Першыя дні сакавіка выдаліся сонечнымі, але трошкі марознымі, і мы вырашылі ўвечары пахадзіць па лесу і паслухаць, якія з соў адгукаюцца, стандартная методыка ўлікаў з дапамогай галасавой стымуляцыі. Дадзеная методыка для нас даволі новая, таму ў першы вечар вырашылі далёка не ад’язджаць, а прайсціся ў ваколіцы Гродна, каля прафілакторыя “Купалінка”. Год таму я ў гэтым месцы ўжо чуў вушастую саву, таму разлічваў, што яе атрымаецца пачуць і цяпер, але яна ніводнага разу не адгукнулася. Настрой пачаў псавацца, пакуль з супрацьлеглага боку Нёмана не пачулі звонкі голас шэрай кугакаўкі. Было не зразумела, ці яна адгукнулася на нашае прайграванне ці крычала сама па сабе. На наступны вечар мы вырашылі з’ездзіць далей ад шуму горада і спыніліся на ландшафтным заказніку “Азёры”, што ў 20 км на поўнач ад Гродна. Наш маршрут праходзіў ад прыпынку Рыбніца да Багушоўкі. Дадзены біятоп уяўляе сабой сасновы лес, часам у перамешку з елкамі, ў якім знаходзяцца некалькі невялікіх верхавых балотцаў. Рыпеў снег пад нагамі, а месяц асвятляў нам шлях, наўкол было так ціха, толькі брэх сабак даносіўся да нас з навакольных вёсак. У гэтых мясцінах першага студзеня я чуў касматаногага сыча, таму спадзяваўся яго пачуць яго і зараз, але нам пасля 4 кропак адгукнуліся толькі казулі гучным гаўканнем. 5 кропка ў нас атрымалася на пасадцы. Яшчэ не дасталі прайгравальнік, а ўжо пачулі касматаногага сыча, які дзесці далёка зацягнуў сваю песню, а побач нешта зашоргала ў кустах, свет ліхтарыка нам не дапамог, бо хтосьці затупаў з гэтых кустоў ды ўцёк. Пасля кароткага прайгравання нам адгукнулася вушастая сава, ды зусім побач яшчэ адзін касматаногі сыч. Але “не доўга музыка грала”, і наш акамулятар разрадзіўся на самым цікавым моманце, мы вырашылі вяртацца, як пасля высветлілася, гэтая недарэчнасць дазволіла нам паспець на апошні цягнік. Наступным вечарам мы вырашылі працягнуць гэты маршрут, і пачалі з пасадкі. Як толькі прыйшлі, пачулі дзве вушастыя савы ды здалёк касматанога сыча, пасля прайгравання адгукнуўся яшчэ адзін з супрацьлеглага бока. Калі прайгравалі голас самкі вушастай савы, побач з намі праплыў нейкі цень, але гаспадара гэтага ценю пабачыць не атрымалася. Вось дык пашанцавала, можна сказаць, што тут “рыбнае месца”. На далейшым маршруце нам адгукнуўся яшчэ адзін касматаногі сыч, а на адной з высечак нам атрымалася пабачыць і вушастую саву, якая з цікаўнасцю зрабіла некалькі кругоў над намі. Вярталіся на дызелі ў якім былі толькі мы ды машыніст. Вось такія атрымаліся вандроўкі, а пакуль за вакном дрэннае надвор’е, можна зпланаваць і падрыхтавацца да новых вандровак і сустрэч з начнымі жахарамі лесу.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Kiolk - 06.03.2009 - 10:49
...Трэба бегчы на заняткі,
Harrier - 06.03.2009 - 11:34
2Kiolk Дзякуй, цікавая