Заканчэнне. Пачатак і працяг гісторыі ТУТ і ТУТ.
Вельмі магчыма, што высокая, старая і багатая ўраджаем груша ў суседняга з нашым дома прыцягвала шпакоў (Sturnus vulgaris) і раней, але я заўважыў іх, а насамрэч спачатку пачуў толькі пасля таго, як адзначыў птушак на грушах у іншых месцах.
Метраў за 100 я ўжо не сумняваўся каго ўбачу і дзе калі завярну ў праход паміж суседнімі дамамі. Так і атрымалася - дзесяткі шпакоў сядзелі, пераляталі з галіны на галіну і некаторыя спрабавалі прагнаць іншых з ужо пачатых груш:
Хаця груш на дрэве было вельмі многа, але і шпакоў нямала. І таму шум ад іх спрэчак і сапраўдных боек не змаўкаў, здаецца, ні на секунду. І калі я прыгледзеўся да таго, у якіх месцах адбываліся самыя жорсткія сутычкі, то раптам зразумеў іх прычыну. Аказалася, што толькі вельмі невялікая частка пладоў была ўжо часткова з'едзена птушкамі і менавіта за іх і біліся шпакі. Хутчэй за ўсё ў гэтага сорту груш была тоўстая і моцная скурка і таму разадраць яе так, каб мець доступ да непасрэдна мякаці было нялёгка і патрабавала часу. А вось на ўжо пачатых іншымі грушах трэба было толькі прагнаць канкурэнтаў, чым большасць шпакоў і займалася з пераменным поспехам.
Аднак шумны пір працягваўся нядоўга. Хвілін праз 5 прыкладна палова шпакоў адляцела, а яшчэ праз некалькі секунд і другая. І зноў птушак аказалася нашмат больш, чым я думаў калі бачыў іх на дрэве - усяго каля 250, прычым усе былі светла-карычневыя, маладыя. А на дрэве і пад ім засталіся сляды іх дзейнасці ў выглядзе недаедзеных пладоў.
Гродна, 16-07-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ