Прайграванне галасоў птушак можа ім шкодзіць

 Палявое даследаванне, праведзенае ў Эквадоры паказала, што правакаванне адказных рэакцый птушак прайграваннем іх галасоў надоўга змяняе іх паводзіны і можа мець для птушак небяспечныя наступствы. 

Як бёдуотчары, так і фатографы і арнітолагі часта выкарыстоўваюць запісы галасоў тых відаў, якія яны хочуць пачуць ці ўбачыць, правакуючы іх нейкім чынам адказаць на голас патэнцыйнага суперніка або партнёра. Аказалася, што гэта можа шкодзіць птушкам. 

Выкарыстоўваючы запісы галасоў шырокахвостых крапіўнікаў Plain-tailed Wrens (Pheugopedius euophrys) і рудых мурашыных піттаў Rufous Ant-pittas (Grallaria rufula), якія жывуць сімпатрычна ў лясах Андаў, даследчык з Прынстанаўскага ўніверсітэту (ЗША) ўпершыню праверыў наступствы падобных паводзінаў для птушак у прыродных умовах. Вынікі былі апублікаваныя ў адкрытым часопісе  PLOS One.

"Прайграванне запісаў іх галасоў будзе негатыўным для птушак, калі яны будуць застрэсаваныя, будуць выкарыстоўваць шмат энергіі або будуць нейкім чынам перапыняць сваю дзейнасць для таго, каб адказаць на такую правакацыю голасам ці іншым чынам” – сказаў Дж. Бэртан Гарыс (J. Berton Harris), дактарант Прынстанаўскага ўніверсітэту. 

Працуючы ў адным з біялагічных рэзерватаў на поўдні Эквадору, Гарыс вывучаў наступствы адзінкавай і паўторнай галасавой правакацыі на крапіўнікаў і мурашыных пітаў. У першай спробе навуковец прайграваў адпаведную 5-хвілінную відавую песню 24 групам крапіўнікаў і 12 групам мурашыных пітаў. Пасля гэтага разам з Дэвідам Хэскелам (David Haskell) з універсітэту Поўдня ў Тэнэссі (University of the South in Tennessee), яны назіралі на працягу гадзіны за паводзінамі птушак. 

Вынікі паказалі, што пасля прайгравання песняў у абодвух відаў назіралася павялічаная галасавая актыўнасць – яны спявалі часцей, чым звычайна. Асабліва адразу пасля правакацыі. Гэта можа зашкодзіць птушкам, калі будзе забіраць шмат энергіі. Фактычна птушкі трацяць энергію і час на тое, каб адказаць парушальнікам сваёй тэрыторыі, якія насамрэч не існуюць. Акрамя гэтага, з-за страты часу на адказ і пошукі парушальніка птушкі могуць менш часу прысвячаць ахове гнязда і дагляду за птушанятамі, атрымаць большы звычайнага ўзровень стрэсу ці нават прапусціць пад час сваёй адсутнасці каля партнёркі заляцанні да яе іншага самца. 

У другой частцы даследавання навукоўцы назіралі за наступствамі штодзённых галасавых правакацый на розныя групы шырокахвостых крапіўнікаў. Як і ў першым эксперыменце, пасля пяціхвілінных прайграванняў відавой песні, назіралі за рэакцыямі птушак на працягу наступнай гадзіны. Галасы прайгравалі штодзень два з паловай тыдні. 

Актыўныя адказы птушак назіраліся ў першыя 12 дзён эксперыменту, потым крапіўнікі выразна страцілі цікаўнасць да правакацый і больш ніяк бачным чынам не рэагавалі на іх. Адна з пар нават збудавала сваё гняздо недалёка ад мейсца прайгравання. 

"Звычайна бёдуотчары з разуменнем адносяцца да аховы птушак і стараюцца мінімізаваць сваё ўздзеянне пад час назіранняў за імі, асабліва за скрытнымі відамі. Яны дапамагаюць у прамоцыі аховы прыроды, сваімі грашыма аплочваюць інфраструктуру і арганізатараў экатурызму, што асабліва важна ў краінах, якія яшчэ развіваюцца і могуць паказаць мясцовым людзям альтэрнатыву неабмежаванага карыстання прыродным асяроддзем. Аднак атрымліваецца, што яны могуць аказваць абмежаваны негатыўны ўплыў на мясцовыя экасістэмы”. 

Гарыс лічыць, што патрэбныя дадатковыя і больш дэталёвыя даследаванні ўплыву галасавых правакацый на іншыя аспекты жыцця птушак – напрыклад, поспех гнездавання і паказчыкі размнажэння. Пакуль такіх даследаванняў няма, варта быць асцярожнымі з правакаваннем птушак запісамі іх галасоў і мінімізаваць іх выкарыстанне. Гэта важна асабліва для тых відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння або эндэмікаў з абмежаваным арэалам. 

Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак каманды LSU-Tigrisomas пад час выступлення ў Nor-Amazonico Birding Rally Challenge – 2013 ў Паўночным Перу Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

ENJOY THE SILENCE

АДЛОЎ ПТУШАК АДМЫСЛОВЫМІ СЕТКАМІ ДЛЯ ВЫВУЧЭННЯ ДАКАЗАНА БЯСПЕЧНЫ

 

Comments