Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

 

Пад час даследаванняў розных бакоў жыцця дубальтаў (Gallinago media) ў Паўночна-Усходняй Польшчы тры самцы гэтых кулікоў больш за год таму атрымалі на спіны GPS перадатчыкі, якія ўжо дазволілі праналізаваць вельмі цікавую інфармацыю наконт пералётаў гэтых птушак.

Даследаванні праводзіліся ў рамах праекту “Dubelt” праграмы LIFE+. Дзякуючы сучасным тэхналогіям атрымалася ўпершыню даведацца пра сапраўдныя хуткасці і магчымасці гэтых птушак. Справа ў тым, што раней каб выявіць трасы міграцыі і месцы зімоўкі віду выкарыстоўваліся геа-лоджэры, якія запісваюць дату і працягласць светлавой часткі сутак і могуць толькі прыблізна паказаць месцазнаходжанне птушак (у радыюсе каля 100 км).

Дубальты з-за нашай заходняй мяжы пераляталі нават да 4900 км без прыпынку. Аднак не гэта найбольш здзівіла польскіх навукоўцаў. 

Адзін з трох самцоў з перадатчыкам пад час вясновай міграцыі з Кот ДыВуар у Італію праляцеў 4570 км за двое сутак, што дае сярэднюю хуткасць палёту ў 98 км у гадзіну пад час гэтага падарожжа. Аднак рэкорд, які паставіў гэты дубальт і які зарэгістраваў перадатчык – 161 км у гадзіну! – амаль у 1,5 разы большы за самы хуткі вядомы гарызантальны палёт чорнага свіргуля, які дагэтуль лічыўся самай хуткай птушкай на свеце! Але іншы самец дубальта быў яшчэ хутчэйшы і ляцеў нейкі час з хуткасцю нават 165 км у гадзіну! Хутчэй за ўсё яму ў гэтым дапамагаў спадарожны вецер. Але і яго сярэдняя “крэйсерская” хуткасць за двое сутак была хаця і значна меншаю – “толькі” 80 км у гадзіну, але таксама ўражвае

 

У жніўні польскія дубальты ізноў адляцелі на зімоўку ў Афрыку і вернуцца назад толькі ў красавіку. Хто ведае – можа з новымі рэкордамі? 

Паводле Natura International Polska (тэкст і мапа пералётаў) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.lesvosbirdrecords.blogspot.com

 

На гэтую тэму:

Рэкорд малога грыцука па хуткасці пералёту

Чорны свіргуль – Need for Speed!

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Калібры могуць паскарацца хутчэй за рэактыўныя самалёты!

Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

12900 км ад месца зімоўкі

 

Comments

Хутчэй за ўсё са спадарожным ветрам дасягнулі такіх хуткасцей. Але і 98 км/г як крэйсерская на працягу некалькіх гадзін  - гэта фантастыка, канешне!