Падглядзець за жыццём вандроўнага сокала? – лёгка!

З 16 запланаваных для размяшчэння на гнёздах вандроўных сокалаў па ўсёй Польшчы уэб-камер пакуль што працуюць дзве: на Палацы культуры і навукі ў Варшаве і ў гнездавой скрыні на коміне мясцовага энергетычнага прадпрыемства ў Влоцлавку (Włocławеk). Цікава, што камера ў Варшаве ўсталявана толькі ў гэтым годзе, тады як влоцлавекская працуе ўжо з 2003 году!

Дзякуючы камерам навукоўцы даведаліся, што ў абодвух гнёздах ужо поўныя кладкі з 4 яек. Распачаты яны былі ў адзін дзень - 10 сакавіка, а закончаныя з розніцай у адзін дзень: у Влоцлавку 17.03, ў Варшаве – 18.03. Трансляцыю з камеры ў Влоцлавку можна глядзець тут: http://webcam.peregrinus.pl/mpec-wloclawek.htm   Цікавая гісторыя знікнення і рэінтрадукцыі (новага засялення з дапамогай чалавека) вандроўных сокалаў у Польшчы. (Трэба адзначыць, што ў Беларусі гнёзды гэтага віду не вядомыя пасля 1973 года.) Як і амаль па ўсяму арэалу гэтай драпежнай птушкі, значнае зніжэнне колькасці віда адбылося пасля шырокамаштабнага выкарыстання ДДТ, які праз ланцугі харчавання хутка назапашваўся ў целе драпежнікаў (у асноўным рыбаядных і птушкаядных відаў) і не толькі непасрэдна атручваў птушак, але ў меншых канцентрацыях моцна ўздзейнічаў на абмен кальцыя і таму самкі не маглі адкладваць яйкі з нармальным шкарлупіннем. Вельмі часта яно было такім тонкім, што проста лопалася пад самкай пад час інкубацыі. У Польшчы катастрафічнае зніжэнне колькасці вандроўных сокалаў адбылося ў пачатку 1950-х гадоў. Апошнія вядомыя рэгулярна гняздуючыя пары былі адзначаны ў 1964 годзе. Пасля гэтага з 1970 да 1989 года сокалы адзначаліся толькі 20 разоў, адна пара кінула гняздо ў 1970г., другая пара гнездавала ў Татрах у 1980г. Нешматлікія іншыя назіранні былі зробленыя ў гнездавы перыяд, аднак ні разу не заўважылі маладых птушак. Першыя спробы гадоўлі вандроўных сокалаў распачалі польскія сакольнікі яшчэ на пры канцы 1970-х гг., аднак першыя птушаняты з’явіліся толькі ў палове 1980-х гг. Зразумела, што з прыроды ўзяць сокалаў для гадоўлі ўжо было немагчыма – іх там папросту не было, таму ўсе птушкі у польскіх пітомніках паходзяць з падобных заходнееўрапейскіх пітомнікаў. Гэта былі птушкі намінатыўнага падвіду (Falco peregrinus peregrinus), а іх продкі паходзяць з нямецкіх, шатландзкіх і скандынаўскіх папуляцый. Менавіта рэінтрадукцыю, або выпуск выгадаваных маладых птушак у прыроду, распачалі ў Польшчы ў 1990 годзе на тэрыторыі вялікіх лясоў у Заходняй Польшчы, потым таксама ў гарах Пенінах і ў гарадах – Кракаве і Варшаве. З 1990 да 2006 года вылецела са штучных гнездавых скрыняў і натуральных гнёзд, а таксама было інтрадукавана ў прыроду 326 сокалаў. Больш падрабязна пра гэта можна паглядзець тут: http://peregrinus.pl/index.php?option=com_content&view=article&id=17&Itemid=17   Мне разам з будучай жонкай Аленай у пачатку 1990х гадоў пашчасціла прыняць ўдзел у даглядзе за дарослымі і штучным выкармліванні птушанят вандроўных сокалаў у адным з пітомнікаў Заходняй Польшчы. Адным з прыемных вынікаў гэтага магу лічыць сваю сустрэчу з вандроўным сокалам у самым цэнтры Варшавы ў 2007 годзе – гэта была адна з птушак, якія стала гняздуюць на будынку Палаца Культуры і навукі з 1998 году.   Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Comments

Сапраўды - супер! Я глядзеў учора ўначы, як на гняздзе сьпіць самка, сёньня зранку як яна наседжвае - папраўляе яйкі, а ў абед пашчасьціла ўбачыць разам і самца і самку!

Гэта ж можна навуковую працу пісаць па феналогіі, складу харчаваньня і частатце прылётаў на гняздо етс.! Толькі сядзі ў Сеціве ды назірай!

Harrier, спасибо за супер-информацию!  Мне тоже очень понравилось! Вчера днём смотрел с дочкой. Заходил поздно вечером - самка была на гнезде, но были сильные помехи. А сейчас, похоже, нет сигнала?    :(

2 corvus Няма за што! Як пачытаеш такія каментары, дык хочацца рабіць больш і лепш - чэснае слова!

Я заходзіў у 12.13 - самка сядзіць на яйках. Праўда праз другую камеру на тым жа гняздзе (?) не магу паглядзець. Магчыма гэта варшаўская, не разбіраўся, бо пакуль і гэтай хапае. 

Цяпер разабраўся з камерамі. Варшаўская на Палацы культуры яшчэ не працуе (пішуць, што недлуго стартуемы). А другае камера, якая павінна паказваць, напэўна, месца падлёту да гнязда (podest), сапраўды не ўключаецца. Можа ўключаць, калі птушаняты будуць выбягаць туды?