Грычуны забіваюць вялікую здабычу, выкарыстоўваючы яе вагу

Грычуны - своеасаблівая група вераб'іных птушак, якія не гледзячы на свае невялікія памеры, могуць паспяхова паляваць на параўнальна вялікую жывую здабычу. Аднак у адрозненне ад іншых птушак - спецыялістаў у такой справе - сокалападобных і соваў, грычуны навучыліся забіваць сваіх ахвяр інакш. Як - правяралі даследчыкі на амерыканскіх грычунах (Lanius ludovicianus).

Хаця грычуны і маюць кручкападобную моцную дзюбу, яны не могуць утрымаць вялікую здабычу ў лапах, бо не маюць вялікіх вострых і загнутых кіпцюроў. Таму практычна ўсе віды час ад часу карыстаюцца з "дапамогі" калючых дрэваў ці кустоў і насаджваюць грызуноў, птушак або яшчарак на моцныя іголкі, каб мець магчымасць разарваць іх на кавалкі. 
Аднак перш чым разарваць здабычу, трэба яе забіць. І вось навукоўцы з Інстытуту прыродаахоўных даследаванняў заапарку Сан Дыега (ЗША) праверылі свае здагадкі на 37 амерыканскіх грычунах, якія на каліфарнійскім востраве San Clemente здымалі паляванне грычуноў спецыяльнай відэа-камерай, каб потым паглядзець у запаволеным рэжыме працэс забівання ахвяраў. У 28 выпадках, калі грычуны злавілі дамовых мышэй і іншую здабычу падобнага памеру, птушкі трымалі яе дзюбай за галаву і трэслі або круцілі так, каб зламаць шыю. 

"Мы ведалі, што яны могуць забіваць здзіўляюча вялікіх жывёл параўнальна іх памерам, аднак мы не ведалі як дакладна яны іх забіваюць" - сказаў д-р Дыега Сустаіта (Dr Diego Sustaita), галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання.

"Нас здзівіла, як грычуны могуць трэсці параўнальна вялікую здабычу. У выніку перагрузкі, якія ствараюцца паскарэннем пад час руху цела ахвяраў, дасягаюць для іх нават 6g. Спінны мозг разрываецца ў раёне шыйных пазванкоў і ахвяра памірае" - працягвае д-р Сустаіта.
Хутчэй за ўсё, падобным метадам забіваюць вялікую здабычу і іншыя віды грычуноў.

Крыніца:
 Come on baby, let's do the twist: the kinematics of killing in loggerhead shrikes, Biology Letters, rsbl.royalsocietypublishing.or … .1098/rsbl.2018.0321

Паводле www.phys.org (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі


На гэтую тэму:

Чаму грычуны падобныя да Zorro?

Новы від грычуноў апісаны ў Афрыцы

Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!

 

Comments

Многія птушкі робяць гэтак сама. Куры, напрыклад, злавіўшы жабку ці буйное насякомае, трасуць галавой, а таксама б'юць ахвяру аб зямлю. Сівагракі робяць падобным чынам. Гэтае трусенне здабычай у паветры вельмі падобнае па механіцы на удары здабычай аб галінку ў зімародкаў і пчалаедаў. Цікавае адкрыццё, адным словам, але нічога дзіўнага. =)