Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Сініцы і зайздрасць

Ёсць у пойме Гараднічанкі, не вельмі далёка ад вусця, некалькі тоўстых таполяў. Хаця выглядаюць яны салідна з-за гэтай сваёй шырыні ці таўшчыні, насамрэч не з'яўляюцца такімі ўжо старымі. Але складак кары на іх ужо шмат, і гэта выкарыстоўваюць і шматлікія бесхрыбетныя, якія ў гэтых складках хаваюцца, і птушкі, якія іх з гэтых складак дастаюць, каб з'есці.

Сонца хутка сядала, святла ўжо было малавата для добрых здымкаў, калі на гэтыя таполі прыляцела пара (ці дзве?) сінія сініцы (Cyanistes caeruleus). Іх памеры і вага дазвалялі даволі хутка, але пільна  даследаваць кару і хутка з'ядаць нешта невялікае - хутчэй за ўсё нейкіх насякомых, якія ці то прыселі адпачнуць, ці то ўжо схаваліся там на зіму. Прычым рабілі гэта птушкі не па-сінічаму, а неяк прамежкава паміж дзятламі і паўзункамі, перасоўваючыся то па спіралі, то амаль вертыкальна ўверх, абапіраючыся пры гэтым на трошкі растаўлены хвост.

І ўсё ў іх шло спрытна, пакуль гэтую хуткую вячэру не заўважыла зверху, з галін таполяў, вялікая сініца (Parus major). Ці то ёй падалося, што сінія сініцы ядуць яе здабычу, да якой яна яшчэ не дабралася, ці то яна з зайздрасці да іх здольнасцяў вырашыла прагнаць іх, сказаць цяжка. Але наляцела і прагнала. А ў самой нічога паўтарыць не атрымалася - была яна або зацяжкая да падобных рухаў, або не такая здольная, каб запомніць і паўтарыць.

Тым часам святла зрабілася яшчэ менш, ды і вялікая сініца хутка адляцела. На гэтым гісторыя з сініцамі і скончылася.

26-09-2021, Гродна, пойма Гараднічанкі

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары

Дзякуй! Так, цікава, што знізу вельмі маршчыністая, а вышэй амаль гладкая і неяк амаль незаўважна адна ў другую пераходзіць.