Апісаны новы від птушак – аманская сава

 Дагэтуль невядомы для навукі від соваў быў адкрыты ў гарах Al Hajar у Амане. Новы від атрымаў назву адпаведна краіне, дзе было зроблена адкрыццё – аманская сава Omani Owl (Strix omanensis). Дэталі адкрыцця тры дні таму былі апублікаваныя ў нідэрландзкім часопісе Dutch Birding

Упершыню новы від птушак быў адзначаны даследчыкамі ў сакавіку 2013 году. Гукаінжынер і аўтар знаходкі Мэгнус Роб (Magnus Robb) сказаў: “Я запісываў від птушак, голас якога добра ведаў, калі пачуў совападобнае ўханне на заднім плане з рытмам, які я ніколі дагэтуль не чуў. Мой калега Рэнэ Поп (René Pop) і я беспаспяхова спрабавалі знайсці загадкавую птушку, аднак ізноў пачулі яе толькі ў апошнюю ноч нашага побыту. Мы былі вымушаныя адлятаць дадому, тады як незабачаная намі сава заставалася на скалах”.

Праз месяц Роб вярнуўся на тое ж месца з Арно ван дэн Бергам (Arnoud B van den Berg) - калегай з кампаніі Sound Approach:“Пошукі савы не былі лёгкімі. Яна насяляе адвесныя скалы і яе голас цяжка пачуць. Каб зрабіць нашы пошукі цяжэйшымі, ў красавіку птушкі зусім не крычалі. Аднак праз нейкі час мы ўсё ж пачулі адну з іх! Таго моманту, на працягу якога мы яе ўбачылі на скале, хапіла, каб пацвердзіць, што гэта сава. Да таго ж яўна такая, якую мы раней не бачылі”.  

У траўні і чэрвені каманда з Sound Approach здзейсніла яшчэ дзве паездкі ў гэты рэгіён, каб знайсці больш соваў новага віду, зрабіць здымкі і запісаць голас, паназіраць за паводзінамі соваў. Пасля крытычнай аценкі сабраных доказаў навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта сапраўды новы для навукі від птушак, да таго ж першы, апісаны на Аравійскай паўвыспе за апошнія 77 год.  

Кампанія Sound Approach плануе працягнуць вывучэнне новага віду разам з прадстаўнікамі міністэрства па ахове прыроды Аману. “Мы знайшлі толькі 6 птушак, таму гэтая сава павінна атрымаць усю магчымую ахову” – падкрэсліў Мэгнус Роб.

Гэта ўжо 24 новы від птушак, апісаны сёлета для навукі.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.independent.co.uk

На гэтую тэму:  

НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новы від птушак апісаны ў Перу

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ 

Comments