Дакументацыйныя здымкі
Мы з братам прыехалі на балота як раз у час, каб паназіраць за захадам сонца і тымі птушкамі, якія злятаюцца туды на начлег. Спачатку на вадзе нікога, апроч лебедзяў-шыпуноў, вялкіх коўраў і часам лысак не было, але гэта пачало хутка змяняцца як сонца пачало сядаць за пагоркі з лесам.
У паветры над вадой балота і поймай рэчкі Свіслач пачалі пралятаць вялікія групы-чародкі шпакоў (Sturnus vulgaris), якія змянялі абрысы сваіх птушыных аблокаў і то прападалі, то з'яўляліся зноў. І вось даволі раптоўна гэтыя аблокі і воблачкі шпакоў аб'ядналіся ў адно вялізнае, якое хутка і прыгожа змяняла форму і як бы перацякала з адной у другую і наступныя, часам распадалася на 2-3 меншага памеру і зноў аб'ядноўвалася.
Гэта была мурмурацыя, якую я ўпершыню бачыў на свае вочы і адбывалася яна не проста так - шпакоў зверху і збоку атакавалі 2 ці 3 драпежныя птушкі, але кожны раз, часцей у апошні момант, бліжэйшыя да драпежніка птушкі ўварачваліся ад небяспекі і гэтае неверагоднае відовішча працягвалася. Але праз хвіліны 3-4 усё раптам скончылася таксама нечакана, як і пачалося. Від(ы) драпежных птушак з-за вялікай адлегласці і недахопу святла вызначыць не атрымалася, .падалося толькі што прынамсі адна з птушак была шуляком, а іншая - сокалам, але гэта няпэўна. Ну і агульную колькасць шпакоў я ацаніў на максімуме ў 3-4 тысячы птушак.
Не так даўно навукоўцы знайшлі, што каб адбываліся такія і падобныя суладныя палёты вялікай па колькасці птушак, кожнай з іх дастаткова сачыць і адпаведна рэагаваць на 7 бліжэйшых суседзяў. Я ведаў пра гэта, але назіраць за гэтым неверагодным прыродным спектаклем ад гэтага не стала менш цікава.
Балота Грайна, Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны, 29-03-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 01.04.2025 - 18:47
Захапляльныя відовішчы шпакі…
Захапляльныя відовішчы шпакі выдаюць часам