Усходняя Афрыка частка 3. Масаі Мара, звяры

Працяг.

Папярэднія часткі тут:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА. ШТО МОЖНА ПАБАЧЫЦЬ ЗА 10 ДЗЕН? ЧАСТКА 1. АБ ЧЫМ ПОЙДЗЕ ГАВОРКА І ПЕРШЫЯ КРОКІ ПА АФРЫКАНСКАЙ ЗЯМЛІ.

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 2. МАСАІ МАРА, ПТУШКІ

 

Са звярамі ў Масаі Мара таксама ўсё на вышыні – па меншай меры, увесь джэнтльменскі набор буйных млекакормячых, характэрных для саванны, уключаючы знакамітую Вялікую афрыканскую пяцёрку, пабачыць тут можна. Ну, зразумела, саванна не заапарк, нават і там бывае паўдня прастаіш каля вальера і так і не ўбачыш яго жыхара, які ў гэты час вырашыў паспаць ва ўкрыцці. У саванне ж гэты фактар узмацняецца шматкратна. Тым не менш, падчас  нашага візіту звяры за рэдкім выключэннем вялі сябе вельмі дэмакратычна, дэманстравалі поўную гендэрную талерантнасць, не адмаўляліся фатаграфавацца і нават часам пазіравалі. Так што, ў гэтым плане сафары ўдалося – на яго працягу атрымалася зрабіць больш-менш зносныя здымкі амаль усіх капытных жыхароў парка і яшчэ тое-сёе ў дадатак.

 

Краявід

Думаю, што кожны фатограф, якому давялося здымаць у афрыканскай саванне, мае ў сваёй калекцыі здымкі такога кшталту – у каго адносна трывіяльныя, у каго з унікальнымі сюжэтамі і ракурсамі. Аднак, для кожнага, хто бачыў такую карціну “ужывую”, гэтыя кадры назаўжды застануцца самымі дарагімі і каштоўнымі сведкамі падарожжа, бо ў кожным з іх свая асабістая і нават крыху інтымная АФРЫКА.

 

Краявід

Раней, гадоў 100-150 таму, такую карціну можна было ўбачыць практычна ў любой кропцы афрыканскай саванны – куды не глянеш, усюды пасуцца незлічоныя статкі капытных, і думалі людзі, што так будзе заўжды… Ну, у нацыянальных парках так яно і зараз – цяжка, скажам, сфатаграфаваць краявід, на якім бы не аказалася антылоп-гну, самых масавых капытных адкрытых афрыканскіх прастораў. Колькасць іх, зразумела, значна паменшылася, але ўсё ж…

 

Звяры

Як самы масавы від траваедных насельнікаў саванны антылопа-гну, з’яўляецца, зразумела, і адным з найважнейшых элементаў гэтай экасістэмы – “пастаўляючы” ежу практычна ўсім драпежнікам і падальнікам, яны ў сваю чаргу, угнойваюць глебу, рэгулюць шчыльнасць і вышыню травастою, што фармуе умовы, спрыяльныя для жыцця цэлага шэрагу іншых звяроў, птушак і новых раслін.

 

Краявід

 

Краявід

Калі не адцягваць увагу на агульны антураж, а засяродзіцца толькі на мікраструктуры наглебавай расліннасці, то саванна вельмі нагадвае нашы беларускія выганы – ні даць, ні ўзяць, узвышшы Тураўскага балоння, на якіх папрацавалі каровы і коні, нават шматлікія невысокія тэрмітнікі не псуюць уражання, паколькі вельмі нагадваюць кучкі зямлі, выкінутай на паверхню кратамі.

 

Краявід

У пошуках свежай расліннасці шматтысячныя статкі гну здзяйсняюць штогодную вялікую міграцыю з Серэнгеці ў Масаі Мара, а потым, праз некалькі месяцаў у адваротным накірунку. Геаграфічна два гэтых нацыянальных парка размясціліся вельмі ўдала – з паўдневага захада на паўночны ўсход, а тое, што яны мяжуюць адзін з другім, утварае своеасаблівы экалагічны калідор і значна пашырае тэрміны “сезону зялёнай травы”.

 

Звяры

 

Звяры

Пасля заканчэння вялікай міграцыі, калі, рухомыя інстынктам, статкі капытных фарсіруюць раку, пакідаючы на яе крутых берагах дзесяткі скалечаных і загінуўшых жывёл, гэтым нільскім кракадзілам яшчэ доўга не захочацца есці. Каму не захочацца, а ў каго і ўвогуле не атрымаецца – у міжсезонне без вялікай патрэбы жывёлы на гэтыя абрывы не суюцца. Зрэшты, гэта не бяда – добра пад’еўшы, кракадзіл можа некалькі месяцаў пасціцца без усякіх праблем.

 

Звяры

 

Звяры

 

Звяры

Яшчэ адзін прадстаўнік антылоп Масаі Мара – імпала. Гэта шырока распаўсюджаны і даволі шмалікі тут від, ну, зразумела, калі не параўноўваць яго з гну. Лад жыцця і схема паводзін у большасці тутэйшых антылоп даволі сходныя – самкі і маладняк трымаюцца асобнымі статкамі па некалькі дзесяткаў асобін, маладыя і старыя самцы (першыя яшчэ не ўступілі ў рэпрадуктыўны ўзрост, другія ужо “перарслі” яго) таксама ўтвараюць асобныя статкі, дарослыя самцы ў поўным росквіце сіл жывуць паасобку на нейкай пэўнай тэрыторыі, якую лічуць сваёй і жорстка абараняюць ад канкурэнтаў. Падчас гону такія самцы далучаюцца да гарэмаў, якія яшчэ не маюць “гаспадара” і аўтаматычна становяцца яго ўладарамі. Ну, а калі гаспадар ужо ёсць, то канфлікт вырашаецца ў даволі жорсткай бойцы, якая часам можа завяршыцца і смяротным зыходам.

 

Звяры

У нашым выпадку нягегламу прэтэндэнту ўдалося своечасова рэціравацца.

 

Звяры

 

Адзін з самых дробных відаў афрыканскіх антылоп – памерамі не больш за казулю – бушбок. Гэты від жыве пераважна у лясах і бушах паасобку альбо парамі, таму, негледзячы на адносную шматлікасць, на вочы трапляецца не часта. Казулю бушбок нагадва не толькі памерамі – бязрогія самкі даволі падобныя да яе і знешне, а голас самцоў, які можна параўнаць з хрыплям сабачым брэхам, таксама прымушае ўспомніць крык казулі ў еўрапейскіх лясах.

 

Звяры

 

Звяры

А гэта – самая буйная антылопа Афрыкі – канна. Знешне даволі нязграбная, пры небяспецы можа дэманстраваць даволі-такі дзіўны для яе габарытаў спрыт. Кажуць, што ў выпадку неабходнасці яна нават можа пераскочыць праз джып!

 

Звяры

 

Звяры

 

Звяры

Таксама даволі буйная антылопа – кангоні альбо бубал. Мае яна вельмі прыкметнае аблічча – яе рогі выгнуты накшталт ліры, дзякуючы чаму да назваў гэтых антылоп часта дадаецца прыметнік “лірарогі”. Кангоні, акрамя гэтага, лічыцца яшчэ і самай хуткаснай з антылоп – калі патрабуюць абставіны, яна можа разагнацца да 80 кіламетраў у гадзіну!

 

Звяры

 

Звяры

Ну і, нарэшце, антылопа, якую ніколі ні з кім не пераблытаеш – топі. Узор з цёмных плямін на нагах і галаве – яе своеасаблівая візітная картка. Дарэчы, сістэматычна яна вельмі блізкая да папярэдняга віду. Як і многія іншыя антылопы, топі жывуць гарэмамі, праўда колькасць самак там значна меншая, чым, скажам у імпал, – не больш за дзесятак. Пэўна, менавіта гэтая акалічнасць, прыводзіць да таго, што канфлікты, асабліва ў перыяд размнажэння, узнікаюць не толькі паміж самцамі на памежных тэрыторыях, але і паміж самкамі аднаго гарэма – пры такой невялікай колькаці “наложніц” усе яны знаёмы асабіста і дакладна маюць прычыны для сварак. Часам даходзіць да таго, што падчас спароўвання самка можа перашкаджаць другой, больш удачлівай саперніцы.

 

Звяры

 

Звяры

 

Звяры

Барадавачнікі сустракаюцца ў саванне паўсюдна – паасобку і невялікімі групамі, як самі па сабе, так і ў кампаніі з антылопамі альбо зебрамі. Гэта мае самыя любімыя афрыканскія звяры. Ну, можа не на першым месцы, але пасля жырафаў дакладна. Не ведаю, чаму яны мне так палюбіліся, можа таму,  што мне калісьці быў вельмі сімпатычны герой мультсерыяла Цімон і Пумба, а можа таму, што мяне адразу, як кажуць, з першага погляду, падкупілі іх смешныя хвосцікі, якія яны весела задзіраюць угору падчас руху. Як і належыць усім свінкам, барадавачнікі даволі неахайныя. Менавіта гэтым я і тлумачу тое, што, ў адрозненні ад іншых капытных, яны не падпускаць людзей блізка да сябе, нават на машыне – барадавачнікі проста саромеюцца свайго бруднага аблічча!

 

Звяры

 

Звяры

Старыя буйвалы, якіх выжылі са статка больш маладыя і дужыя самцы, дажываюць свой век адшэльнікамі. Век гэты не вельмі доўгі – шанцы трапіць да столу львам у адзіночнага, нават і ўсё яшчэ моцнага, быка значна большыя, чым у любога неспрактыкаванага цяляці, які жыве пад аховай статка. Відаць, менавіта з гэтай нагоды старыя бувалы, забыўшыся на былыя канфлікты, аб’ядноўваюцца ў невялікія групы – так ім значна лягчэй абараняцца ад драпежнікаў.

 

Звяры

Невялічкія грацыёзныя антылопы – газель Гранта і газель Томсана – віды-двайнікі. Адрозніваюцца яны літаральна толькі па форме белай пляміны каля хваста. Газелі Томсана – даволі шматлікі від, сустракаліся яны нам не раз і ў значнай колькасці, праўда, у іншым месцы, так што, пазнаёмімся мы з імі крыху пазней. А вось газель Гранта ўдалося сустрэць толькі аднойчы, ды і тое, у колькаці двух асобін, што не зусім характэрна для гэтых сацыяльных жывёл.

 

Звяры

Гепарды – адна з фірмовых “фішак”  Масаі Мара. Гэты від ужо даўно трапіў у катэгорыю знікаючых, а праблема яго захавання выгладае даволі парадаксальнай – тое, што дае гепардам шанцы на далейшае існаванне, адначасова і пагражае гэтаму ж самаму існаванню. Справа ў тым, што захаваліся гепарды практычна толькі на ахоўваемых тэрыторыях, большая частка каторых, хоць і са шматлікімі абмежаваннямі, але ўсё ж даступна для турыстаў. А інакш нельга – менавіта за тыя грошы, якія прывозяць сюды турысты з усяго свету, і падтрымліваецца ахоўны рэжым гэтых тэрыторый. У сваю чаргу, турысты, гойсаючы па саванне на джыпах, перашкаджаюць гепардам паспяхова паляваць. Паколькі паляўнічыя прыёмы гепардаў даволі-такі адрозніваюцца ад прыёмаў іншых драпежнікаў, фактар турботы тычыцца, у першую чаргу, менавіта іх.  Вось такое атрымліваецца замкнутае кола, ва ўсякім разе ў Масаі Мара.

Гэтаму гепарду ўчора пашанцавала. Гэта я ведаю дакладна, паколькі напярэдадні ўвечары японская дзяўчына, з якой я пазнаёміўся ў базавым лагеры, паказвала мне цудоўныя фоткі і відэа паспяховага палявання – ад пачатку і да канца – гэтага самага гепарда. Нам жа наступным днём давялося назіраць толькі адпачынак пасля балю, ды і то здалёк.  Але суцяшае ў гэтай гісторыі тое, што гепардам усё ж удаецца паспяхова паляваць, негледзячы на японскіх (дый беларускіх таксама) турыстаў, іх джыпы і апаратуру. Так што, будзем спадзявацца, што будучае гепардаў не такое ўжо і змрочнае.

 

Звяры

Плямістая гіена таксама ўжо зусім не тое, што было раней. І хаця сітуацыя ў іх не такая складаная, як, скажам, у гепардаў, звер гэты з кожным годам становіцца ўсе больш рэдкім. Па словах нашага гіда, які наведвае Масаі Мара па некалькі разоў за год,  сустракацца з гіенамі яму амаль ніколі не ўдаецца. Ну, гэта і зразумела – звер нешматлікі, начны, светлы час практычна заўсёды праводзіць ва ўкрыцці. Разлічваць на сустрэчу з ёй прыкладна тое ж самае,  што спадзявацца ўбачыць ваўка ў Белавежскай пушчы. Як у тым папулярным фільме: “Ты гіену бачыш?”  “Не.” “А яна тут ёсць! ”

 

Звяры

Нам жа ў гэтым плане пашанцавала – дзень быў пахмурны, па афрыканскіх мерках нават халодны, а напяпэдадні ноччу прайшоў дождж. Вось і павылазілі мясцовыя гіены крыху пагрэцца – мы напаткалі іх аж цэлых дзве! І абедзве яны не звярталі на нас ніякай увагі, спачываючы ў позах, у якіх прынята маляваць рымскіх патрыцыяў падчас наведвання тэрмаў.

 

Звяры

 

Звяры

Сказаць, што першая сустрэча з жырафам мяне ўразіла, гэта не сказаць нічога. Ён з’явіўся нечакана, быццам ніадкуль, а было да яго метраў 30, не болей…  Дарэчы, да нацыянальнага парка мы толькі набліжаліся і знаходзіліся на прыватнай тэрыторыі, якую выкупіў багаты англічанін і ахоўваў там дзікіх звяроў і птушак у сваё задавальненне. Аказваецца, ёсць у Кеніі і такі варыянт захавання прыроды! Потым былі яшчэ жырафы, і не раз, і памногу… Калі ў двух сказах, то пры ўсёй сваёй грацыёзнасці яны вырабляюць ўражанне жывёл, якім усё рабіць вельмі цяжка – цяжка бегаць, цяжка хадзіць, цяжка нагібаць шыю, яшчэ цяжэй падымацца з зямлі пасля адпачынку…

 

Звяры

Лёгка жырафам толькі саскубваць калючыя галінкі акацый з вышыні, недасягальнай для іншых жывёл, і старанна перажоўваць гэтыя калючкі, зусім не адчуваючы болю. Выгляд пры гэтым у жырафаў даволі прыдуркаваты – пэўна, яны і самі да канца не могуць паверыць у тое, што хоць нешта ў іх атрымліваецца з лёгкасцю! Трэба адзначыць, што гэтая крыху прыкрая акалічнасць зусім не пашкодзіла мне запісаць жырафаў (разам з барадавачнікамі!) у лік сваіх самых любімых афрыканскіх звяроў.

 

Звяры

Нечаканая сустрэча з мясцовым зайцам адбылася падчас “палявання” на страусаў. Бачылі мы зайцаў яшчэ пару разоў, яны, як і належыць сапраўднаму зайцу, даваль дзёру, ледзь толькі заўважыўшы машыну. Гэты ж персанаж нікуды не ўцякаў, пэўна адчуваў сябе ў кампаніі магутных птушак у поўнай бяспецы.

 

Звяры

 

Звяры

Калі хто дакладна не ведае, то зебра на самай справе чорная ў белую палоску. У Масаі Мара жыве самы распаўсюджаны від – Бурчэлава альбо саванная зебра. Калі не вельмі ўдавацца ў таксанамічныя падрабязнасці, то зебра – звычайны дзікі конь, праўда, афарбаваны вельмі незвычайна. Існуе версія, што такая паласатая афарбоўка нейкім чынам абараняе зебраў ад насякомых-крывасмокаў, ну, ва ўсякім разе, дае ім нейкую перавагу перад іншымі жывёламі. А паласатасць гэтая ўнікальна, накшталт афарбоўкі самцоў баталёна, альбо адбіткаў чалавечых пальцаў.  Іншымі словамі, двух аднолькава афарбаваных зебраў проста не існуе.

 

Звяры

Яшчэ адзін цікавы момант: усе зебры вельмі любяць прымаць вось такую позу. Бачыў я гэта некалькі разоў, ды і ў Інтэрнэце падобных фотак хапае. Навошта яны так робяць, застаецца толькі здагадвацца, але ў іншых капытных – і афрыканскіх і еўрапейскіх – такіх праяўленняў пяшчоты мне назіраць не даводзілася.

 

Звяры

 

Звяры

У былыя часы кожны масайскі юнак, дасягнушы пэўнага ўзросту, павінен быў узяць кап’ё, нож і аркума (своеасаблівая масайская дубінка) і адправіцца ў саванну на пошукі льва, дарэчы, тады шукаць яго доўга не прыходзілася. Лук  с сабой не бралі, у масаяў ён лічыцца зброяй баязліўцаў. І толькі атрымаўшы перамогу над гэтым магутным зверам, масай мог лічыцца мужчынай і атрымліваў статус ваяра.

 

Звяры

 

Звяры

Тыя дні даўно прайшлі. Адважныя масайскія юнакі сучасным львам ужо не пагражаюць, а больш за тое, жывучы паблізу ад нацыянальных паркаў, зарабляюць на жыццё тым, што прымаюць удзел у іх ахове і лепшых рэйнджэраў проста і ўявіць немагчыма!

 

з

Атрымліваецца, што пасада альфа-самца львінага прайда цяпер вельмі і вельмі някепская. Масаі больш не турбуюць. Па прычыне адносна невялікай колькасці львоў і тэрытарыяльнай раз’яднанасці прайдаў набегі маладых самцоў-суседзяў з мэтай арганізаваць дзяржаўны пераварот – з’ява рэдкая. Свае ж падлеткі, пакуль не падраслі, субардынацыю ведаюць і выконваюць. Так што, ў плане аховы ўладанняў праблем амаль не ўзнікае – ляжы сабе ў цяньку і парыквай час ад часу для парадку.

 

Звяры

Па гаспадарцы ж клопатаў і ўвогуле ніякіх – есці здабудуць і нават на базу прыцягнуць, хіба што ў рот не пакладуць.

 

Звяры

 

Звяры

 

Звяры

Ну, а калі ад выконвання прэзідэнцкіх абавязкаў культурна адпачыць захочацца, – таксама ўсё пад рукой і па першаму патрабаванню.

 

Звяры

Чыноўнікі больш нізкага рангу да гэтай справы катэгарычна не дапускаюцца – кесару касарава – ну, а паназіраць, як правадыр адпачывае, то гэта калі ласка! Вось толькі турысты з камерамі ды біноклямі часам надакучваюць, але гэта так, выдаткі вытворчасці, львы навучыліся не звяртаць на іх аніякай увагі.

 

Звяры

Паласатыя мангусты – вясёлыя сацыяльныя драпежнікі, якія ні секунды не сядзяць на месцы, усё жыццё ў іх – бесперапынны рух і пошукі ежы. Да іх столу ідзе ўсё жывое, з чым яны толькі могуць справіцца – ад рознай бесхрыбетнай драбязы да смяротна небяспечных змей. Унікальныя зверы! Яны дзіўным чынам адначасова спалучаюць у сабе брутальнасць і дзіцячую бесклапотнасць. Вось толькі памеры крыху падвялі, а то, калі б былі большымі, дык, пэўна, і львамі б харчаваліся, весела гуляючы пры гэтым у даганялкі!

 

Звяры

Паласатыя мангусты – вясёлыя сацыяльныя драпежнікі, якія ні секунды не сядзяць на месцы, усё жыццё ў іх – бесперапынны рух і пошукі ежы. Да іх столу ідзе ўсё жывое, з чым яны толькі могуць справіцца – ад рознай бесхрыбетнай драбязы да смяротна небяспечных змей. Унікальныя зверы! Яны дзіўным чынам адначасова спалучаюць у сабе брутальнасць і дзіцячую бесклапотнасць. Вось толькі памеры крыху падвялі, а то, калі б былі большымі, дык, пэўна, і львамі б харчаваліся, весела гуляючы пры гэтым у даганялкі!

 

Звяры

А гэты звер жыў проста на тэрыторыі нашага лагера. Не бяруся меркаваць дакладна, сустракаюцца і кажаны з такой формай морды, але ён мог аказацца і крыланам, яго даволі салідныя памеры таксама аргумент у падтымку гэтай версіі. Наконт часоў актыўнасці сказаць дакладна нічога не магу – сагнаў я іх з дрэва (зразумела ж, неспадзявана) ноччу, хаця на экватары сем гадзін ужо ноч, гэты чамусьці застаўся і дачакаўся, пакуль я схаджу ў палатку за прыбамбасамі для фатаграфавання ў цемры, крыху папазіраваў і таксама паляцеў. На другі дзень, і па свету, і ноччу дрэва было пустым. Так што, засталося ў мяне і яшчэ адно пытанне без адказу: ці то я разагнаў нейкіх дробных крыланаў, якія прыладзіліся на начлег, ці ўсё ж гэта гігантскія кажаны планава разляцеліся на паляванне.

 

Кветка

Прадстаўнік сямейства амарыллісавыя Scadoxus адносіцца да так званых раслін-эфемераў, якія большую частку свайго жыцця праводзяць пад зямлёй у выглядзе цыбулінкі альбо карнявішча. І толькі на некалькі тыдняў у годзе, пасля дажджоў, яны з’яўляюцца на паверхні, дэманструючы дзіўныя кветкі неймаверных расфарбовак і формаў.

 

Звяры

Яшчэ адзін чатырохногі драпежнік і санітар саванны чэпрачны шакал. Памерамі, ды і ўвогуле знешнім выглядам ён вельмі нагадвае невялікую сімпатычную сабачку-дварняка. А таму, адпаведна свайму росту, займае адно з апошніх месцаў у “турнірнай табліцы” падальнікаў. Аднак і яму часам перападае кавалак-другі ад львінага балю, зразумела, пасля таго, як падсілкуюцца больш аўтарытэтныя калегі па цэху.

 

Звяры

 

з

 

Звяры

Сланы тут, зразумела таксама жывуць. І,  дарэчы, яны, калі хто забыўся, самыя буйныя наземныя млкакормячыя. Вось толькі мяне яны не ўразілі, ну, хіба што, зусім крышачку, і тое, калі я глядзеў на іх здалёк. Уявіце сабе: саванна, якая ў гэтым месцы вельмі нагадвае вытаптаны вясковы выган дзе-небудзь на тураўшчыне, а па ім нетаропка крочыць статак сланоў…  Менавіта гэтая карціна нагадала мне даўнюю гісторыю, калі я стаяў на прыпынку ў Мінску на вуліцы Пуліхава і ўглядаўся ўдалечыню з надзеяй убачыць свой аўтобус. Нарэшце ад дыспетчэрскай станцыі нешта адышло і рушыла ў наш бок, толькі на аўтобус яно зусім не паходзіла. Яшчэ хвіліна-другая і гэтае “нешта” стала пакрысе набываць абрысы слана, які мэтанакіравана крочыў да нас проста пра праезжай частцы. Я трывожна азірнуся на іншых людзей на прыпынку і па іх рэакцыі зразумеў, што альбо я вар’яцею не адзін, альбо гэтае “нешта” і сапраўды нагадвае слана. Яшчэ праз некалькі хвілін стала канчаткова зразумела, что гэта і на самай справе слон, які з двума суправаджаючымі паважна прайшоў міма нас і накіраваўся ў бок цырка. Як потым высветлілася, уся гэтая троіца прыбыла на таварным цягніку да чыгуначнай платформы Мінск Усходні і далей сваім ходам дабіраляся да новага месца работы. Вось той слон мяне сапраўды ўразіў! А гэтыя так сабе, ну, хіба што, зусім крышачку…

 

Звяры

Лічыцца, што шчыльнасць папуляцыі леапарда ў Масаі Мара самая высокая ў свеце. Гэта, безумоўна, вельмі добра, вось толькі мы гэтага не асабліва заўважылі. Звер гэты настолькі скрытны, што нават пры “самай высокай у свеце шчыльнасці” убачыць яго вельмі і вельмі складана. Гід суцяшаў нас як мог: “У дзве папярэдніх паездкі мы леапарда не бачылі, зараз трэццяя, згодна статыстыцы мусіць пашанцаваць”, – прыводзіў ён нам свае “важкія” аргументы. Так яно, на здзіўленне, і здарылася. Адшукаць звера-невідзімку нам дапамаглі сябры нашага мясцовага кіроўцы і гіда, якія вазілі па саванне іншыя экіпажы. Па рацыі яны паведамілі яму квадрат, у якім быў знойдзены леапард, а там ужо справа тэхнікі – дзе сабраліся машыны, там і звер! Праўда, “наш” леапард настолькі стаміўся пасля палявання і таго, што было за ім, што з апошніх сіл ледзь дацягнуся да бліжэйшых хмызнякоў і рухнуў пад націскам Марфея літаральна ў некалькіх кроках ад іх краю. Тым не менш, гэта быў чацвёрты прадстаўнік “вялікай афрыканскай пяцёркі”. Для поўнага шчасця заставалася сустрэць толькі насарога.

 

Людзі

Людзі, як вядома, таксама млекакормячыя, так што, у гэтым раздзеле ім будзе самае месца. Масайскія вартаўнікі ў нашым лагеры мелі даволі лагодны від, а адзін з іх нават весела жартаваў, калі я пацікавіўся ў яго, а чаму гэта масайскія мужчыны ніколі не развітваюцца са сваімі дубінкамі-аркума? “Не, не падумайце нічога такога, гэта каб спіну было ямчэй чухаць”, – адказаў ён і тут жа прадэманстраваў, як гэта робіцца.

 

Людзі

 

Людзі

Незвычайнае прымяненне нацыянальнай масайскай зброі настолькі зацікавіла мяне, што я не ўтрымаўся і надбаў і сабе такую “аркума”, ды не падробку ў сувенірнай лаўцы, а аўтэнтычную ў масайскай вёсцы. Жыхары яе аказаліся даволі ветлівымі, вось толькі зусім малыя дзеткі па-сапраўднаму баяліся дзіўных светласкурых людзей.

 

Людзі

 

Людзі

Справа ў тым, што масаі жывуць даволі замкнута, у баку ад турыстычных маршрутаў і трапіць у іх паселішча даволі складана і, дарэчы, лепей і не спрабаваць гэта зрабіць. Жыхары ж гэтай вёскі ведалі нашага гіда і дазвалялі яму часам завітваць да іх з невялікай групай. Адна з  жанчын даволі бойка размаўляла па-ангельску і з яе дапамогай можна было пагаварыць з жыхарамі вескі і нават зазірнуць у іх жытло. Ну і, зразумела, набыць нешта з прадметаў масайскага быту, вядома ж, толькі аўтэнтычных – нам памяць і жыхарам невялікі прыбытак да іх вельмі сціплага бюджэту.

 

ПРАЦЯГ ТУТ  

Папярэднія часткі тут:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА. ШТО МОЖНА ПАБАЧЫЦЬ ЗА 10 ДЗЕН? ЧАСТКА 1. АБ ЧЫМ ПОЙДЗЕ ГАВОРКА І ПЕРШЫЯ КРОКІ ПА АФРЫКАНСКАЙ ЗЯМЛІ.

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 2. МАСАІ МАРА, ПТУШКІ

 

Кропка назірання

Усходняя Афрыка частка 3. Масаі Мара, звяры

Каментары

Не верылася, што здымкі могуць быць яшчэ шыкоўнейшымі, а апісанне сустрэч з жывёламі- яшчэ цікавейшым. Але вось яно, вышэй!

Найбольш спадабаліся фоткі зайца са страўсам, і апісанне ды фоткі  жырафаў,  ільвоў ды сланоў. Супер, канешне, і ўсё іншае- шчыры дзякуй, Сяргей!

Вельмi "смачнае" апавяданне, як i iншыя! Напicана шыкоўна, з гумарам i адначасова пазнавальна. I не магу не пагадзiцца вось з гэтай думкай:

"Аднак, для кожнага, хто бачыў такую карціну “ужывую”, гэтыя кадры назаўжды застануцца самымі дарагімі і каштоўнымі сведкамі падарожжа, бо ў кожным з іх свая асабістая і нават крыху інтымная АФРЫКА."

Шчыра кажучы, захацелася у падарожжа :)