Вынікі фотаконкурсу “Магія дзікай прыроды Беларусі-2013 “ – перамаглі лепшыя!

 На працягу 9 першых месяцаў гэтага году наш сайт “Птушкі штодня” (www.birdwatch.by ) разам з Гродзенскім гарадзкім аддзяленнем ГА "Таварыства беларускай школы" і выдавецкай ініцыятывай “Гарадзенская бібліятэка” праводзіў фотаконкурс, адной з галоўных мэтаў якога было адабраць 12 лепшых здымкаў прыроды нашай краіны для вялікафарматнага насценнага календара на наступны год. 

З некалькі сотняў здымкаў, размешчаных на нашым сайце з розных мясцін Беларусі, ў намінацыі “Магія дзікіх птушак” карыстальнікі сайту сваімі высокімі ацэнкамі адабралі ў фінал 81 здымак, у намінацыі “Магія дзікіх жывёл” – 41 здымак, у намінацыі “Магія МакраСвету” – 32 здымкі, у намінацыі “Магія краявідаў” – 34 здымкі.

Далей міжнароднае Журы ставіла свае адзнакі ўсім здымкам-фіналістам. Такім чынам перамаглі, і па ўмовах фотаконкурсу, будуць надрукаваныя ў Календары на наступны год, якія будуць урачыста ўручаныя аўтарам здымкаў-пераможцаў наступныя фатаграфіі дзікай прыроды Беларусі:

“Баявічка”. Аўтар – Мікалай Верабей

Вялікая сініца (Parus major) адганяе дамовага вераб’я (Passer domesticus). 1-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

“На маёй сталоўцы сініцы звычайна не ўдзельнічаюць у бойках з вераб'ямі, але гэтая, напэўна, з птушанага АМАПу.”

 

18.01.2013, Любань, Міншчына

“На лапаткі”. Аўтар – Мікалай Верабей

Сутычка палявых вераб’ёў (Passer montanus). 2-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

“Паядынак у паветры ў птушынай сталоўкі” 18.01.2013, Любань, Міншчына

“Перазімаваў”. Аўтар – Мікалай Верабей.

Вялікі баклан (Phalacrocorax carbo) пад час рыбалкі. 3-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх птушак”.

"Некалькі гадзін баклан прыбіраўся ў 200 м ад мяне, але потым праз адзін нырок нечакана хутка апынуўся у 100 м, а праз другі перада мною. Па цячэнню, але ўсё ж такі я быў вельмі здзіўлены яго імклівасцю."

06.04.2013, р.Арэса, Любанскі р-н, Міншчына

“Вынаходлівае мышаня”. Аўтар – Мікалай Верабей

Палявая мыш (Apodemus agrarius). 1-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Як высвятлілася, тое, што ўпадзе з птушынай сталоўкі, не прападзе - там таксама нехта харчуецца.”

23.02.2013, Любань, Міншчына

“Сакавіцкай раніцай”. Аўтар – Аляксандр Эрдман

Лось (Alces alces). 2-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Здымак зроблены з "наскоку" - дакладней, з пад’езду. Паехаў здымаць краявіды. Раптам заўважыў пару ласёў на прыгорку, метрах у 100 ад дарогі. Прыпыніў машыну пад прыкрыццём прыдарожнага кусціка, апусціў шыбу і праз пару хвілін яны самі выйшлі з-за галін, якія іх прыкрывалі. На камеры стаяў шырокавугольнік.  З доўгафокуснай оптыкі ў машыне быў толькі "пяцісотнік".  Вось на 500мм і зняў гэты "краявід", непасрэдна з аўтамабіля...” 

18.03.2013, Полацкі раён, Віцебшчына

“Змрочны дазор” Аўтар – Мікалай Верабей

Бoбр еўрапейскі (Castor fiber). 3-е месца ў намінацыі “Магія дзікіх жывёл”.

“Бобр-разведчык на заходзе сонца.”  08.04.2013, р. Арэса, Любанскі р-н, Міншчына

“Не па зубах”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Павук і матыль. 1-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

“Мае здымкі - гэта дзесяткі кіламетраў пешшу з цяжкім заплечнікам, які набіты фотатэхнікай; гэта гадзіны і дні, праведзеныя нерухома на пякучым сонцы ў траве; гэта рызыка быць унесеным быстрай плынню ракі, падсмажаным маланкай, уздоўж і ўпоперак пагрызеным насякомымі, тыднёвыя прастуды з-за правалаў пад лёд; гэта пастаянныя абмежаванні ў ежы з-за каштоўнай апаратуры і недасыпанне ў чаканні сваіх залатых хвілін раніцай у адзіныя выходныя. Гэта чаканні, расчараванні, пераадольванне сябе і перамогі. Гэта – стыль жыцця і яго сэнс. Гэта і мала, і многа для аднаго чалавечага жыцця”. 

“У траве”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Махаон зблізку. 2-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

“Схавалася”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Страказа-стрэлка. 3-е месца ў намінацыі “Магія МакраСвету”.

“Ледастаў”. Аўтар – Уладзіслаў Сакалоўскі

Мінская Свіслач. 15.12.2010. 1-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

“Прызнаюся чэсна - прыязджаў на гэта месца ўжо шмат разоў. Аднак зрабіў яшчэ адзін восеньскі кадр – і ўсё.” 

“Каса”. Аўтар – Аляксандр Батура

Вілейскае вадасховішча. 17.10.2010. 2-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

“Увосень, калі ў вадасховішчы паніжаецца ўзровень вады, на плыткіх месцах узнікаюць мудрагелістай формы астравы і пясчаныя косы. Першыя замаразкі пакрываюць шэранню прыбярэжную траву, тонкі лядок узнікае на водмелях. Узыходзячае сонца растопіць шэрань і лядок, разгоніць туман. Аднак набліжэнне зімы ўжо адчуваецца…” 

“Без людзей”. Аўтар – Сяргей Дамброўскі

Пойма р. Мухавец пад Брэстам. Восень 2012 г. 3-е месца ў намінацыі “Магія краявідаў”.

 

Міжнароднае Журы працавала ў складзе:

Ігар Бышнёў (Беларусь) – арнітолаг, кандыдат біялагічных навук, фотаанімаліст, рэжысёр, сценарыст, аператар, аўтар больш 50 фільмаў і сацыяльных відэаролікаў пра прыроду. З 2005 года - аўтар штотыднёвай передачы «Миллион вопросов о природе» на тэлеканале «МИР». Уладальнік гран-пры, прызёр і дыпламант 45-ці міжнародных кінафестываляў.

Аўтар і сааўтар больш 300 прыродаахоўных публікацый, у т.л. 10 кніг і фотаальбомаў. Уладальнік гран-пры Маскоўскай кніжнай выставы. Персанальны відэа-канал: www.youtube.com/user/Byshnev 

Ірына Чарняўка (Беларусь) – журналістка, сябра БАЖ

Павал Мажэйка (Беларусь) – журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”

Бэн Ілліс (Ben Illis) (Вялікабрытанія) – фрыланс фатограф дзікай прыроды і журналіст з беларускімі каранямі. Яго рэпартажы і здымкі прыроды з усяго Свету публікавалі Wild Travel Magazine, The Daily Telegraph, Elle Magazine, The Independent. Яго ўласны сайт: www.benillis.com 

Марэк Палюх (Marek Paluch) (Польшча) – вядомы фатограф-анімаліст, пераможца шматлікіх фотаконкурсаў, яго здымкі апублікаваныя ў шматлікіх польскіх кнігах і часопісах, а таксама ў часопісе АПБ “Птушкі і мы”, рэдактар сайту www.fotoptaki.art.pl . Мае ўласны сайт: www.marekpaluch.pl  

Матэўш Матысяк (Mateusz Matysiak) (Польшча) - вядомы фатограф-анімаліст, пераможца шматлікіх фотаконкурсаў, яго здымкі апублікаваныя ў шматлікіх польскіх кнігах і часопісах, адміністратар сайту www.birdwatching.pl , яго ўласны сайт: www.mateuszmatysiak.pl  

Святлана Вранава (Světlana Vránová) (Чэхія) – арнітолаг, навуковы сакратар Усходне-Чэшскага аддзялення Чэшскага арніталагічнага таварыства (VČP ČSO) і рэдактарка яго сайту www.vcpcso.cz , перакладчыца з-на беларускую, польскую, расейскую мовы. Яе ўласны сайт: www.vranova-preklady.cz  

Зюзана Ружычкава (Zuzana Růžičková) (Чэхія) – фатограф-анімаліст Агенцтва па ахове прыроды Чэшскай Рэспублікі. Яе шматлікія здымкі змешчаны на сайце www.fotogalerie.nature.cz і ў многіх кнігах ды часопісах. Аўтарка некалькіх персанальных фотавыстаў. 

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу “Магія дзікай прыроды Беларусі-2013” адбудзецца ў Гродна ў суботу, 23 лістапада 2013 г. Пра месца і дэталёвую праграму мы паведамім пазней.

Дзякуем усім удзельнікам фотаконкурсу, усім, хто галасаваў за іх здымкі і Журы - за цяжкі, але сумленны выбар лепшых.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Дызайн календару – Дзьмітры Гупянец  

 

 

Comments

 Віншаванні найлепшым, асабліва Мікалаю Вераб'ю, - столькі добрых кадраў! Прыгожы календарык атрымаўся. А дзе яго набыць можна тым, хто не перамог на гэты раз?  Добра, што дадумаліся паўстаўляць аўтарскія успаміны. Там, дзе непасрэдна пра  здымак кажуць - гэта штосьці дадае да яго аўры

 Набыць, напэўна, ў пераможцаў - бо яны забіраюць большасць накладу ў якасці прызоў. Думаем таксама пра магчымасць бясплатных календароў для ўсіх актыўных карыстальнікаў нашага сайту,і тых, хто будзе ўдзельнічаць у якасці гледачоў ва ўрачыстым уручэнні календароў пераможцам у суботу, 23.11.

Наклад яшчэ канчаткова не вызначаны, таму магчыма ўсё.

 В качестве пожелания: Нельзя ли по результатам конкурся издавать тематические календари - для каждой номинации отдельно? Очень уж много хороших снимков проходит мимо:))). Несомненно победители достойны своих наград, но, на мой взгляд, тремя фотографиями в номинации только начнёшь любоваться и всё тут... Мне не хватает полноты. Это только моё мнение, тем более, что календари в продажу поступать не будут:))))))))))))).

 Калі будзе спонсар ці фірма, якая гатова друкаваць і прадаваць такія календары - няма праблем, выдатных фотак, сапраўды, хапае.

 Наколькі я ведаю -не. Калі ёсць жаданне паспрабаваць ці ёсць добрыя знаёмыя - толькі будзем рады і мы, і аўтары (спадзяюся).

 А такой календарь впервые издаётся? Я что-то пропучтила. Я бы "уплотнила2 снимками каждый месяц как на форзаце:)))))))))))))))) - по 4 снимка из каждой номинации.

 Падобныя гарадзенскія календары да Дзён Св.Губерта (святога апекуна горада) выпускаліся і раней. Мы прапанавалі зрабіць пад календар новы фотаконкурс, сябры з "Гарадзенскай бібліятэкі" пагадзіліся. Таму ў такім прыродным фармаце - ўпершыню.

Наконт колькасці здымкаў. Шыкоўныя здымкі найлепш глядзяцца па аднаму на старонцы. Іншая справа, што ў нейкі наступны раз магчыма павелічэнне старонак - да 52, напрыклад -па колькасці  тыдняў у годзе.