Нашы і паўночныя віды птушак, якія выбралі праводзіць зіму ў 'зімовых умовах', прыстасаваныя да розных сытуацый, пра якія бліжнія і дальнія мігранты (пералётныя птушкі) наўрацці нават здагадваюцца.
Сёлетняя зіма скончылася амаль без сустрэч з амялушкамі (Bombycilla garrulus) - так бывае, што у адны зімы іх сотні і трымаюцца яны з сярэдзіны восені да пачатку мая, а ў іншыя іх амаль і няма. Але мне ўсё ж пашанцавала, хаця і толькі адзіны раз.
Я здымаў на беразе Нёмана крапіўніка, які камусьці стракатаннем абвяшчаў межы сваёй зімовай тэрыторыі і для гэтага выляцеў на верхнія галінкі куста вярбы, калі троху спераду і за спіной пачуў 'перамовы' амялушак - усім знаёмае свірысценне.
Троху больш за паўсотні птушак адпачывалі ў гэты сонечны і марозны ранак на самым высокім у наваколлі дрэве - бярозе:
Было зразумела, што яны недзе раней ужо добра пад'елі і таму нават даволі вялікія і багатыя на ягады кусцікі амялы на бярозе змаглі спакусіць - і тое ненадоўга - толькі адзінкавых амялушак. Але іншыя птушкі паказалі мне новы спосаб як напіцца вады ў мароз: яны дзюбай 'абдзіралі' шарак з галін там, дзе змаглі да яго дабрацца! Раней я ўжо бачыў, як амялушкі сядалі на снег і 'пілі' яго; здымаў, як пілі воду з ракі . Але гэты спосаб я бачыў упершыню.
На жаль, працягвалася гэта нядоўга і я змог зрабіць толькі 2 апошнія здымкі, на якіх гэта бачна. Праз некалькі секунд птушкі зашумелі і чародкамі адляцелі.
Бераг Нёмана ў Гродна, 12-01-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 10.02.2022 - 22:16
Красота! А мне этой зимой…
Красота! А мне этой зимой пока увидеть свиристелей не довелось, да, кстати и чечеток.
Harrier - 11.02.2022 - 10:19
In reply to Красота! А мне этой зимой… by arktous
Дзякуй! Так, пэўна…
Дзякуй! Так, пэўна затрымаліся недзе далей на поўнач ад нас, не даляцелі.