Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Дразды-піскуны: апошняя рабіна. Частка І

дрозд-піскун

Амаль у абед я выйшаў з хаты, каб схадзіць у краму на плошчы. Але калі зайшоў за суседні дом, убачыў нештодзённую карціну: на самых высокіх дрэвах, старых грушах і бярозе сядзелі дзесяткі драздоў-піскуноў (Turdus pilaris)! Я хутка вярнуўся дахаты за фоцікам і здагадваўся ў чым прычына такога збору птушак у гэтым месцы. Недалёка ад старога маста і стаянкі, паблізу рухлівага скрыжавання, растуць тры рабіны. Адна з іх, бліжэйшая да дарогі і далейшая ад дамоў, паступова страціла усе свае ягады - перад адлётам на начлег на яе рэгулярна прыляталі гракі, вароны і каўкі і стараліся абарваць за некалькі секунд што можна з даволі багатага ўраджаю. Так што ўжо ў студзені ягад на ёй не засталося. Пасля гэтага прыйшла чарга на наступнае, больш цэнтральнае дрэва, дзе паступова (магчыма і драздамі) таксама ўсе ягады былі з'едзены. І ў рэшце рэшт засталося самае блізкае да дамоў дрэва, усё яшчэ ўсыпанае ягадамі - хутчэй за ўсё птушкі чакалі магчымасці цяпер 'ачысціць' і яго. 

Час ад часу нехта з драздоў адлятаў, але на іх месца прыляталі іншыя і іх прыкладная агульная колькасць змянялася слаба.

То паціху, то мацней падаў снег і птушкі выглядалі вельмі па-зімоваму.

Я пайшоў за наступныя дамы, каб пацвердзіць сваю здагадку, але на месцы адгадка была адрэдагаваная нечаканымі абставінамі. На стаянцы і навокал, паміж дамамі, працавалі трое дворнікаў, прычым двое з іх падмяталі апалую рабіну разам з рэшткамі солі на ходніку. Адбывалася гэта непасрэдна пад патрэбным драздам дрэвам, нешматлікія з іх адважваліся нават прысесці на вяршаліну, але зляцець ніжэй, да ягад - і дворнікаў - ужо было б геройствам. А нават галодныя птушкі не хацелі так рызыкаваць.  

Я вырашыў, што спачатку ўсё ж схажу ў краму,  а на адваротным шляху пагляжу на падзеі і можа нешта здыму. І гэта было правільнае рашэнне - калі праз хвілін 15 я зноў быў на месцы, дворнікаў ужо не было і дразды пачалі прылятаць 'на абед' невялікімі групамі. Спачатку сядалі на вяршаліну рабіны, а потым даволі хутка спускаліся да ягад. Пасля таго, як праглыналі максімальную іх колькасць (каля дзесятка), адляталі, а на іх месца прыляталі ўсё новыя і новыя птушкі..

Працяг будзе

Гродна, 11-02-2025

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі