Гэта быў выдатны, сонечны жнівенскі дзень. З высокага берага Нёмана я здымаў чапляў на рацэ і раптам ззаду, зусім недалёка пачуў амаль ужо забытыя крыкі галодных птушанят вясковай ластаўкі (Hirundo rustica)!
Я павярнуў голаву і сапраўды, на правадах сядзелі двое птушанят з кароткімі хвосцікамі і прасілі есці ў трэцяга) Так у іх бывае: галодныя птушаняты рэагуюць на любую ластаўку, якая пралятае побач з імі, тым больш, якая ляціць 'да іх' і сядае побач. Зразумела, што трэцяе птушанё нічым не падзялілася, а толькі прысела адпачнуць. І аказалася, што і іншыя вясковыя ластаўкі (і адна гарадзкая) раптам таксама захацелі пасядзець на тых самых правадах у адной кампаніі і хутка лічба птушак побач з галоднай моладдзю дасягнула тузіна.
Усе яны займаліся сваімі справамі - чысціліся, расцягвалі ногі-крылы ці проста адпачывалі. І хаця маладыя ластаўкі час ад часу ізноў выпрошвалі ежу з надзеяй, што новапрыбылыя прыляцелі для таго, каб пакарміць іх, ніхто на гэта не звяртаў увагі.
Прыкладна праз 20 хвілін птушкі пачалі разлятацца і засталася толькі тая галодная моладзь, якая прыляцела туды першай. А яшчэ праз хвіліну прыляцеў і бацька з ежай і нарэшце пакарміў сваіх нашчадкаў. Хутка пасля гэтага раздаўся кароткі крык-папярэджанне пра небяспеку і правады за мной зусім апусцелі...
Да канца жніўня яшчэ заставаліся тры дні, але я выразна адчуў, што лета скончылася.
Гродна, 28-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ