Нічым дзіўным не з'яўляецца тое, што ў як мінімум некаторых нашых вераб'іных птушак маладыя мінулагоднія самцы - без характэрнай для віду дарослай афарбоўкі - могуць спяваць "дарослыя" песні.
Звычайны чаромашнік (Carpodacus erythrinus) - не выключэнне. Але для чаго яны гэта робяць? Ці самкі дзякуючы толькі спевам могуць з імі гнездаваць? Ці гэта проста трэніроўка канкурэнцыі з дарослымі і больш дасведчанымі самцамі без асаблівых (сур'ёзных) намераў і праверка сваіх здольнасцяў на наступны сезон? А можа падобнаму самцу лягчэй падабрацца да чужой (дарослай) самкі, але навошта тады спяваць і выдаваць сваю прысутнасць побач?
Адказаў на падобныя пытанні я не бачыў - магчыма, іх яшчэ не існуе.
На нізінным балоце Грайна (ТВП і заказнік "Гродзенская Свіслач") чаромашнікі - параўнальна звычайны від. І вось суседзямі тут апынуліся і спявалі, час ад часу недалёка пералятаючы, мінулагодні і ўжо дарослы самец - часам іх чутно на відэа ў прамежках паміж песнямі галоўных герояў.
Зразумела, што дарослы самец не можа заставіць выклік-песню іншага самца без адказу і павінен праспяваць у адказ. А ці ведае ён, што гэта яшчэ афарбаваная як самка моладзь?
17-06-2019, Бераставіцкі раён.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ