Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця ў параўнанні з двума мінулымі гадамі (2022 і 2023) час пачатку спажывання жалудоў вялікімі галубамі (Columba palumbus) практычна не змяніўся і сёлета - яно пачалося з пачаткам кастрычніка. Але здзівілі дубы ў скверыку, пад якімі гэта адбывалася і тады, і цяпер. Бо як мінімум трэці год запар пад імі поўна жалудоў, а паводле агульнапрынятай тэорыі дубы `маюць` ўраджайныя гады з перапынкам у 2-3 гады. Магчыма, штоў нашых лясах так і адбываецца, а тое, што я - і галубы ды іншыя птушкі - назіраем у скверыку проста выключэнне з правіла.
Сёлетнія назіранні пацвердзілі мінулагоднія ў тым, што галубы вельмі, ці нават 'занадта' пераборлівыя. Гэта значыць, што звычайна яны не зразумелым мне чынам вызначаюць жалуды якія можна і не варта праглынуць, трымаючы іх па 1-2 разы (а часам і нкалькі разоў!) долі секунды ў дзюбе:
І часам такіх 'невартых' да з'ядання жалудоў бывае некалькі перш, чым птушка знойдзе 1-2 'вартых'. Але бывае, што апошнія знаходзяцца адзін за адным і максімум праглынання, які я бачыў, за раз склаў 6 жалудоў.
Галубы перад тым, як сесці пад дубы звычайна паводзяць сябе вельмі асцярожна і як мінімум па некалькі хвілін ацэньваюць сытуацыю навокал, седзячы і на саміх дубах, якія ў скверыку размешчаны даволі кампактнай пяцёркай у адным месцы, і у некалькіх метрах далей. А потым даволі хутка апускаюцца і выбіраюць жалуды або аднаасобна, або ў групках і сёлета я адзначыў міні-рэкорд нават у 7 птушак.
Хаця на зямлі яны пачуваюцца ўжо ольш упэўнена і калі не рабіць рэзкіх рухаў, падыходзяць нават на некалькі метраў, аднак іншыя птушкі, найперш вароны, але часам і гракі могуць спецыяльна старацца прагнаць галубоў з-пад дубоў, бо зайдросцяць ім ежы)
Як і ва ўсіх галубоў, у вялікіх ёсць два тыпы 'адлёту' - ціхі і з адмыслова гучным хлопаннем крыламі. Калі адбываецца першы, птушкі могуць зноў чакаць на змену абстаноўкі побач і вярнуцца за новай порцыяй жалудоў. Але калі небяспека ацэньваецца імі як вельмі сур'ёзная, яны адлятаюць, папярэджваючы пра яе суродзічаў і ўсіх навокал і звычайна адлятаюць далёка і надоўга.
05-12.10.2024, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ