За зіму моцнымі вятрамі паламала большасць сухога трыснягу ў яго купінах па берагах Нёмана ў горадзе (а можа і за яго межамі). Таму я з засцярогай чакаў прылёту драздовых чаротавак (Acrocephalus arundinaceus), бо сумняваўся ці яны абяруць за свае гнездавыя тэрыторыі тыя няшчэмныя купіны.
І вось 4 мая, яшчэ здалёк, я пачуў гучную і траскатлівую песню першага самца, які абраў сабе самую вялікую купіну трыснягу прыкладна 6х15 метраў у вусці Гараднічанкі. Там сухія высокія сцябліны хаця і засталіся ў значна большай колькасці, чым у іншых месцах, але і яны выдатна прасвечываліся і спяваючую на іх птушку было выдатна бачна, а не толькі чутно. Можа таму гэты самец у той жа і наступныя дні яшчэ пералятаў уверх па плыні на іншыя бліжэйшыя, але значна меншыя купіны, бо не мог паверыць, што сапраўды заняў найлепшае тут месца.
А ўжо ў наступныя дні лічба самцоў стала хутка павялічвацца, яны занялі і спявалі з усіх купін трыснягу, нават самых невялікіх і ў рэшце рэшт іх стала 7 на прыкладна кіламетр ракі. Апошнімі птушкі занялі самыя невыразныя месцы - у цэнтральнага пляжа і на тым беразе ў скверыка. Аднак гэта зусім не азначала, што выбар канчатковы і некаторыя чаротаўкі працягвалі правяраць свае сілы і на чужых участках, асабліва на суседніх. І тады самцы-гаспадары стараліся прагнаць такіх няпрошаных гасцей і ляцелі за імі да іх участкаў, адкуль звычайна вярталіся на свой.
Аднойчы я некалькі секунд назіраў за канкурэнцыйнымі спевамі двух супернікаў-самцоў на адлегласці каля 3 метраў, але такое не магло працягвацца доўга і адзін з іх вярнуўся на свой, суседні, лапік трыснягу і гаспадару нават не прыйшлося яго праганяць.
Дзякуючы вельмі цёпламу маю, зялёны, свежы трыснёг, падымаецца вельмі хутка і многія самцы стараюцца спяваць з яго бо іх там зусім не бачна. Але час ад часу ўсё ж лічаць патрэбным не толькі гучаць, але і паказвацца на сухіх выскокіх сцяблінах. І іх афарбоўка таксама выдатна іх камуфлюе сярод старых трысняговых мяцёлак.
І вось калі ўчасткі ўжо былі выбраны і ўтрымліваліся чаротаўкамі, а некаторым з самцоў (а можа і ўсім) ужо атрымалася прыцягнуць на іх самак, у вусце Гараднічанкі з'ехаў экскаватар. З восені ён рабіў з апошніх 500 м Гараднічанкі канаву, абкладзеную бетоннымі 'падушкамі' і амаль цалкам знішчыў адну з купін трыснягу ніжэй упадзення рэчкі ў Нёман. Так самцоў чаротавак засталося шэсць.
Май 2024, Гродна.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 29.05.2024 - 10:27
Сумная гісторыя. Але Нёман…
Сумная гісторыя. Але Нёман вялікі, і месца для гнездавання хопіць усім. А фота вельмі каларытныя.
Harrier - 29.05.2024 - 21:04
Дзякуй за добрыя словы!
Дзякуй за добрыя словы!