Чырвоныя пяскі

Кызылкумы.
    2-3 сакавіка. Нас чакае двухдзённая вандроўка ў загадкавае месца – Кызылкумы, што ў перакладзе азначае чырвоныя пяскі. Чаму чырвоныя і чаму пяскі здагадацца не складана. Амаль адразу нам адчыняюцца дзівосныя краявіды з шыкоўнымі сталовымі ўзгоркамі, мелавымі гарамі, ну і, канешне, пануючым чырвоным колерам пяскоў.   

    Нас сустракаюць вясёлыя пясчанкі і любапытныя суслікі. На чынках і камяністых узгорках аблюбавалі месцы для гнездаваньня разнастайныя драпежнікі ад курганьніка да балобана. Драпежных птушак тут насамрэч вельмі шмат, асабліва стэпавых арлоў і пустальгі, па дарозе бачылі яшчэ і арла-магільніка.
І ўсе гэтыя цуды пад чыста блакітным небам.
       Ночым мы каля дзівоснай гары, адзін бок якой падобны на чалавечы твар. Хоць у нас быў і шыкоўны намёт для начлегу, я вырашыў паспаць у машыне. На дзіва, пасьля паўбутэлькі піва, мне ўсю ноч сьніліся разнастайныя сны – прышпілёвыя і павучальныя. Праўда, час ад часу прыходзілася прачынацца, бо на дах машыны пастаянна садзіліся нейкія птушкі, якія пастаянна скрабліся там, а потым увогуле пачаўся рэдкі грукат па машыне, я так і не зразумеў, што гэта было. Ня верыцца, канешне, што ўсё гэта ад паўбутэлечкі піва…
Раніца, неба зацягнула аблокамі і ў адрозьненьні ад папярэдняга дню сёньня вецер і холад. Але ж трэба выконваць задачу. Выяжджаем. Мда, наш “патрол” не захацеў завадзіцца, забылі дастаць ключы з машыны, таму памёр акумулятар. Задача ўскладнілася тым, што ў ніводнай з чатырох машын мы не знайшлі кабеля з клемамі, каб ажывіць гэты важны орган аўтамабіля. Дзе знайсьці кабеля, калі бліжэйшая вёска толькі ў 20-ці кіляметрах. Нічога ня зробіш, трэба ехаць шукаць сваё шчасьце. На шчасьце правады знайшліся, але наіўныя французы палічылі, што яны не падойдуць, бо ў іх няма клемаў, кхех, таму Валентайн, перад аперацыяй па падкурваньню акумулятара ад другой машыны, стаяў з агнетушыцелям.
       Добра, мы адхіліся ад птушак, хаця я ўжо і не памятаю, што мы тут новага бачылі. Ах, так гэта быў балотны лунь і наш любімая красотка. Таксама нас чакала сустрэча з джэйранамі, гэта вельмі прыгожыя газэлі, якія аблюбавалі тутэйшыя мясьціны, а ў начы мы дзіву даваліся ад каскадзёраў-тушканчыкаў. Гэта начныя жывёлы маленькіх памераў, але з вялікімі вушамі, лапамі і доўгім хвастом. Як кенгуру яны прыгаюць на задніх лапах. Тушканчыкаў тут вельмі шмат, часам пад сьвятло фар патрапляе больш за 10 звяркоў, таму і адчуваньне паяўляецца, быццам ты не на гэтай плянэце, сярод чужых.

ХХХХХХХХХХХХХХХ

Каршынская стэп

Наступная двудзённая вандроўка была ў паўднёвы Ўзьбекістан, на мяжы з Туркменістанам, недалёка ад таго месца, дзе затрымалі памежнікі нашых французаў і недалёка ад вядомай пустэчы Каракумы - чорныя пяскі. Тут усё было інакш, чым на поўначы. Адзін з самых густанаселеных рэгіёнаў, паўсюль вядуцца нафта і газаздабычы, пракладваюцца трубаправоды, роюцца каналы. І ўсё ж такі паміж гэтым усім раскінулася адносна дзікая тэрыторыя, на якой свабодна пасьвяцца джэйраны. Пясок тут ужо больш звыклы да нашага вока - жоўты, але паўсюль ён прадзіраўлены норамі разнастайных грызуноў, яны тут паўсюль, а так, як гэта добрая ежа для драпежных птушак, то і апошніх тут таксама незлічоная колькасьць, у асноўным гэта курганьнікі і стэпавыя арлы. Гэтаксама поўна разнастайных жаўрокоў, якія незлічонымі чародамі, быццам мышы бегаюць між шэрага палыну. Паявілася і шмат чорнабрухіх рабкоў, часам чароды іх дасягаюць 200 - 300 асобін. Нават бачылі чароду кучаравых пеліканаў і вялікіх бакланаў.

Але ж уражваюць масштабы газаздабычы, уздоўж усяго небасхілу бачна мноства труб факелаў, кругласуткава зжыгаюць газ, дзеля чаго гэта робіцца я так і не зразумеў, дзеля чаго яны спальваюць столькі газу.

Вечар быў файны, Зорная ноч, гігантскія газавыя сьвечкі. Плоў, які нам прыгатаваў Франсіс. Уно - індыйская гульня, у якую навучылі гуляць французы, добрыя сны, і ранішні пад'ём.

Сьпякотны дзень, тэмпература +18, яркае сонца, якое прымусіла абудзіцца мясцовых сярэдняазіяцкіх чарапах і нават яшчурак. Мноства драпежных птушак і вайсковы палігон, куды мы выпадкова патрапілі...

Шмат разнастайных выпадкаў, як ледзь неўзарваўшыйся газавы балон, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, рознае іншае, што складана распавесьці ў двух славах...

 

Каментары

АВ (госць) - 06.03.2010 - 16:09

дзякуй, суперрэпартаж. Добра, што некаторыя людзі працягваюць рамяство продкаў, а не ганяюцца за шалёнымі грашыма. Роўна 20 гадоў назад у красавіку мы с Мікалаем Данілавічам былі ўпершыню ў Каракумах і Кызылкуме (запомніў, што яны называюцца менавіта так), добры быў час, гарохавая самагонка, холад, Чарджоу, птушкі, алзічаўшыя аслы і мустангі, кала, зейдан... Газ спальваюць і па ўсяму Сібіру, кажуць, каб не ўзарваўся, як я зразумеў - гэта папутны газ пры здабычы нафты.

добры сайт па птушках Казахстана... birds.kz там ёсьць добры электронны палявы вызначальнік па птушках(людзі дасылаюць свае фатаздымкі, пасьля чаго фармуюцца старонкі з інфармацыяй па таму, ці іншаму віду), можна і нам падобны стварыць...