З 'нашых' відаў птушак я толькі ў звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus) і рудахвосткі-чарнушкі (Ph. ochruros) помню, што птушаняты рэзка, гучна і непрыемна высока скрыпяць калі бачаць бацькоў з ежай або думаюць, што бацькі з ежай. Таму даведацца, што малыя выляцелі не так і цяжка - трэба апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы і акрамя голасу непакою самца або самкі пачуць яшчэ і гэтае характэрнае рыпенне.)
З-за таго, што птушаняты рудахвостак адразу пасля вылету параўнальна добра лятаюць, могуць не сядзець разам і выбіраюць для схованак даволі разнастайныя месцы, каб іх убачыць, патрэбна цярплівасць і троху ўдачы. Гэта быў не самы ранні вывадак звычайных рудахвостак, які я пачуў сёлета, але чакаць, каб убачыць першы, у мяне не было часу. А з гэтым нечакана пашанцавала і адно з птушанят раптам выляцела з густога дрэва на схіле да ракі і села зусім адкрыта. Але толькі на некалькі секунд і потым зноў знікла недзе сярод лістоты.
Самку я так і не ўбачыў, а вось самец даволі рэгулярна лавіў насякомых, здаецца ў асноўным у скошанай траве, якіх выглядваў з невысокіх галін дрэваў і адносіў сваім рыпучым патомкам.
Гродна, 07-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 15.07.2025 - 09:55
Цярплівасць (уласцівая ўсім…
Цярплівасць (уласцівая ўсім натуралістам), і поспех - заўсёды дае дзіўныя вынікі. Вось і вам удалася зняць птушаня (лепшае фота) і ўсю сям'ю рудахвосткі.