Хаця пасля вылету з гнязда маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) ужо даволі няблага лятаюць, аднак іх яшчэ некалькі дзён працягваюць карміць бацькі і першыя 3-4 дні робяць гэта не ў паветры, як пазней, а калі злёткі сядзяць на нейкай прысадзе. Што і магчыма чаму выбірае моладзь ластавак, каб чакаць ежу ад бацькоў, я падрабязна пісаў ТУТ. Але ў гэты своеасаблівы агляд не трапіла самая надзейная і зручная прысада як для маладых птушак, так і для дарослых - агароджа набярэжнай.
Вядома, што ў любой прысады ёсць свае плюсы, і свае мінусы. І плюсаў у металічнай агароджы шмат: яна стаіць у патрэбным ластаўкам месцы - паміж іх былымі гнёздамі і ракой на беразе. Тут шмат насякомых розных памераў, а значыць іх не толькі там лёгка налавіць, але і не трэба далёка насіць птушанятам. Агароджа адкрытая з усіх бакоў і забяспечвае добры агляд, дзякуючы якому не толькі лёгка загадзя ўбачыць патэнцыйныя небяспекі і адляцець у любым кірунку, але і бацькі здалёк бачаць дзе іх чакаюць патомкі. Поручні агароджы не качае вецер, яны устойлівыя і параўнальна шырокія, таму на іх зручна сядзець. Яны цягнуцца ўздоўж берага на вялікую адлегласць, таму можна выбраць адпаведнае месца дзе сядзець на іх нават вялкай колькасці ластавак.
І як аказалася дзякуючы назіранням за гэтым вывадкам, на поручнях агароджы дарослыя могуць перадаваць ежу моладзі з дзюбы ў дзюбу не ў паветры, а седзячы побач! Гэта можа быць асабліва важна ў першыя гадзіны пасля вылету маладых птушак з гнязда, калі яны яшчэ не вельмі добра разумеюць як адбываецца перадача камяка насякомых ад бацькоў ім менавіта з паветра. Ну і нечаканым для мяне стала тое, што некаторыя бацькі могуць седзячы на поручні настойліва, раз за разам прапаноўвываць узяць ежу нават тым птушанятам, якія ў гэты момант па нейкіх прычынах не гатовы да гэтага - гл. апошнія здымкі)
На жаль, мінусы ў такой зручнай прысады таксама ёсць,. Іх два, і яны звязаныя адзін з адным: агароджа невысокая і адгарожвае шырокі ходнік = набярэжную, ад непасрэдна берага і вады. Таму тут быае шмат пешаходаў і раварыстаў = людзей. І дарослым птушкам час ад часу ў першыя дні трэба трывожна крычаць пры набліжэнні да птушанят любога чалавека, а потым моладзь і сама ведае, што трэба зляцець і сесці на поручань зноў толькі калі небяспека міне.
І вось зусім нечакана для мяне каля тыдня таму, на прыканцы ліпеня, гэтую праблему арыгінальна вырашыў другі ў гэтым сезоне вывадак з 5 маладых ластавак. Яны нядаўна выляцелі з гнязда і ў якасці прысады выбралі агароджу набярэжнай. Але не зусім яе, а поручні лесвіцы, якая вядзе з набярэжнай да вады. Поручні лесвіцы заканчаюцца прыкладна ў 5-6 метрах і знаходзяцца там ніжэй прыкладна на метр за ўзровень ходніка. Дзякуючы такому распалажэнню, на ластавак там не звярталі ўвагі людзі, праходзілі яны на бяспечнай ад птушанят адлегласці і таму ластаўкам не прыходзілася раз за разам узлятаць. Так птушкі і сядзелі там як мінімум двое першых сутак і яшчэ наступную раніцу - я бачыў іх штораз на тым самым месцы зранку і ўвечары, ды і на карысць іх добрага выбару прысады сведчылі шматлікія белыя сляды ад памёта)
Ну а потым неабходнасць у падобнай прысадзе для птушанят пэўна знікла і яны пачалі лятаць насустрач ці за бацькамі, каб атрымаць порцыю ежы ў паветры.
Гродна, 20-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ