STILL ALIVE

 Отряд не заметил потери бойца.
Незвычайна раньняя раніца пачалася ў Кобрыне, у доме Алеся Страчука. І хоць у дамоўленны час пад’ёму гаспадар спаў моцным сном, мне ўдалося яго неяк абудзіць. Мы хутка сабралі харчы, мапы і біноклі, паехалі забіраць яшчэ двух маладых, але ўжо занадта бравых байцоў Кобрынскага экацэнтру. Яшчэ адзін Алесь ужо чакаў нас у вызначаным месцы, а Яўген ніяк не аб’яўляўся.

Стрэлка гадзіньніка перасякла шостую гадзіну, а тэлефон нашага камрада ўпорна прасіў патэлефанаваць пазьней, бо абонент не дасяжны. 
Што рабіць? Выратаваў хатні тэлефон, слухаўку якога падняў сонны бацька Жэні. І ўжо праз пятнаццаць хьвілінак “піраты” у поўным баекамплекце вылецелі выконваць баявую задачу. А задачы для кожнага былі свае: хтосьці жадаў перамагчы “белых варон”, а хтосьці выйграць новы супэрмодны вызначальнік, бо перамагчы такія моцныя каманды, як “кронан” і “КМ” падавалася малаверагодным. 

What a beautiful morning in my life!
Праехаўшы ўвесь Кобрын, першую птушку мы сустрэлі толькі на ачышчальных забудовах. Мы жа ня ведалі, што Aistok ужо колькі дзён прапаноўваў птушкам дармовыя харчы, і ўсе пярнатыя Кобрына ўляцелі ў парк. Ну нічога, на сажалках прырода кампэнсавала нам гэтую няўдачу. Тут паўсюль сьпявалі разнастайныя птушкі – стрынаткі, звычайная чаротаўка, сініцы, малінаўкі. У небе, як камарынныя хмары лёталі ластаўкі, а ў вадзе моклі крыжанкі ды мералі глыбіню малыя коўры з лыскамі. 
Сьвітанак быў вееельмі прыгожым. Быць можа, таму што я даўно ня бачыў сьвітанкаў.
Сіняе неба зь невялічкімі кавалкамі белых аблокаў, абільная раса, і насычаны восеньскімі пахамі туман, які паступова раствараўся ў сонечных праменьнях, ад чаго ўвесь краявід рабіўся матава ружовым. Ня гледзячы на спаборніцтвы, мы тут затрымаліся ажно на гадзінку, усё ж такі ня вельмі хацелася пакідаць гэтую прыгажосьць.

Ляці, бусел, ляці!
Усё ж такі нам прыйшлося пакінуць гэтую мясьціну, так як на перадзе нас чакала штосьці новае і непаўторнае. На маскоўскай трасе мы ўбачылі трох белых буслоў. Яны стаялі ў калюжы і зусім не зьвярталі на нас увагі. Побач зь імі гаманілі кнігаўкі, таму вырашылі падбегчы бліжэй, каб больш добра ўсё аглядзець. Мы зноў згубілі байца. Яўген катэгарычна адмовіўся бегчы па расе і мы неўзабаве адбеглі ўтрох і ўспугнулі жаўрука. Больш сёньня нам не пашчасьціць яго ўбачыць, таму прыйшлося растлумачыць камраду, што каманда ў гэтым чэмпіянаце значыць усё. У знак пагадненьня прама на нас вылецела жоўтая пліска.
Едзем далей, але нядоўга. На суседнім полі харчуецца вялізарная чарада кнігавак ды іншых “каляводных”, але з-за кепскай оптыкі нам удаецца распазнаць толькі чароды вялікіх кіркуноў у брачным апярэньні. Спроба падысьці бліжэй не дала плёну – птушкі маюць крылы =)

Выпас птицы запрещён!
Такая таблічка нас сустрэла на сажалцы цукровага завода, але напэўна птушкі ня ўмеюць яе чытаць, таму тут было багата як хатніх гусёў, так і дзікіх аматараў вадзічкі, такіх як лыскі, коўры, крыжанкі, ныркі, чаплі.
Рыбгас Сакалова, нажаль, не абрадваў нас вадаплаваючымі птушкамі і кулікамі. На тое, мы тут добра папоўнілі сьпіс пеўчымі птушкамі. Ды і затрымаліся мы на ім не на доўга, вельмі карціла нам даехаць да іншага рыбгаса, які кожны арнітолаг называе па-свойму, хто Страдзічы, хто Страдзіч, ці Страдзеч. Сэнс ад гэтага не мяняецца.
Па дарозе перыядычна запыняліся ў сасновым і сьмешанным лясах, і досыць пасьпяхова.
Радасна віталі нас дробныя пічугі, і зусім ня дробная чорная жаўна, якая села на суседнім дрэве на вялікую радасьць дзетак.
Не прапусьцілі і ачышчальных забудоў цукровага завода, ад якіх несла дзіўным пахам сапсаваных буракоў. Нажаль, гэты пах не падабаўся ня толькі нам, але і птушкам. Толькі з супрацьлеглага боку адзначылі малога грычуна, які панаваў над шыракораскінуўшыміся джунглямі хьмеля.

Дальняя дарога на Страдзіч
Пасьнедаўшы блінамі зь ліверам, кілбаскамі з гарачаю гарбатай, і закусіўшы гэта ўсё жоўтым кавуном зь беларускай градкі, мы ўсё ж такі вырашылі паехаць на Страдзіч. Шлях туды заняў цэлую гадзіну, за якую нам удалося ўбачыць толькі пустальгу, якая палявала ў ваколіцах Берасьця.
Стражнік і начальнік рыбгасу далі нам зялёнае сьвятло і мы памчалі шукаць скапу, клікуноў, шэрашчокіх коўр і арлана-белахвоста, якіх неаднаразова перад гэтым адзначалі ўдзельнікі летніку. Нажаль, вялікія белыя птушкі, што ўпарта хаваліся паміж трысьнягоў аказаліся шыпунамі, драпежныя птушкі не ляталі, бо пачаўся дробны дожджык, а бакланаў і чапель мы бачылі і на Сакалова.
Праяжджаючы побач з адной сажалкай мы зусім выпадкова ўбачылі марадунку, яна бегала па каменьні і нагадвала добра вядомую нам скульптуру ў горадзе Тураве. Для кагосьці гэта стаўся новы від, а для мяне проста прыемная сустрэча. Але ня гледзячы на гэта рыбгас з намі не падзяліўся птушынай разнастайнасьцю, і стрэлы паляўнічых увесь час гэта падцьверджвалі.
У нас засталася гадзіна, трэба імчаць у Кобрын. Юныя бёдуочары працягвалі актыўна ўзірацца ў вокны машыны, але ўжо з заплюшчанымі вачыма, а мне прыйшлося з вялікай хуткасьцю нясьціся па ненадзейнай гравейцы, каб пасьпець у час адчытацца аб тым, што місія выканана, а піраты still alive. 


 

Фотаздымкі

Каментары

Белахвост, без абід, але твой рэпартаж у конкурсныя ніяк ужо не трапіць. Але пачытаць і паглядзець здымкі будзе цікава - выкладвай!

 А я і не прэтэндаваў на конкурс. Па-першае нікога тут ужо не перамагчы, а па-другое, я б яго і так зняў на карысць Юркі. :-)

 Гэта такі сорт, дарэчы ў Дзівіне вырас, мы і чырвоныя і жоўтыя елі. І яшчэ, можа гэта і не значна, але ў маем папярэднім каментары не правільна растаўлены прыярытэты ( я пра па-першае і па-другое).

:-)