Ёсць у пойме Гараднічанкі, не вельмі далёка ад вусця, некалькі тоўстых таполяў. Хаця выглядаюць яны салідна з-за гэтай сваёй шырыні ці таўшчыні, насамрэч не з'яўляюцца такімі ўжо старымі. Але складак кары на іх ужо шмат, і гэта выкарыстоўваюць і шматлікія бесхрыбетныя, якія ў гэтых складках хаваюцца, і птушкі, якія іх з гэтых складак дастаюць, каб з'есці.
Сонца хутка сядала, святла ўжо было малавата для добрых здымкаў, калі на гэтыя таполі прыляцела пара (ці дзве?) сінія сініцы (Cyanistes caeruleus). Іх памеры і вага дазвалялі даволі хутка, але пільна даследаваць кару і хутка з'ядаць нешта невялікае - хутчэй за ўсё нейкіх насякомых, якія ці то прыселі адпачнуць, ці то ўжо схаваліся там на зіму. Прычым рабілі гэта птушкі не па-сінічаму, а неяк прамежкава паміж дзятламі і паўзункамі, перасоўваючыся то па спіралі, то амаль вертыкальна ўверх, абапіраючыся пры гэтым на трошкі растаўлены хвост.
І ўсё ў іх шло спрытна, пакуль гэтую хуткую вячэру не заўважыла зверху, з галін таполяў, вялікая сініца (Parus major). Ці то ёй падалося, што сінія сініцы ядуць яе здабычу, да якой яна яшчэ не дабралася, ці то яна з зайздрасці да іх здольнасцяў вырашыла прагнаць іх, сказаць цяжка. Але наляцела і прагнала. А ў самой нічога паўтарыць не атрымалася - была яна або зацяжкая да падобных рухаў, або не такая здольная, каб запомніць і паўтарыць.
Тым часам святла зрабілася яшчэ менш, ды і вялікая сініца хутка адляцела. На гэтым гісторыя з сініцамі і скончылася.
26-09-2021, Гродна, пойма Гараднічанкі
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.10.2021 - 13:25
Цікавае назіранне і здымкі…
Цікавае назіранне і здымкі добрыя. Уразіла кара таполі: магутная, з глыбокімі, шырокімі "маршчынамі"!
Harrier - 20.10.2021 - 14:07
In reply to Цікавае назіранне і здымкі… by pva
Дзякуй! Так, цікава, што…
Дзякуй! Так, цікава, што знізу вельмі маршчыністая, а вышэй амаль гладкая і неяк амаль незаўважна адна ў другую пераходзіць.