Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Сойкі, жалуды і схованкі. Частка ІV

сойка

Працяг, пачатак тут: частка І, частка ІІ і частка ІІІ

Дзе сойкі (Garrulus glandarius) хаваюць жалуды, якія яны прылятаюць збіраць пад пяцёркай дубоў у скверыку на супрацьлеглым беразе Нёмана, доўгі час заставалася для мяне загадкай. Да таго я толькі аднойчы выпадкова бачыў ‘працэс закладкі’ жалуда ў схованку і толькі аднойчы, вясной, як сойка жолуд са схованкі (зусім іншай) даставала.

Месцы гэтыя былі нічым асаблівым не адметныя (як мінімум для мяне), акрамя таго, што дзесяткі метраў навокал не было дубоў і сойкі павінны былі праляцець гэтыя дзесяткі – або сотні – метраў, каб прынесці туды жолуд. Нядаўна брат звярнуў маю ўвагу на, здаецца, банальную думку пра соек і іх схованкі: гэтым ёсць сэнс займацца толькі тым птушкам, якія застаюцца тут зімаваць. Бо тыя, якія адлятаюць, наўрацці змогуць сваімі схаванымі тут жалудамі скарыстацца.

А калі разважаць дзе могуць знаходзіцца схованкі мясцовых (як мінімум на зіму) птушак, наўрацці гэта будуць толькі іх зімовыя тэрыторыі (тым больш – наўрацці толькі гнездавыя). Бо ўзімку няма асаблівага сэнсу ахоўвываць вялікія па плошчы мясціны ад іншых соек – патраціш больш энергіі і часу на патруляванне і на сутычкі-пагоні, чым атрымаеш ад гэтага карысці. Калі іншыя сойкі і змогуць знайсці нейкія ‘твае’ жалуды, гэта будуць адзінкі. І калі запасы зроблены дастаткова вялікія, то і шкадаваць пра гэта не мае сэнсу. Таму я думаю, што розныя птушкі могуць рабіць схованкі на той самай тэрыторыі і наўрацці гэта перашкаджае адна адной. Але як насамрэч - не ведаю.

І вось мне на працягу прыкладна паўгадзіны двойчы пашанцавала ўбачыць і сфатаграфаваць, як сойка (не ведаю, ці гэта была тая самая, ці розныя птушкі) робіць схованкі жалудоў! Прычым не абы дзе, а прыкладна ў 15-20 метрах ад 'размаху галінаў' скрайніх дубоў. Там растуць невысокія маладыя таполі, дубовае лісце туды не далятае і таму наўрацці нехта - акрамя птушкі, якая 'закладку' жалудоў зрабіла - будзе там тыя жалуды шукаць. Першае месца было у траве паміж дрэўцамі, а другое у аснаванні таполі.

Гродна, 14-10-2022

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Працяг будзе