Пасля перапынку амаль у два месяцы я зноў убачыў маладую шэрую чаплю (Ardea cinerea) на Нёмане ў цэнтры гораду. У гэты раз птушка стаяла побач з парай качак-крыжанак недалёка ад берага з краю невялікай і адкрытай затокі. Я свречасова ўбачыў яе і паспеў стаць на такой адлегласці, з якой чаплі не прыйшлося ўзлятаць.
Птушка яўна шукала здабычу і павольна перасоўвалася ў бок купіны высокай каляводнай расліннасці, углядаючыся ў ваду або перад сабой, або непасрэдна пад сабой. Але нічога злавіць у яе не атрымлівалася, ажно яна ўвайшла ў расліннасць і яе погляд яўна перамясціўся на нешта, што знаходзілася на лісці рагоза перад ёй.
Нечакана для мяне яна двойчы, раз за разам, схапіла нешта з расліннасці і праглынула! Што гэта магло б быць мне не адразу прыйшло ў галаву. Калі б гэта было летам, я б падумаў пра стракозаў - такое я ўжо бачыў, хаця і толькі аднойчы.
Але тое, што адбылося цяпер, здарылася напярэдадні пачатку зімы, таму адзінае, пра што я потым падумаў, гэта малюскі, якія схаваліся, прымацаваўшыся да лісця, на зіму. Аднак што гэта было насамрэч, застаецца невядомым,
Нёман у Гродна, 17-11-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 21.11.2022 - 09:32
Можна было б потым…
Можна было б потым абследаваць рагоз, паглядзець, хто на ім хаваецца. Здымкі буйным планам атрымаліся добрыя.
Harrier - 21.11.2022 - 16:54
Так было б, пэўна,…
Так было б, пэўна, найпрасцей. Але зайсці ў яго з боку вады - як гэта зрабіла чапля - я не мог. І калі б нешта і знайшоў там на лістах, то гэта магло б быць тое, што чапля і не збіралася есці, а не тое, што з'ела)