EuroBirdwatch-2016: 6 мільёнаў птушак налічылі над Еўропай і Цэнтральнай Азіяй за два дні

Глабальная асацыяцыя BirdLife International з 1993 года ў першую суботу і нядзелю кастрычніка штогод праводзіць Панеўрапейскія дні назіранняў за птушкамі на нашым кантыненце. У апошнія гады да іх далучыліся і краіны Цэнтральнай Азіі, і колькасць краін-удзельніц пераваліла за 40. І хаця канчатковыя дадзеныя будуць падведзены бліжэй да сярэдзіны наступнага тыдня, ўжо цяпер каардынатар сёлетніх назіранняў, арганізацыя BirdLife Switzerland, падвяла першыя вынікі.

У 32 краінах, ад якіх атрыманы дадзеныя, праведзена больш за 1000 розных мерапрыемстваў, прысвечаных Дням назіранняў птушак. У іх удзельнічала больш за 24 тысячы чалавек, якія змаглі адзначыць 5 мільёнаў 820 тысяч птушак!

Па колькасці падрыхтаваных і праведзеных пад час EuroBirdwatch-2016 мерапрыемстваў лідзіруюць Нідэрланды – 144, потым ідуць Польшчa (143) і Венгрыя (112).

Найбольш назіральнікаў атрымался прыцягнуць у Венгрыі (3973), на другім месцы апынуліся сёлетнія каардынатары са Швейцарыі (2966), трэцяе падзялілі Нідэрланды і Швецыя (па 2500 чалавек).

Найбольш птушак на восеньскай міграцыі ў гэтыя два дні назіралі ў прыморскіх краінах. На першым месцы шведы з 1 615 тысячамі адзначаных асобін, больш за 1 200 тысяч птушак назіралі ў Фінляндыі. На трэцім месцы літоўцы з “толькі” 1 033 811 адзначанымі асобінамі.

У Беларусі АПБ арганізавала 48 мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі 2044 чалавекі. Усе разам мы адзначылі амаль 40 тысяч птушак. Прычым самымі масавымі аказаліся качка-крыжанка, грак і шызы голуб. Зусім нетрадыцынай аказаліся вынікі на Гарадзеншчыне, дзе ў пойме Свіслачы і Нёмана вакол вусця першай ракі мы назіралі амаль 3 тысячы птушак амаль 40 відаў. Першай па колькасці аказалася лыска (2 тысячы птушак), потым палявыя жаўрукі (150), якія групкамі ляцелі і нават часам спявалі ўвесь час назіранняў, а на трэцім месцы па колькасці апынуліся качкі-крыжанкі (143 асобіны). Самымі цікавымі назіраннямі можна лічыць больш за сотню вясковых ластавак і 2 асобіны нырка-плёсаўкі.

Цікава, што ў нашых суседзяў першыя тройкі самых масавых відаў выглядаюць наступным чынам: берасцянка, сіняя і вялікая сініцы (Літва); звычайны шпак, сініца-апалоўнік і шэры журавель (Латвія); звычайны шпак, качка-крыжанка і шэрая гусь (Польшча); звычайны шпак, палявы і дамовы вераб’і (Украіна).

Паводле www.eurobirdwatch.eu падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з назіранняў птушак на Гарадзеншчыне яго ж

Comments