле сістэмы Лінэя".) (Савук, 2001, www.vaizdai.lnb.lt )
28 жніўня 1797г. Юндзіл атрымаў званне доктара філасофіі, што адкрывала шлях да кіравання кафедрай. І ў 1798 г. пачаў чытаць лекцыі па батаніцы ў Галоўнай Літоўскай Школе - так пасля падзелу і далучэнню гэтых зямель да Расейскай імперыі называлася Галоўная Школа ВКЛ. Спачатку Станіслаў Баніфацы працаваў як віцэпрафесар, а кафедрай загадваў яго папярэднік - Фердынанд Шпіцнагель. У 1799г. Юндзіл ачольвае ўніверсытэцкі батанічны сад, пераносіць яго на тагачасны ўскраек Вільні - ў Серайкішкі. На момант перадачы саду ад Шпіцнагеля там было каля 400 відаў раслін, ў 1802 г. - ужо 1072, у 1804 г. - 1526, у 1810 г. – 2400. Калі Юндзілл перадаваў сад свайму наступоўцы, колькасць відаў, якія вырошчваліся ў Батанічным садзе Віленскага універсітэта, дасягала ўжо 6500. Акрамя батанічных калекцый, Юндзіл разам з праф. Баянусам з медычнага факультэту і іншымі папаўняе заалагічныя і мінералагічныя ўніверсітэцкія зборы (http://ru.wikipedia.org/...). (Грамбецка, 2002)
Цікава, што Статут Віленскага ўніверсітэту быў выкарыстаны як узор пры заснаванні іншых універсітэтаў на тэрыторыі імперыі – Казанскага, Харкаўскага і Пецярбурскага. Універсітэт меў 4 факультэты: фізіка-матэматычны, медычны, маральных і палітычных навук, літаратуры і мастацтваў. Акрамя гэтага, універсітэту належалі батанічны сад, анатамічны музей, заалагічныя ды іншыя калекцыі, клінікі і лабараторыі фізікі і хіміі, семінарыя і бібліятэка з больш 60 000 тамоў. (Venclova, 1981)
Пасля ўтварэння універсітэту ў 1803г. на факультэце фізікі і матэматыкі былі 2 кафедры: натуральнай гісторыі і батанікі. Аднак у тым самым годзе гэтыя кафедры былі ператвораны ў 3: заалогіі, батанікі і мінералогіі. (Paludiene, 2003)
Колькасць студэнтаў павялічылася з 290 (у 1804) да 1321 (у 1830). Па гэтаму паказчыку Віленскі ўніверсітэт быў найбольшым у Расейскай імперыі – у асобныя гады ў ім вучылася больш студэнтаў, чым ва ўсіх іншых універсітэтах Расеі разам узятых. Працавалі 32 кафедры на якіх выкладаліся 55 прадметаў. Аднак зарплаты выкладчыкаў былі больш нізкімі, чым у іншых універсітэтах – напрыклад, у 5 разоў меншымі, чым у Тартускім універсітэце (які фінансава падтрымлівалі нямецкія бароны з Інфлянтаў (Лівоніі)). Тым не менш, традыцыі і ўзровень выкладання прыцягваў шматлікіх студэнтаў, галоўным чынам з земляў былога ВКЛ і Польшчы. (Venclova, 1981) Цікава, што ў 20-ыя гады ХІХ ст. студэнты беларускіх губерніяў складалі прыкладна 80 % ад іх агульнай колькасці (Палубятка …). Віленскі ўніверсітэт меў добрыя сувязі з падобнымі навучальнымі ўстановамі Вены, Гётынгену, Гэйдэльбергу, Ляйпцыгу, Галле, Йены, а таксама з рознымі ўніверсітэтамі Францыі, Англіі, Італіі і Расеі. Да 1823г. ўніверсітэт ачольвалі яркія рэктары: Геранім Страйноўскі (Strojnowski), Ян Снядэцкі (Sniadecki) і Шымон Малеўскі (Malewski). Час з 1814 да 1823 г. лічыцца “залатым векам” універсітэту, росквітам лібералізму і нацыяналізму. (Venclova, 1981)
Праф. Анджэй Снядэцкі – сябар і калега Юндзіла па ўніверсытэту. www.ru.wikipedia.org
Трэба адзначыць, што многія выкладчыкі былі тыповым прыкладам эпохі Асветніцтва і акрамя высокіх навуковых кваліфікацый былі цікавымі і ўсебакова адукаванымі людзьмі. Так, малодшы брат рэктара Анджэй Снядэцкі, прафесар хіміі і фармацэўтыкі, акрамя перакладзенай на нямецкую і французкую мовы кнігі “Teoria jestestw organicznych” (“Тэорыя арганічных істотаў”, 1804-38) і шматлікіх навуковых артыкулаў, таксама пісаў артыкулы ў газэты, сатырычныя фельетоны і меў свае погляды на адукацыю. (Venclova, 1981)
Праф. Людвіг Баянус. www.ru.wikipedia.org
На медычным факультэце працаваў прафесар ветэрэнарыі Людвіг Гайнрых Баянус – адзін з першых эвалюцыяністаў, вучань Кюв’е. (Venclova, 1981) Акрамя выдатных анатамічных даследаванняў чалавека, ён таксама займаўся параўнаўчай анатоміяй іншых жывёлаў – як хрыбетных, так і безхрыбетных. І між іншым напісаў двухтомную працу па антоміі чарапах «Anatome Testudinis Europaeae» (v. 1-2, Wilno, 1819-1821). Менавіта Баянус адкрыў ворган выдзялення малюскаў, які потым атрымаў яго імя (http://ru.wikipedia.org/...)
Сам Юндзілл быў даволі спрэчнай асобай. Вядомы яго сутыкненні і спрэчкі з многімі прафесарамі. Некаторыя лічылі яго зласлівым нацыяналістам, які змагаецца з усім чужым. Аднак гэта было не так. Прычыны спрэчак былі больш складаныя. Свае меркаванні Юндзіл выказваў на пасяджэннях востра і безкампрамісна. Яны адлюстроўвалі яго погляды на ролю выкладчыкаў і арганізацыю універсітэцкага жыцця. Яшчэ з ранняй маладосці прызвычаены да ордэнскай дысцыпліны, ён дрэнна ўспрымаў новыя ўведзеныя ва універсітэце звычаі. У гэтым пытанні яго праціўнікі мелі рацыю. Нельга было бясконца арганізоўваць школьнае і універсітэцкае жыццё па ордэнскім узоры. Свецкі лад жыцця ўвайшоў у паезуіцкі Віленскі універсітэт разам з іншаземцамі, і гэта было пазітыўным. Аднак меў Станіслаў Баніфацы і шмат сяброў. Акрамя замежных і айчынных батанікаў і ўладальнікаў садоў, сябраваў з прафесарам рэктар Ян Снядэцкі. З братам апошняга Анджэем Юндзілл распачынаў шматлікія сумесныя ініцыятывы на факультэце. (Грамбецка, 2002) Добрыя адносіны падтрымліваў Станіслаў Баніфацы і з суседзямі сваіх маёнткаў Юндзілішкі і Падборы, калі наведваў іх у вольны ад працы час - напрыклад, з Балінскімі (зяцем якіх быў Ян Снядэцкі). (Siemienowicz, …)
Прафесар Юндзіл у сваёй выкладчыцкай дзейнасці абапіраўся на лекцыі - што зразумела - і на практычныя заняткі ў батанічным садзе, які быў для яго крыніцай паказу падчас заняткаў і асноўным месцам працы студэнтаў. Вучоны лічыў, што гэты сад павінен служыць выключна дыдактыцы і таму на працягу ўсёй сваёй прафесарскай дзейнасці быў супраць праектаў навязвання універсітэцкаму саду функцый гарадскога парку. Ён неаднаразова пісаў, што сад павінен служыць выключна "навучанню моладзі". (Грамбецка, 2002)
Свае намеры, якія датычылі зместу і метадаў навучання, вучоны апублікаваў у выдаваным універсітэтам спісе лекцый "Prospektus lektionenе" на 1802/1803 акадэмічны год. З яго можна даведацца, што расклад заняткаў быў наступны: зімой выкладаліся тэарэтычныя часткі батанікі, перш за ўсё агульныя звесткі пра жыццё раслін (т. зв. фізіялогія раслін), правілы ўтварэння класіфікацыйных сістэм, якія выкарыстоўваліся ў тыя часы, і адпаведная тэрміналогія. Вясновыя і летнія месяцы прысвячаліся працы ў батсадзе, навакольных лясах і лугах. Такім чынам, студэнты вывучалі расліны практычна з усяго свету, а на экскурсіях (якія называліся тады гербарызацыямі) - мясцовыя віды і вучыліся іх вызначаць. Веданне асноў класіфікацыі Юндзілл лічыў вельмі важным для ўсіх прыродазнаўцаў. Ён экзаменаваў па батаніцы і заалогіі на розных узроўнях вучобы. Акрамя звычайных курсавых экзаменаў для студэнтаў першых курсаў (вывучэнне прыродазнаўчых навук было абавязковым як для будучых настаўнікаў, так і медыкаў), ён прымаў экзамены на навуковыя ступені: кандыдата, магістра і доктара, а таксама ў кандыдатаў на "настаўніцкую пасаду" і ўрачоў, якія хацелі, каб атрыманы імі ў замежных універсітэтах дыплом дзейнічаў на тэрыторыі Расійскай імперыі.
У 1803 г. была створана і Віленская навучальная акруга (ВНА), навучальна-метадычным і адміністрацыйным цэнтрам якой стаў Віленскі універсітэт. Гэтай акрузе падпарадкоўваліся навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў, а з 1810 г. і Беластоцкая вобласць. Такім чынам, ВНА ахоплівала тэрыторыю Летувы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны, г.зн. былую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. (Грыцкевіч, 2002)
Піярскія школы былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі з 1804 г. і атрымалі статус павятовых вучылішчаў, аднак забаранялася адчыняць новыя школы. Яны вялі навучанне згодна з праграмамі 4-класных павятовых вучылішчаў. Асноўнае месца ў іх навучальным плане адводзілася мове і літаратуры (польскай, лацінскай, французскай і нямецкай). Прыблізна чвэрць усяго часу навучання займала вывучэнне фізіка-матэматычных навук. У вучылішчах таксама выкладалі гісторыю, геаграфію, логіку і права. Тэалогія як прадмет у навучальным плане адсутнічала, але адзін з ксяндзоў быў абавязаны штодзённа перад урокамі і ў святочныя і нядзельныя дні вадзіць навучэнцаў на набажэнства. Закон Божы як прадмет заставаўся. Навучальнай мовай ва ўсёй Віленскай акрузе была польская. Руская мова ўводзілася ў праграму толькі па жаданні навучэнцаў. (Грыцкевіч, 2002) Так, напрыклад у Лідзе сістэматычна вучыць рускай мове пачалі толькі ў 1811 г (Сліўкін,..).
Самы знакаміты вучань праф.Юндзіла – Канстанцін Тызенгаўз. (малюнак з В. Гарбачовай (2006))
Таму не дзіўна, што столькі выпускнікоў Віленскага ўніверсітэту – ды не толькі яны – мелі ў сваіх паперах характэрны подпіс - X.Jundziłł - Кс(ёндз) Юндзілл. (Грамбецка, 2002) Самым знакамітым яго студэнтам аднак застаецца заснавальнік беларускай орніталогіі граф Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). (Вінчэўскі, 2006)
З часу выйсця апошняга падручніка "Батаніка для нацыянальных школ", які напісаў Кшыштаф Кмок у 1785г., у выкладанні батанікі адбыліся так значныя змены, што праф. Юндзіл вырашыў напісаць новыя падручнікі. І ў 1804 г. у Варшаве выходзіць першы том новай кнігі, прызначанай для школ, пад назвай "Początki botaniki. Cz.1. Fizyologiia roslin" ("Пачаткі батанікі, 1 ч. Фізіялогія раслін"), а 2-я частка – “Cz.2. Nauka wyrazow” ("Навука тэрмінаў" - г. зн. шырокі батанічны слоўнік) - выйшла ў наступным годзе ў Вільні. Кніга была добра ілюстравана – ў першым томе было 15 малюнкаў, у другім - 17, што рабіла больш лёгкім карыстанне імі. (Грамбецка, 2002, www.vaizdai.lnb.lt )
Тытульны аркуш другога выдання (1818) “Пачаткаў батанікі” Юндзілла з www.Historianatur.pl
Апякун ВНА князь Адам Чартарыйскі з нагоды выхаду новых падручнікаў 15 сакавіка 1805г. даслаў Юндзілу віншавальны ліст (Stanley , 2000). Акрамя гэтай падзякі, Юндзілл быў узнагароджаны царом Аляксандрам І пярсцёнкам з брыльянтам (Дуброшчскі,..). Кнігі амаль адразу пасля першага выдання былі прызнаны досыць цяжкімі для вучняў і залічаны да універсітэцкіх падручнікаў. Аднак з цягам часу ўзровень вывучэння батанікі ў школах узрастаў, і "Пачаткі батанікі" рэкамендавалі як падручнікі для школ. (Грамбецка, 2002) І таму яшчэ два выданні без усялякіх зменаў выйшлі ў 1818 і 1829гг. (www.vaizdai.lnb.lt )
200 год першым падручнікам па заалогіі для школ Беларусі
С.Б. Юндзіл шмат гадоў выкладаў і заалогію. У гэтай галіне ён таксама напісаў школьныя падручнікі, якія атрымалі назву "Zoologia krótko zebrana" ("Кароткі нарыс заалогіі") (гл. фота). Аднак няхай чытача не падмане гэтая назва! Першы раз трохтомнае (!) выданьне у 4-х частках выйшла ў Вільні ў 1807, другое - ?, трэцяе і чацьвёртае – ў 1827 і 1829гг. (www.vaizdai.lnb.lt ).
Склад і змест частак быў наступны: Cz.I: Zwierzęta ssąnce. (частка І “Звяры”) - 346 ст.; Cz.II: Ptastwo. (ч. ІІ “Птаства”) – 302 ст.; Cz.3-4: Plazy i ryby, Owady i robactwo. (чч. 3-4: “Гады і рыбы, Насякомыя і чэрві”) - ст. 198; [199]-432.
Як і падручнікі па батаніцы, кнігі па заалогіі выкарыстоўваліся на тэрыторыі ўсёй Віленскай навучальнай акругі, а таксама ў Варшаўскім герцагстве (Савук, 2001). Такім чынам, у 2007г. мы адзначалі 200-годдзе першых падручнікаў па заалогіі для школ Беларусі!
Першае, што кідаецца ў вочы – гэта невялікі фармат кнігаў – іх памер толькі 18 на 10,5 см! Для класіфікацыі жывёл (як папярэдне і раслін) праф. Юндзіл выкарыстаў сістэму Лінэя, якую лічыў найлепшай. Тэкст падручніка па птушках падзелены на некалькі частак. Ва ўступе, акрамя агульных падыходаў да сістэматыкі птушак (якую, следам за Лінэям, аўтар лічыць найбольш лёгкай у параўнанні з іншымі групамі жывёл), ёсць цікавыя развагі наконт сэнсу вылучаць некаторых птушак як “драпежных”. Бо, як справядліва заўважае Юндзіл, амаль усе птушкі ядуць іншых жывёл, таму амаль усе яны “драпежныя”.
Для кожнага з 6 атрадаў, на якія падзяляў клас Aves (Птушкі) Лінэй, за кароткай характарыстыкай, ідзе даволі падрабязнае апісанне яго прадстаўнікоў ў выглядзе нарысаў для некалькіх (асноўных?) родаў і іх відаў. Напісаны падручнік даволі простай і цікавай мовай. Атрады ж выдзяляліся наступныя: 1.Accipitres (Драпежныя): драпежныя птушкі, совы, грычуны; 2. Picae (Сарокавыя): дзятлы, папугаі, крумкачовыя і інш.; 3. Anseres (Водныя): гусі, качкі, лебедзі, пеліканы, бакланы, чайкі, крычкі, гагачы, коўры і інш.; 4. Grallae (Балотныя): кулікі, буслы, жураўлі, дропы, страусы і інш.; 5. Gallinae (Курыныя): курыныя птушкі; 6. Passeres (Вераб’іныя): вераб’іныя птушкі, лялякі і галубы. Іншых лацінскіх тэрмінаў, акрамя назваў атрадаў і відаў, у тэксце кнігі сустракаецца няшмат.
Тытульны аркуш першага выдання другой часткі падручніка “Кароткі нарыс заалогіі” Юндзіла “Птаства”. Здымак Алеся Госцева.
Акрамя звестак, якія C.Б. Юндзіл (Jundzill, 1807) выкарыстаў з кніг дэ Б’юффона і, напэўна, іншых вядомых аўтараў тых часоў, для апісання некаторых відаў навуковец дадае свае каментары. Так, напрыклад, пра сіваграка ён піша, што хаця з-за прыгажосці птушкі шмат хто забірае з гнёздаў птушанят (каб трымаць потым у якасці ўпрыгожвання шляхецкіх сядзібаў), рабіць гэта не трэба. Бо дакладна невядома, чым дарослыя птушкі выкормліваюць іх і таму такія спробы хатняга гадавання заканчваюцца няўдачай. Цікава, што ў якасці прыкладаў прадстаўнікоў розных атрадаў Юндзіл прыводзіць не толькі нашы віды, але і птушак з іншых кантынентаў, якія былі вядомы на той час. Заканчваецца падручнік Спісам усіх відаў, прыведзеных у кнізе, па-польску і на Лаціне (на 4х старонках). Аднак у адрозненне ад падручнікаў па батаніцы, ў “Заалогіі” зусім адсутнічаюць малюнкі. І гэта, напэўна, адзін з сур’ёзных недахопаў кнігаў менавіта як падручнікаў.
Выданне атрымала шырокае прызнанне і доўгі час выкарыстоўвалася як падручнікі, якія рэкамендаваліся школам на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ХІХ ст. (Грамбецка, 2002). Трэба адзначыць, што спачатку заалогія як прадмет выкладалася ў 3-х класах, а потым – у павятовых школах y 1-х і 2-х (2 і 1 гадзіну на тыдзень адпаведна) (Дзежыц, Мірчук, 2006).
Іншая дзейнасць прафесара Юндзіла і апошнія гады жыцця
У 1810 г. Юндзіл добраахвотна адмовіўся на карысць заняткаў навукай ад абрання і зацверджання віленскім кафедральным канонікам. (Савук, 2001) Праз год пад змененай назвай выходзіць другое выданне яго кнігі пра расліны ВКЛ: “Opisanie roslin Litewskich według układu Linneusza" (Wilno, 1811).
Прафесар С.Б.Юндзілл у сталыя гады
Як і многія сучаснікі Юндзіла, ён быў грамадзка актыўным чалавекам. Вось пералік толькі некаторай яго дзейнасці ў гэтым напрамку: заснаваў фонд для збяднелых юнакоў з роду Юндзілаў; быў сарэдактарам газэты «Dziennik Wileński», ў якую шмат пісаў (Дуброшчскі, ..); пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс “Бібліяфобія” (Пазднякоў, 2006); кансультаваў князёў Агінскіх у справе стварэння парку ў іх маёнтку ў Залессі (http://oginski.iatp.by...).
Тытульны аркуш кнігі Юндзіла і Юрэвіча “Апісанне
прадметаў натуральнай гісторыі” і малюнак саранчы з гэтай кнігі. www.portal.unesco.org
У 1820г. праф.Юндзіл перадае выкладанне заалогіі і аднайменную кафедру свайму вучню (?) Фартунату Юрэвічу. У гэтым жа годзе выходзіць і апошняя навуковая кніга (падручнік?) “Апісанне прадметаў натуральнай гісторыі” Юндзіла ў сааўтарстве з Юрэвічам (Stanislaw Bonifacy Jundzill, Fortunat Jurewicz “Opisy przedmiotow historyi naturalney” Wilno: nakl. Fr. Moritza, 1820. [102] p., [72] illustr.) (http://www.mokslasvu...).
У 1817г., часткова пад уздзеяннем масонаў, ва ўніверсытэце ўзнікла студэнцкае таварыства Філаматаў, праз тры гады – ў 1820 – таварыства Філарэтаў. Выступалі яны за паглыбленне самаадукацыі і пашырэнне адукацыі для паспалітых людзей. Аднак некаторыя з сябраў гэтых таварыстваў таксама падзялялі і патрыятычныя, анты-імперскія погляды і мэты. (Venclova, 1981)
Ёсць звесткі, што праф. Юндзіл не падзяляў энтузіязму некаторых выкладчыкаў адносна ўзгаданых таварыстваў як і палітычнай дзейнасці студэнтаў, бо па-просту баяўся, як казаў адзін з герояў паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча:
Дай ім прычыну і, злачынцы,
Закрыюць універсітэт.
“Студэнты, - крыкнуць, - якабінцы!”
І нацыі загубяць цвет.
У 1823г. сябры абодвух таварыстваў былі арыштаваны. Трое з іх былі засуджаны да турэмнага зняволення, а 18 высланы ў глыб Расеі. Цар змяніў не толькі кіраўніцтва ВНА, але і ўніверсытэту. Прафесараў з ліберальнымі поглядамі: Лелявеля, Даніловіча, Галухоўскага, Контрыма, Онацевіча - вымусілі сыйсці. (Venclova, 1981).
У гэтым жа годзе з універсытэту звальняецца праф. Баянус, а праз год сыходзіць на пенсію і сам Юндзілл. Аднак кафедру батанікі і батанічны сад (у 1825г.) ён перадаў у падрыхтаваныя рукі свайго вучня і далёкага сваяка Юзафа Юндзіла (1794-1877) (Савук, 2001).
Рэшту жыцця Станіслаў Баніфацы пражыў з такім жа светлым розумам, як і раней. Ён не быў у бяздзейнасці - шмат падарожнічаў за мяжу, каб паправіць стан здароўя: ў Карлсбад, Варшаву, Ўроцлаў, Бэрлін. Заўсёды знаходзіў час для наведвання батанічных садоў і калег-навукоўцаў.(Савук, 2001, Грамбецка, 2002)
Пасля канчатковай паразы т.зв. “лістападаўскага паўстання” 1830-31гг. ў Польшчы і Літве, з палітычных прычын спецыяльным дэкрэтам 1 траўня 1832г. цар зачыняе Віленскі ўніверсітэт. (Venclova, 1981)
Гэтую падзею Юндзіл перажываў найцяжэй. Паўсталі тры рукапісы, выдадзеныя ўжо пасля смерці прафесара. Адзін з іх - ён апісвае выпадкі, што прывялі да закрыцця універсітэта - быў надрукаваны ў зборніку "Літоўскія абразкі. З успаміну вандроўніка “Сабары" (Познань, 1874); другі апісвае ўласныя меркаванні Юндзіла пра людзей, якія працавалі ў навучальнай установе на працягу доўгіх гадоў, асабліва пра іншаземцаў ("Збор дробных звестак пра асобы і навуковыя арганізацыі ў былым і сучасным стане (1829) Віленскага універсітэта”(у: Віленскі калектыўны часопіс, Вільня 1859), трэці, урэшце, выданы яго біёграфам Янам Юндзілам, падрабязна, з дакладнасцю хронікі, аднатоўвае падзеі ў Батанічным садзе ("Варшаўская бібліятэка", 1850, т.1). Акрамя таго, прафесар піша асабісты дзённік - тэкст, які з'яўляецца найлепшай крыніцай для азнаямлення з жыццём і думкамі Станіслава Баніфацыя Юндзіла. (Грамбецка, 2002)
Аднак і наступныя гады не былі радаснымі: ў 1844г. царскія ўлады закрываюць Віленскую медыка-хірургічную акадэмію - апошні анклаў вывучэння ў Вільні прыродазнаўчых навук. Адбылося і фактычнае знішчэнне Батанічнага саду, які ў тым жа годзе быў ператвораны ў гарадзкі парк. (Грамбецка, 2002) Але нават пры аслабленых фізічных сілах ён валодаў выдатнай памяццю. На схіле сваіх дзён Юндзіл цалкам страціў зрок. У 1846 г. „Кур'ер віленскі" надрукаваў яго чарговае паведамленне пра цікавыя прыродныя з'явы. Аднак гэта быў апошні артыкул вялікага біолага. 12 кастрычніка 1847 г., пражыўшы 86 год, пасля адчування на працягу некалькіх дзён слабасці, з-за выпадковага падзення ва ўласным пакоі, ён скончыў свой жыццёвы шлях. (Савук, 2001, Грамбецка, 2002) Пахаваны Станіслаў Баніфацы Юндзілл на Віленскіх Бернардынскіх могілках. Яго вучань - Юзаф Юндзлл - паставіў там помнік, на якім напісана: "Прыродазнаўства ў краіне пашыральнік, Батанічнага саду ў Вільні стваральнік". (Грамбецка, 2002)
Акрамя адзначаных вышэй кніг, Юндзіл таксама аўтар шматлікіх артыкулаў па батаніцы, заалогіі, геалогіі, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы і методыцы выкладання прыродазнаўства (Пазднякоў, 2006). Назаўсёды засталося ў польскай мове і шмат відавых назваў і тэрмінаў, ім утвораных (Грамбецка, 2002).
Вялікі біёлаг быў сябрам разнастайных навуковых таварыстваў: у Варшаве (Towarzystwо Przyjaciół Nauk, 1801; Towarzystwо Gospodarcze, 1811), Маскве (Общество любителей природы, 1805), Пецярбургу (Петербургское фармацевтическое общество). (Савук, 2001)
Яго імем названы 2 віды раслін: Rosa jundzilli Bess. (роза Юндзіла) і Silene jundzilli Zap. (смалёўка Юндзіла) (Грамбецка, 2002, http://linnaeus.nrm.se/flora...), а таксама вуліца ў сучасным Вільнюсе.
Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Выкарыстаныя крыніцы:
Акіньчыц С. Залаты век Беларусі. Мн.: “Юніпак” – 2002, 127 с.
Антипов В. Г. «Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии». Ботаника: иссл. Вып. 6. -Мн: Наука и техника. 1964. - С.262-271 Доступ: http://hbc.bas-net.by/bcb/publications/publ-705.php
Блинова Т. Б. «Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения.» Гродно- 2002, 427 С.
Вінчэўскі Дз. “Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). Да 220-годдзя з дня народзінаў.” Сб. мат. ІІ-й Гродненской обл. открытой зоол. конф. учащихся, посв. 220-летию со дня рождения Константина Тызенгауза. 17-19.02.2006, г.Гродно. Гродно: «Гродн. типография» - 2006, с.5-23
Гарбачова В.В. “Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: бібіліяграфічны слоўнік” Мн.: Выд. цэнтр БДУ, 2006 – 400 С.
Грамбецка В. “Станіслаў Баніфацый Юндзіл”. 2002. Доступ: http://pawet.narod.ru/book/hist/jndzil_by.html
Грыцкевіч А. “Рэлігійная і свецкая адукацыя. Піярскія школы ў Беларусі ў XVIII — першай трэці XIX ст.” НАША ВЕРА 3(21)-2002 Доступ: www.media.catholic.by/nv/n21/art13.htm
Дзежыц В.А., Мірчук У.М. “Адукацыя на Шчучыншчыне ў XVIII-XX стагоддзях. Краязнаўчы нарыс.” Гродна: Гродзенскае гарадзкое аддз. ТБШ. 2006, 44 С.
Дуброшчскі, “Любяшоў” Доступ: http://tbm.org.by/ns/no518/lubashou.html
http://www.pijary.catholic.by/modules.php?name=Pages&go=page&pid=2
Пазднякоў В. “Юндзілы…” // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т.2. Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 2006 – с.770-771
Палубятка Я. “Альма Матар Вялікага Княства .(450-я угодкі Віленскага універсітэта)” Наша Слова №41 Доступ: http://tbm.org.by/ns/no41/kalandar.html
Савук А. “Паслядоўнік Лінэя. 240 год з дня нараджэння С. Б. Юндзіла.” Лідскі летапісец -14- 2001. Доступ http://pawet.narod.ru/book/jndil.html
Сліўкін В. “Гісторыя адукацыі ў Лідзе” "Лідскі летапісец" № 19, 20, 21, 22, 23-24 http://pawet.narod.ru/book/sliukin/adukacyja.html
Jundziłł X.B.S. Zoologia krótko zebrana. Cz.II: Ptastwo. Wilno: Druk. J.Zawadzkiego, 1807, 302 P.
Malewski Сz. Podborze a testament Adama Mickiewicza. Nasz Czas 29 (618) – 2003 Доступ: http://www.nasz-czas.lt/329/czas.html
Paludiene G. Foundation of Department of Mineralogy at Vilnius university an its activities 1803-1832. Geologija (Vilnius) -43-2003, p.3-11/ Доступ: http://images.katalogas.lt/maleidykla/geol43/G-03.pdf.
http://oginski.iatp.by/blr/zalesse.htm
http://www.pijary.catholic.by/modules.php?name=Pages&go=page&pid=2
http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%BE%D1%8F%D0%BD%D1%83%D1%81,_%D0%9B%D1%8E%D0%B4%D0%B2%D0%B8%D0%B3_%D0%93%D0%B5%D0%BD%D1%80%D0%B8%D1%85
Siemienowicz Z. Przez puszcze Rudnicka. Доступ: http://www.zwoje-scrolls.com/zwoje05/text14.htm
Stanley J. Letters to Vilna/Listy do Wilna – 1805. Canadian Slavonic Papers, Sep. 2000 Доступ: http://findarticles.com/p/articles/mi_qa3763/is_200009/ai_n8921160
http://linnaeus.nrm.se/flora/di/rosa/rosa/rosajun.html
http://www.mokslasvu.mb.vu.lt/LT.php?content=publication&Id=86
www.vaizdai.lnb.lt
Venclova Т. Four Centuries of Englihtenment. A Historic View of the University of Vilnius, 1579-1979. Lituanus – 27 (1)-1981 Доступ: http://www.lituanus.org/1981_2/81_2_01.htm
http://pl.wikipedia.org/wiki/Medal_Bene_Merentibus
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
cipto junaedy … (госць) - 23.12.2012 - 01:27
I am Cipto Junaedy, This is
Уладзя (госць) - 23.12.2012 - 08:16
Каб не "I am Cipto