Хаця кароткі чэрвеньскі вечар яшчэ не пачаўся, я ўжо вярнуўся дахаты з цалкам разражаным фатаапаратам і паставіў яго на зарадку. Прайшло толькі некалькі хвілін і я ўбачыў за нашым вакном ... белагрудага вожыка (Erinaceus concolor)! Ён спакойна гуляў па не так даўно скошанай траве, час ад часу прыпыняўся і прынюхваўся. Я кінуўся ў суседні пакой за фоцікам і хаця ведаў, што на 'нармальную' фота-сесію яго яўна не хопіць, адкрыў вакно і пачаў здымаць:
Так і атрымалася - фоцік ізноў хутка разрадзіўся, а вожык дайшоў і прапаў ў вялікім кусце фарзіцыі пад другім нашым вакном. Я на некалькі хвілін забыў пра яго, а з-за таго, што наша пранне, развешанае на падворку, не паспела высахнуць з-за серыі кароткіх, але моцных навальніц адразу пасля абеду, вырашыў выйсці і развесіць яго ізноў. Не паспеў я развесіць на вяроўкі і палову, як вожык выйшаў з-за рогу дома і накіраваўся наўпрост у мой бок. Прыйшлося хутка паставіць тазік з праннем і тэлефанаваць сыну, каб адключыў з зарадкі і прынёс мне фоцік.
Вожык жа не спяшаўся, не звяртаў на мяне ніякай увагі і яўна шукаў ежу, пастаянна прынюхваючыся:
Даволі хутка ён залез на пляцоўку для кантэйнераў са смеццем, але таксама хутка вылез з яе і працягваў хадзіць-перабягаць збоку ад нашага дома паміж дарогай да суседняга і офісным будынкам. Праз дарогу ад нас, па якой ездзіць параўнальна шмат машын, стаіць яшчэ адзін шэраг розных будынкаў, а ўжо за ім пачынаецца бераг Нёмана. І я пачаў думаць - ці можа добра было б перанесці вожыка праз дарогу, бліжэй да ракі і далей ад патэнцыйных небяспекаў? Ажно ў некалькіх метрах ад яго ўбачыў вялікага ката, якога выпусцілі з суседняга дому 'пагуляць'. Тады і вызначыўся з 'ратавальнай аперацыяй'. Хутка даразвешваў пранне, а ўжо пусты тазік выкарыстаў у якасці кантэйнера для пераноскі.
Вядома, вожык не хацеў ў яго забягаць і штораз разварачваўся каб пазбегнуць трапіць у тазік. Але тут побач знайшоўся корак ад шампанскага, я паставіў тазік на доўгі борт- бок, коркам падпіхнуў у яго звярка - і ўсё атрымалася!
Мы хутка - і бяспечна - перайшлі дарогу, а вось за ёй знайсці добрае месца дзе можна было б яго выпусціць і не хвалявацца, хвіліна за хвілінай не атрымлівалася. Вожык пачаў паскульваць у тазіку, але тут нам пашанцавала - у шчыльнай агароджы вакол будынкаў я нарэшце знайшоў невялікую адтуліну як раз на іх сутыку і калі нахіліў і прыставіў да яе тазік, вожык хутка пралез у яе і знік.
Гродна, 28-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 06.07.2023 - 10:29
Интересный рассказ с…
Интересный рассказ с отличными фото. Как обычно, самое интересное получается неожиданно.
Harrier - 06.07.2023 - 11:45
Вялікі дзякуй! Нядаўна…
Вялікі дзякуй! Нядаўна дакупіў у Польшчы 2 батарэі для фоціка, так што цяпер буду лепш падрыхтааны да падобных нечаканых падзей)
pva - 09.07.2023 - 10:59
Добры, хоць і калючы, быў у…
Добры, хоць і калючы, быў у вас сусед! Думаю, што ён яшчэ вернецца да вас наведаць. Нечаканыя "суседзі" - дзікія жывёлы, заўсёды прыемныя, цікавыя і непрадказальныя...
Harrier - 09.07.2023 - 12:52
Дзякуй! Галоўнае, што…
Дзякуй! Галоўнае, што застаўся жывы ў цэнтры гораду і як захоча - няхай вяртаецца.