Хаця вялікая белая (Egretta alba) і шэрая чапля (Ardea cinerea) адрозніваюцца анатамічна і паводзінамі, у тым самым месцы яны могуць паляваць на тую самую здабычу і таму - канкурэнты.
Цікава было паглядзець, як яны вырашаюць паміж сабой канфлікт інтарэсаў, тым больш з назіранняў мінулага лета я ведаў, што як мінімум часам шэрая чапля стараецца прагнаць сваіх белых канкурэнтаў нават калі іх адначасова больш адной.
Абедзве чаплі маюць аднолькавыя памеры і могуць заходзіць у воду на тую ж глыбіню пад час рыбалкі. Таму выбар месца рыбалкі адной з іх можа і другую старацца апынуцца недзе паблізу, каб выкарыстаць добрае месца і для сябе.
У пачатку верасня я стаў сведкам, як адна з вялікіх белых чапляў тройчы падлятала і павольна падыходзіла да шэрай:
Тая сапраўды спачатку не бачыла яе, або толькі рабіла такі выгляд. Аднак кожны раз як шэрая паварачвалася да яе, або белая лічыла, што падыйшла небяспечна блізка (на адлегласць прыкладна да 5-8 м), белая пералятала назад і шэрай не прыходзілася актыўна яе праганяць.
Я і раней падазраваў, што на тым самым участку Нёмана ў межах гораду трымаюцца 1-2 шэрых і 5-6 вялікіх белых чапляў. А ў адзін з наступных ранкаў ўбачыў, што не памыляўся: на высокай таполі сядзелі 5 белых + 1 палявала знізу ў вадзе, а шэрая чапля сядзела там толькі адна. Магчыма, што падобныя суадносіны робяць маласэнсоўнымі пагоні за белымі чаплямі, ды і месцаў для паляванняў яшчэ хапае ўсім, няхай толькі лепш трымаюць дыстанцыю)
Верасень 2021, Нёман у Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.10.2021 - 13:15
Ніхто не любіць, каб нехта…
Ніхто не любіць, каб нехта знаходзіўся блізка, і перашкаджаў паляваць-рыбачыць. Нават людзі прытрымліваюцца гэтага правіла. З відэа бачна, што ўсё ж дамінуе шэрая чапля.