Добра вядома, што жыццё ў горадзе хаця і мае свае перавагі для птушак, таксама хавае і нямала небяспек. Таму час ад часу, асабліва зараз - калі птушаняты ў многіх відаў выпрыгваюць з гнёздаў і сутыкаюцца з праблемамі, мы актыўна ўзаемадзейнічаем з працаўнікамі МНС.
Неабыякавыя людзі тэлефануюць у службу ратавання пра праблемы птушак або з птушкамі, а там ужо даюць мой нумар і я тлумачу што лепш рабіць або не рабіць, або еду і дапамагаю на месцы. Але бываюць і такія сытуацыі, калі без дапамогі МНС не абыйсціся - як і атрымалася ў гэтым выпадку.
Учора ўвечары прыхажане і настаяцелі праваслаўнага сабору ў цэнтры Гродна звярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны самкі качкі-крыжанкі (Anas platyrchynchos) - яна бегала недалёка ад увахода ў царкву і нават па дарозе побач і час ад часу пакрыквала - яўна хацела звярнуць увагу людзей на нейкую сваю праблему. Зранку ўсё працягнулася і праблему зразумелі, прыставіўшы лесвіцу да дупла ў ліпе каля агароджы храма. У ім аказаліся качаняты, якія самі выбрацца з дупла не маглі - яно было глыбокае, а самка клікала іх знізу выпрыгваць калі побач не было людзей.
Калі я прыехаў паглядзець на сытуацыю сваімі вачыма, стала зразумела, што час мінае не на карысць птушак: у дупле было 4 качанят, 4 яек (яўна не заплодненых) і самкі побач было не бачна. Справа ў тым, што самка ў любы момант магла змяніць паводзіны, перастаць цікавіцца малымі і адляцець на недалёкую тут рэчку Гараднічанку. А тады, калі б мы нават дасталі б малых з дупла, што далей рабіць з імі было б незразумела.
Дупло было глыбокім - рукой птушанят было не дастаць, а калі мы з працаўніком сабору зрабілі падоўжаны чаранком ад лапаты палоўнік і я паспрабаваў іх вылавіць такім чынам, то аказалася, што дупло ўнізе пашырэнае і качаняты проста хаваліся там калі бачылі палоўнік побач.
Таму вырашылі прасіць дапамогу МНС - найпрасцей нам падавалася зрабіць выпіл у дупле, каб усё ж дастаць качанят рукой. Аднак не гледзячы на атрыманыя дазволы ад Мінпрыроды і Зеленбуду, распіл не спатрэбіўся - тым самым апалоўнікам на падоўжанай ручцы ратавальнікі спачатку дасталі яйкі, а потым і птушанят.
Як раз прыляцела і зноў пачала з непакоем бегаць у некалькіх метрах ад нас самка і сустрэча з першымі двума патомкамі адбылася вельмі своечасова:
Зразумела, што качка павяла дваіх качанят да рэчкі і не стала чакаць на ўсіх, таму, калі атрымалася дастаць і двух пазасталых з дупла, заставалася сумненне - ці знойдзем мы яе з малымі на Гараднічанцы?
Але ўсё атрымалася як мага лепей - з дапамогай прыхажан храма я спусціўся па стромаму берагу да ракі, дзе яны знайшлі "нашу" самку і выпусціў малых на воду ў некалькіх метрах ад яе. Праз некалькі секунд сям'я ў'зядналася.
Дзякуй усім неабыякавым людзям і найперш ратавальнікам з МНС, якія зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы птушкам.
Дзьмітры Вінчэўскі,
здымкі і відэа аўтара
На гэтую тэму:
Як вялікія савукі загнездавалі ў цэнтры Гродна і што з гэтага атрымалася + VIDEO
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 30.06.2020 - 19:04
а что в яйцах было? может…
а что в яйцах было? может зря достали?
Harrier - 30.06.2020 - 20:26
In reply to а что в яйцах было? может… by AV
Самі яны б не вылезлі. Тым…
Самі яны б не вылезлі. Тым больш, што самка з папярэдняга вечара не сядзела ў дупле і звала малых выпрыгваць, а потым адлятала і прылятала, турбуючыся.