Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі

Дэлавэрская чайка (Larus delawarensis) – від птушак, які гняздуе ў Паўночнай Амерыцы і зімуе пераажна ў Цэнтральнай, у апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна залятае ў Еўропу, а асобныя птушкі нават застаюцца тут на зімоўку. У нас былі невялікія спадзяванні, што ў бліжэйшыя гады магчымы залёт дэлавэрскай чайкі і ў Беларусь, але што ён адбудзецца ў такіх цікавых абставінах, пэўна, не думаў ніхто.

Справа ў тым, што ў Польшчы добра вядомыя дзве асобіны гэтага віду, якія прылятаюць у тыя самыя месцы на зімоўку ўжо не першы год. З часам абедзьве чайкі былі адлоўленыя арнітолагамі і маюць персанальныя каляровыя пластыкавыя кольцы, дзякуючы гэтаму іх можна з дапамогай адпаведнай оптыкі пазнаць здалёк. Адна з гэтых чаек, якую упершыню адзначылі ў лістападзе 2014 году ў горадзе Ełk на паўночным усходзе краіны і якая ў натупныя гады рэгулярна там назіраецца з восені да зімы, была найбліжэй Беларусі і менавіта на яе выпадковы залёт маглі быць найбольшыя спадзяванні. Але выйшла інакш. Другая, больш знакамітая дэлавэрская чайка, якая рэгулярна зімуе ў наваколлі горада Ольштын, была закальцаваная у снежні 2005 г. у Шцэціне і з часам атрымала мянушку “Kajzerka” (так называюць самую танную, але смачную і папулярную ў Польшчы булачку).

Дзякуючы фірме Interrex - rings & telemetry на прыканцы мінулага году Kajzerka атрымала яшчэ і самы сучасны і лёгкі спадарожнікавы GPS-перадатчык і за яе перамяшчэннямі стала сачыць нашмат прасцей. А з надыходам сонечных дзён (дзякуючы якім сонечная батарэя перадатчыка мае пастаянны і добры зарад) фактычна ў рэжыме рэальнага часу.

Такім чынам, чайка 7-8 снежня знаходзілася на поўнач ад Шчэціна (Пн Польшча), а 22.12 ужо ў пойме Эльбы на захад ад Берліна (Германія). На Каляды птушка пераляцела ў Нідэрланды, дзе яна пачала актыўныя і параўнальна хуткія пералёты ў паўднёва-заходнім кірунку і за 4 гадзіны перамясцілася на пр. 200 км. Праз дзень, 27.12 Kajzerka была ўжо ў Бельгіі на поўдзень ад Антверпена. Гэта ўжо як мінімум другі залёт гэтай дэлавэрскай чайкі ў Бельгію, першы адбыўся ў лютым-сакавіку 2012 г.. У гэтай краіне Kajzerka зазімавала і на гэты раз, дзе і была дзякуючы сігналам з перадатчыка пра яе дакладныя перамяшчэнні сфатаграфаваная (гл. верхні здымак).

мапа

Чайка ўвесь гэты час трымалася ў Бельгіі, ажно 4 дні таму пачала актыўную міграцыю ва усходнім кірунку і 26.03 перасякла спачатку мяжу Польшчы з Беларуссю і праляцела на паўднёвы ўсход побач з Брэстам, а потым і мяжу Беларусі з Украінай. На гэта звярнуў увагу Marcin Faber, заснавальнік і уладальнік фірмы Interrex - rings & telemetry, дзякуючы паведамленню якога ў фэйсбуку мы і даведаліся пра новы від і для Беларусі, і для Украіны.

мапа

Мы (“Птушкі штодня”) распыталі Марціна пра гэтую важную падзею:

“Фірма Interrex - rings & telemetry была створана намі ў 2008 годзе. Мы робім каляровыя пластыкавыя кольцы для кальцавання дзікіх  птушак, а перадатчыкі пачалі прадаваць у 2020 годзе.

Мы даўно хацелі забяспечыць гэтую чайку перадатчыкам, таму што яна штогод з’яўляецца ў тым самым месцы на возеры Wulpińskim пад Ольштынам.  

Канешне, мы спадзяваліся, што чайка паляціць у краіну, дзе гэты від яшчэ не быў адзначаны. Але мы думалі, што яна абярэ больш паўночны кірунак і паляціць у краіны Балтыі або Фінляндыю і зусім не чакалі, што яна такім вось чынам паляціць на поўдзень праз паўднёвую Беларусь ва Украіну.

Кожны год гэтая чайка вяртаецца ўвосень у Польшчу пад Ольштын. Калі будзе жыць далей, то хутчэй за ўсё на прыканцы лета – у пачатку восені мы зноў яе ўбачым у Польшчы. Магчыма, што на адваротным шляху ізноў праляціць праз Беларусь. Цяпер мы можам сачыць за яе перамяшчэннямі дзякуючы перадатчыку.”

Дэлавэрская чайка памерамі і афарбоўкай найбольш нагадвае нашу шызую чайку. Гняздуе каланіяльна на зямлі, часта на астравах на азёрах, у поймах рэк і на марскіх узбярэжжах Канады і ЗША. Звычайна птушкі вяртаюцца гнездаваць у тыя самыя калоніі з году ў год. Звычайны для Паўночнай Амерыкі від, які на зімоўку ляціць не толькі ў Мексіканскі заліў і на ціхаакіянскае і атлантычнае ўзбярэжжы ЗША, але многія птушкі зімуюць і на Вялікіх азёрах.

Дэлавэрскія чайкі шмат разоў адзначаліся ў Еўропе: Францыі, Італіі, Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі і іншых краінах. У Вялікабрытаніі і Ірландыі колькасць залётаў дэлавэрскіх чаек у апошнія дзесяцігоддзі павялічылася настолькі, што від больш не лічыцца “рэдкасцю” і яго рэгістрацыя больш не патрабуе пацверджання мясцовай фауністычнай камісіі. У некаторых еўрапейскіх краінах гэтыя чайкі пачалі рэгулярна зімаваць.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), без рашэння якой назіранні новых і многіх рэдкіх для краіны відаў не маюць навуковай сілы, зацвердзіць гэтую рэгістрацыю дэлавэрскай чайкі, від стане 341-м у Спісе птушак Беларусі. Дагэтуль падобным чынам, толькі з дапамогай трэкаў, атрыманых ад спадарожнікавых перадатчыкаў, у асноўны Спіс відаў нашай краіны трапіў сокал-балабан, а ў дадатковы спіс – барадач.

 

Для сайта “Птушкі штодня” падрыхтваў Дзьмітры Вінчэўскі

Мапы перамяшчэнняў дэлавэрскай чайкі © Interrex - rings & telemetry

Верхні здымак Кайзэркі з перадатчыкам быў зроблены ў мясцовасці Rumst (Бельгія) 02-01-2022 by Kris De Rouck

 

 

На гэтую тэму:

Новы для Беларусі від птушак, арлан-даўгахвост, адзначаны пад Мінскам!

Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі

Трэці сёлета новы для Беларусі від птушак, таўстадзюбая пячураўка, адлоўлены на поўначы краіны

В Списке птиц Беларуси теперь 337 видов: протокол заседания БОФК от 11.03.2021 и обновленный список птиц БОФК

У Мінску адзначаны новы для Беларусі від птушак– палярная чайка!

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

 

Comments