У апошнія гады вялікія белыя чаплі (Egretta alba) на розных вадаёмах і вадацёках у розных гарадах ужо амаль не здзіўляюць, прычым некаторыя з іх нават застаюцца ў такіх месцах зімаваць. Але напэўна найпрасцей іх сустрэць у нас у нарадзкіх умовах на прыканцы лета, калі рэкі мялець, малькі падрастаюць і гэтая камбінацыя павялічвае не толькі колькасць месцаў, дзе варта паляваць на іх, але і поспех падобных паляванняў.
Сёлета вялікая мялізна пасярод Нёмана пад замкамі паказалася дзякуючы расліннасці на ёй параўнальна позна. Спачатку ёй пачалі карыстацца для харчавання і адпачынку качкі-крыжанкі, і вось учора прыляцела туды і вялікая белая чапля.
Цікава, што часам чаплі неяк смешна нахіляюць галаву моцна ўбок на прамой і доўгай шыі і ўглядаюцца ў ваду у такой, здаецца, нязручнай пазіцыі, а часам яшчэ і рухаюцца так наперад. Справа тут, хутчэй за ўсё ў тым, што часцей за ўсё адлегласць, з якой чапля хацела б атакаваць здабычу (часцей маленькіх ці невялікіх рыб) - гэта кампраміс паміж яе жаданнем падабрацца як мага бліжэй і здольнасцю здабачы своечасова заўважыць падазроныя рухі ці цені над вадой і магчымасцю схавацца.
Таму доўгія ногі і шыя даюць магчымасць яшчэ здалёк заўважыць патэнцыйную здабычу, але далей важна старацца ўвесь час да моманту ўдара доўгай дзюбай трымаць абраную да нападу рыбку ў полі зроку. Бо толькі так, не мяняючы аб'ект нападу без неабходнасці, можна добра ацаніць свае шанцы на поспех і падрыхтавацца да атакі. Аднак і рыбка ж не стаіць на адным месцы нерухома - можа спецыяльна ці выпадкова хавацца ад позірку чаплі за падводныя часткі раслін ці камяні. Таму магчымасць не перамяшчаючы ногі і цела ўсё яшчэ сачыць за ёй з адлегласці - адна з супер-здольнасцяў чаплі, аснова якой - доўгая шыя, якая можа адносіць галаву з вачыма ў патрэбнае ў дадзены момант месца.
Праўда у гэты раз гэтая здольнасць не вельмі дапамагла чаплі, бо рыбу яна злавіла толькі раз (на апошнім здымку яна яе праглынае) і яшчэ да таго, як пачала ўзірацца ў ваду збоку, і я прапусціў гэты момант.
Ды і скончылася паляванне не зусім звычайна - прыкладна ў 10 метрах ад птушкі на вялікай хуткасці праплыў прагулачны кацер, але яна не ўзляцела. І я ўжо думаў, што і яго хуткае вяртанне не змусіць чаплю перабрацца на іншае месца. Але тут я памыліўся - на другі раз яна здалася і адляцела ўніз па плыні ракі.
Гродна, 21-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ